– Як вы рабілі гэта раней?
– Алесь можа прымусіць казаць праўду. А я… Я чытаю думкі. Але гэта даволі бессэнсоўная здольнасць, ― абыякава, быццам нейкую нудоту, вымавіў Яр.
Даніл зноў адчуваў холад знутры. Толькі цяпер не было захаплення. Быў толькі страх.
– Чаму ж яна бессэнсоўная? ― прымусіўшы сябе супакоіцца, пацікавіўся юнак.
– Таму што драйвер не ўсталяваны. Я чую толькі беларускамоўных.
– Ты чытаў мае думкі, там, ля пад’езда? Ты сказаў: «Не рабі глупстваў».
– А ты збіраўся рабіць глупствы? ― Яр адарваўся ад дарогі, кпліва зірнуў на Даніла.
– Чаму Алесь не патэлефанаваў мне? Альбо чаму не прыехаў сам? Гэта праверка? Цябе падаслалі, каб праверыць, ці не хаваю я чагосьці? У сваіх думках, ― апошнія словы ён вымавіў падкрэслена здзекліва.
– Мяне ніхто не «падсылаў», ― спакойна адказаў Яраслаў. ― Я сам вырашыў цябе праверыць.
– І як я табе?
– Ды нармальна пакуль, ― абыякава паціснуў плячыма юнак.
Значыць, пашанцавала? Распытваць далей было б поўным дурноццем. Наўрад ці Яраслаў быў бы такі спакойны, калі б ведаў праўду.
Теперь нужно быть аккуратнее.
Цяжкі залаты пярсцёнак упаў на далонь.
Рака, неверагодна шырокая, але спакойная, годна несла хвалі ўдалеч. І хоць яна здавалася разы ў тры шырэйшай, чым ён бачыў яе апошні раз, Даніл ні з чым не змог бы пераблытаць гэты пагорак, дзе Палата сустракалася з Заходняй Дзвіной. Толькі белых стромкіх веж Сафіі за спінай не было.
Па Дзвіне ішлі караблі. Доўгія чаўны на вёслах, з гнутымі насамі, падобныя да дракараў. На вялізным дрэве ля самага схілу сядзела драпежная птушка, не зводзячы вачэй з гэтых караблёў. Нібы намагалася сваім вострым зрокам упільнаваць пагрозу.
На лапцы ў яе нешта бліснула. Даніл падышоў бліжэй, каб лепш разглядзець, і замёр у поўнай разгубленасці. Гэты пярсцёнак насіла… Птушка? Драпежнік працягла закрычаў ды сарваўся з галіны. Крылы хлопалі перад тварам. Ногі не слухаліся. Даніл сціснуўся ды зажмурыўся.
Праз хвіліну расплюшчыў вочы, аднак перад сабой убачыў толькі цемру. І два насцярожаныя зялёныя вокі.
Зрок паступова прызвычайваўся.
З ціхім, нават мяккім рыканнем да юнака набліжаўся вялізны чорны воўк. Даніл разгублена зрабіў крок назад.
Воўк падышоў зусім блізка. У вачах яго не было злосці.
Толькі бязмежнае веданне. У руку ткнулася халодная, вільготная, як у сабакі, пыса.
Хлапец адчуў гарачыню ікластай пашчы і цяжар пярсцёнка на далоні.
Ён глядзеў на пярсцёнак, не зводзячы вачэй, а наваколле паступова набывала звыклыя рысы.
– Што ты бачыў?
Даніл пакруціў галавой.
– Нейкі набор кадраў, ніяк між сабой не звязаных. І тым больш не звязаных з пярсцёнкам.
Алесь пераглянуўся з Ярам, які ўсё яшчэ стаяў за спінай Даніла.
– Ну, у Лікі таксама не атрымалася выклікаць прывід уладара, ― заўважыў той.
– Я пакуль пакіну яго ў Сховішчы…
Даніл ведаў, каго толькі што бачыў. Усяслаў Чарадзей ― істота магічная ва ўсіх сэнсах. Настолькі магічная, што з яго здольнасцямі адбылося нешта абсалютна невытлумачальнае. Мроі ніколі раней з ім не ўзаемадзейнічалі…
Няўжо чалавек можа ператварацца ў жывёлу? Калі так, чаму ён бачыў князя менавіта ў гэтым абліччы? Альбо гэта ўсяго толькі чарговы збой праграмы?
Незалежная Рэспубліка Мроя
Двойчы запар здольнасці здраджвалі яму. Усведамленне гэтага не проста палохала ― прымушала панікаваць. Хто ён без іх? Каму ён патрэбны?
Мабыць, праблема не ў здольнасцях, а ў гісторыі? Усё ж такі гэта было даўно. Мабыць, нешта зацёрлася, як на старым дыску? Мабыць, чалавечая свядомасць недастаткова дасканалая, каб правільна ўспрымаць гістарычныя падзеі?
Ісці да Эдуарда Львовіча расхацелася. Па-першае, ён не ведаў, калі пачаліся глюкі. Мабыць, на кватэры ў дзядзькі Ігната ён таксама бачыў няпраўду? Па-другое, нават калі тады здольнасці яшчэ працавалі слушна, дык цяпер дакладна не вельмі. А без іх ён Сістэме не патрэбны. Яго выкінуць, як зламаную ляльку. У лепшым выпадку.
Усё, што яму заставалася, ― праверыць здольнасці. Зазірнуць ва ўласнае мінулае. У тое, што ён бачыў на свае вочы. Фізічна гэта было лягчэй ― яго не муціла і не трэсла, калі ён вяртаўся. Але маральна…
Ён сканцэнтравана аглядаў пакой. Трэба было абраць нешта, што мела для яго значнасць, што паўплывала на лёс, ― шараговая рэч не падыдзе. Ён не адрозніў бы праўду ад скажэння, калі б глядзеў, як учора гатаваў яечню. Бо ён не памятаў такіх дробязяў.
Дыск бліснуў адлюстраваннем лямпачкі. Юнак задумліва крутануў яго на пальцы. Тое, што трэба. Заціснуў паміж далоняў. Апошні раз, калі ён слухаў «N.R.M.»…