– Кажу вам яшчэ раз: гэты феномен нявытлумачаны. Аднак я думаю…
– Да как с вами разговаривать-то?! Интеллигенты хреновы. Феномен, говорит, «нявытлумачаны». Так вытлумачце! Это ваша работа, блин!
– Я думаю, гэта сапраўды мутацыя, ― так жа роўна працягнуў вучоны. ― Яўген называў гэта генам зямлі. Я называю генам крывіча. Тое ўсяго толькі назва ― у геноме мы зменаў так і не вынайшлі. Я не ведаю, у чым справа. Разумееце… Беларуская мова абуджае ў некаторых людзях нешта такое… Звышнатуральнае, калі хочаце. Цяпер, калі літаратараў і навукоўцаў не чуюць, а паўстанцаў душаць яшчэ ў калысках ― вы іх і душыце, ― цяпер наша краіна вынайшла іншы спосаб абараніць сябе. Гэта гучыць пафасна і наіўна, але… Я ў гэта веру.
– Это уже не наука, это уже религия какая-то. Секта, в самом деле. Ладно, допустим. А дочь твою мать-земля чего обделила?
– Так, відаць, склаўся лёс.
– А может, постарался не «лёс», а босс? Эксперименты на твоём чаде ставил?
– Яўген і пальцам Аленку не крануў.
– Да, врать-то ты даже себе не умеешь, ― спакойна, з усмешкай вымавіў мужчына, пляснуў далонню па стале: ― Где формула?!
Дзядзька Ігнат нервова ўціснуўся ў крэсла.
– Няма яе!
Мужчына задаволена хмыкнуў і сышоў. Ігнат даліў у чарку, выпіў. Паклаў галаву на спінку крэсла. І перастаў дыхаць.
Мужчына ў шэрым вярнуўся у кватэру хвілін праз дзесяць.
Праверыў пульс. Абмацаў вопратку, спіну памерлага, адхіліў абіўку крэсла. Выцягнуў адтуль зацёрты нататнік.
– Что ж вы всех за дураков-то держите, брате Игнате? Держали, то есть.
Даніл расплюшчыў вочы, адштурхнуўся ад труны, быццам убачыў у ёй нешта гідкае, згубіў раўнавагу і дакладна ўпаў бы, калі б Алесь у час не прытрымаў яго. Юнака калаціла, нібы ён выйшаў на мароз у вільготнай вопратцы. Ён глядзеў вакол, не разумеючы, дзе знаходзіцца. Яму патрэбны быў час, каб прыйсці ў сябе. Але Вацлава Яўгенавіча гэта мала хвалявала. Ён грубавата адсунуў сына ўбок, схапіў юнака за плечы, страсянуў.
– Шо ты ўбачыў?
– Яго атруцілі, ― крывячыся, адказаў Даніл.
– Не! ― захлынаючыся паветрам, вохнула Алена.
Алесь спачувальна зірнуў на яе, працягнуў руку, каб прытуліць да сябе. Яна адхіснулася.
– Чым? ― Вацлаў Яўгенавіч так сціснуў рукі, што Даніл зашыпеў ад болю.
На дзіва, гэта спрацавала працверажальна. Хлопец нарэшце перастаў трэсціся, сфакусіраваў позірк.
– Нешта было ў алкаголі.
– Не можа быць. Я вынес усё з хаты.
– Відаць, не ўсё, ― стомлена паціснуў плячыма юнак. ― Альбо гарэлку прынёс суразмоўнік.
Даніл акуратна падбіраў словы, нібы шукаў сярод багны цвёрдую глебу. Ён выглядаў разгубленым, нават спалоханым.
– Які суразмоўнік? Ты бачыў, хто атруціў?
– Вайсковец. У шэрым касцюме.
Алесь закусіў вусны. Ён прадчуваў, што без «С.О.Н.» тут не абышлося. Але да апошняга спадзяваўся, што трагедыю можна вытлумачыць неяк інакш.
– Гэта ўсё? А імя?
– Не ведаю.
– Што ён хацеў?
– Эм. Забіць? ― Даніл зусім разгубіўся.
– Мда, Алесь, малавата карысці ад тваіх пакемонаў, ― скептычна вымавіў Вацлаў Яўгенавіч, нарэшце адпусціўшы юнака.
Алесь паглядзеў на Даніка. Уважліва, цяжка. Нешта ён недагаворваў. Але паміж лабірынтаўцамі і бацькам Алесь заўсёды абіраў першых.
– Здольнасці ― справа непрадказальная, бацька.
– Не супраць, калі я выйду на вуліцу? ― Даніл няўпэўнена зірнуў на Алеся. ― Мне трэба паветра.
Алесь выйшаў услед за Данілам. Алена расплакалася канчаткова ― глядзець на гэта ён не мог, а дапамагчы яна б не дазволіла. На вуліцы пахла талым снегам. Вецер ператвараў лужыны ў неспакойныя акіяны. Па адной з іх, нібы адчайны сёрфер, бегаў дубовы лісток. Да апошняга трымаўся ― цяпер вось сарвала, калі ўжо набрынялі свежыя пупышкі. Мабыць, Беларусі надыходзіў час, як таму лістку, перастаць трымацца, саступіць месца новай культуры, новай нацыі?
– Ты не ўсё сказаў, праўда?
Даніл сядзеў на лаўцы ля пад’езда, разгублена разглядаючы ўласныя далоні, ціха вымавіў:
– Ён можа быць звязаны з гэтым усім, твой бацька. Алесь не быў здзіўлены. Бацька працаваў над даследаваннямі разам з дзядулем і Ігнатам. Ён, праўда, у адрозненне ад калег, шукаў не падставу з’яўлення здольнасцяў, а тое, як можна ад іх пазбавіцца. Як можна зрабіць сына нармальным. Ігнат жа, наадварот, хацеў, каб у дачкі здольнасці нарэшце з’явіліся. Яны часта спрачаліся з гэтай нагоды. Але ці мог бацька супрацоўнічаць з «С.О.Н.», вывесці іх на дзядзьку Ігната?
– Сябра ён бы не забіў, ― хутчэй сабе, чым Данілу, сказаў Алесь. ― Што хацеў ад Ігната мужчына ў шэрым?
Больш за ўсё Алесю хацелася выкінуць з пазла бацьку. Якімі б ні былі іх адносіны, ён любіў гэтага чалавека.