З верагоднасцю знікнення праблем не было. 100% выдала ЭВМ. А на верагоднасці з’яўлення загрузла. Нічога не выдала. Колькі ні спрабаваў Віктар нешта з яе выціснуць, кожны раз яна знаходзіла памылку ў заданні. "І што гэта значыць?" - спытаў Марат. - "Машына слабая". - "Не. Гэта значыць, што верагоднасць нашага з’яўлення ў свеце такая, што мы не павінны былі ў ім з’явіцца. Машына не ўяўляе колькасці супадзенняў, якія мусілі быць, каб ты ці я з’явіліся. Бо гэта цуд, а які можа быць цуд для машыны? Яго не можа быць. Таму для машыны нас няма. А для Бога мы ёсць. Разумееш?.. "
Ён зразумеў. І не стаў пытаць Марата, чаму той даў яму некарэктнае заданне.
Пасля яны пасябравалі. "Глядзі: выйграў чалавек у латарэю тры рублі,- часцяком казаў Марат. - І шчаслівы да смерці. Пайшоў, прапіў, прагуляў, прасвістаў. А праз жыццё, якое выйграў у Бога, як бы ніякага яму шчасця. На неверагодны цуд яму напляваць. Займеў, прапіў, прагуляў, прасвістаў. Вось у чым жах чалавечага быцця! А не ў Пампеі ці Армагедоне!.."
Марат вершы пісаў. Калі прыдумаў вершаскладальную праграму для машыны, і яна напісала санэт - перастаў вершы пісаць. Сказаў: "Жыццё - жанр дакументальны".
Патэлефанаваць трэба: як ён? Па чутках, сабраўся за мяжу. Выступаючы на агульным сходзе Акадэміі навук, сказаў, што адна з уласцівасцяў любой эфектыўнай сістэмы - імкненне да кампактнасці. Чым яна менш грувасткая, тым больш эфектыўная. Гэта адносіцца да ўсіх сістэм. І тэхнічных, як сістэма ЭВМ, і гуманітарных, як сістэма кіравання. Якраз гэтая сістэма ў нас грувасткая і неэфектыўная.
Ён не сказаў, якую сістэму меў на ўвазе, але ў даносе напісалі, што савецкую, і Марата папёрлі з Акадэміі. Ён псіхануў, вырашыў з’ехаць. "Хоць куды, абы адсюль". Яго доўга не выпускалі, бо меў доступ да нейкіх сакрэтаў, але сакрэты, відаць, былі не надта вялікія - і ўрэшце яму далі дазвол на выезд.
Хоць куды, абы адсюль.
Зноў тэлефон.
Зняў слухаўку - цяпер ужо ўсё адно. У ЦК ведаюць, дык не схаваешся.
"Ты ў Мінску? - не вітаючыся, спытаў Барада. - Ведаеш, што даведнік купалаўскі надумалі выдаць? У рэдакцыі энцыклапедыі абмяркоўвалі канцэпцыю. І ўзнікла пытанне смерці. Яны хочуць, каб ніхто Купалу не забіваў. Каб ён напіўся і зваліўся. Таму абавязкова сёння прыйдзі. Трэба выступіць. - І Барада, ужо кладучы трубку, Віктар не раз быў сведкам таго, як ён гэта робіць, паказваючы дулю ў слухаўку, пацікавіўся. - Як ты ўвогуле? Бачыў цябе па тэлевізары. Касцюм файны".
Касцюм файны… Так яно і пойдзе. "А што яшчэ табе далі?.. Кашулю?.. Чаравікі?.. "
"Надзеўшы белую кашулю з цёмна-чырвонымі агатавымі запінкамі, ён апрануў цёмна-карычневы, тонкага сукна ангельскі гарнітур, абуўся ў новыя, карычневыя на тонкай скураной падэшве чаравікі, павязаў светла-шэры з цёмна-чырвонай агатавай шпількай гальштук, сунуў у заднюю кішэню штаноў карычневую з чырвонай аблямоўкай насоўку, у левую ўнутраную кішэню пінжака - чорны скураны партманэт з пасведчаннем сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў і харчовымі карткамі на ліпень, у правую - яшчэ адзін скураны партманэт, нататнік з алоўкам у пазалочаным наканечніку, размеркаваў па бакавых кішэнях партабак з тытунем "Эліт", пушачку з папяроснай паперай, запальнічку, пачаты пачак ізафеніну і выправіўся ў Саюз савецкіх пісьменнікаў, каб паглядзець, як там яго будуць хаваць…" - адкуль гэта ў ягонай галаве? І словы, як камары ў цёмным лесе на сонечнай выжарыне, таўкуцца, таўкуцца, тоўпяцца… Яшчэ з дарогі, з цягніка, з бяссоннай ночы - праз енкі Крываноса.
"Пайшлі вы!.." - адкінуў ён запрашэнне. Але Бараду не адкінеш. Калі такіх, як Барада, адкідваць, хто тады застанецца? Сябры Саюза пісьменнікаў? Дэлегаты XXVI з’езда КПСС?..
Нікога. Як у Купалы, у якога былі ўсе - і нікога не было.
У гэтым праблема. Калі б яго не забілі, ён бы сам забіўся. І не было б праблемы ў рэдакцыі энцыклапедыі.
Трэба ў Дом літаратара ўсё ж пайсці. Тады падрыхтавацца трэба. Бо задзяўбуць.
Ён сеў да стала, узяў паперу, асадку… Абазначыць трэба самыя важныя моманты выступу.
Калі яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў, Барада на банкеце прамаўляў. "Віншую цябе з уступленнем у нашу дружную творчую сям’ю. Купі броне-камізэльку".
Барада ведаў, што казаў. Браты і сёстры па пяру ўмелі страляць. Нехта праз рэўнасць, праз зайздрасць, а нехта так… Бо патроны ёсць. Тым не менш ён і праўда адчуваў іх, як сям’ю. І любіў. Асабліва, калі яны выступалі. "Мы, нашчадкі вялікага Купалы…"
Пра ледакол напісаў - і нашчадак Купалы! А калі Купала вялікі, дык і нашчадак…
Чакай, ты чаго сам па сабе страляеш? Не страляй сам па сабе - знойдзецца каму. Браты і сёстры не ўсе патроны патрацілі.