Выбрать главу

– Ён шукаў нататнік. З формулай. Я так зразумеў, гэта нейкая «вакцына беларускасці».

Алесь збялеў. Ён ніколі не чуў ад дзядулі нічога падобнага. Аднак хіба гэта аргумент? Стары мог схаваць ад унука інфармацыю, якая б пагражала ягонаму жыццю. Дык, можа, смерць дзеда і смерць Ігната звязаныя між сабой? Можа, бацька зведаў, што гэта ўсяго толькі «вакцына», для якой можна распрацаваць супрацьяддзе? Не, не трэба ўблытваць бацьку. Відаць, «С.О.Н.» проста дыхае ім у патыліцу.

– Дзядзька Ігнат яму не даў ніякага нататніка, праўда ж?

– Ён сам узяў, ― яўна не разумеючы ўсёй катастрофы, адказаў Даніл.

Алесь сціснуў пальцамі скроні.

– Гэта канец…

Парэнчы

Яны стаялі ля самага ўвахода, прыхіленыя да сцяны. Звычайныя парэнчы, хіба што мармуровыя ды на дзіва шырокія. Дакладней, кавалак ад іх. Алесь задумліва вадзіў пальцамі па шурпатай паверхні. Немагчыма паверыць. Яр усё ж такі зрабіў гэта. Знайшоў рэч, згубленую яшчэ падчас руйнавання Купалаўскага музея.

Нарэшце ён мог даведацца праўду. Хаця б пра нешта. Хаця б невялікі кавалачак, устойлівая выспачка праўды ў плыні міфаў, якімі захлыналіся рэшткі беларускай гісторыі. Нарэшце ў яго быў нехта, хто мог у гэтым дапамагчы. Гэта ж трэба так, каб менавіта зараз, каб адначасова і парэнчы, і Даніл ― два складнікі для разгадкі, пра якую марыў з пад- леткавага ўзросту.

– Мяркуецца, што ён праз іх перакуліўся. Упаў у лесвічны пралёт. Ці то сам, ці то нехта дапамог. Я хачу зведаць, як так атрымалася. Калі ласка.

Зноў гэты ківок, халодны, стрыманы. Кшталту «Будзе зроблена, бос». Юнак зрабіў крок у бок парэнчаў, замёр. Утаропіўся на Алеся вачамі колеру беларускай багны.

– Чаму яны ў тваім кабінеце, а не ў Сховішчы?

Алесь ледзь утрымаўся, каб не сцепануцца. Яны абодва разумелі, чаму так. Але вымаўляць гэта было неяк няёмка. Як можна не давяраць такому ж, як ты?

– Не паспелі яшчэ занесці. Яраслаў толькі прывёз…

– Пакажы мне, калі ласка, Сховішча, Алесь, ― спакойна папрасіў Даніл.

Алесь вытрываў яшчэ адзін пранізлівы позірк. Гэта ў яго тут здольнасці загадваць людзям.

– Крыху пазней.

Даніл моўчкі паклаў далоні на парэнчы.

* * *

Паўз яго па шырокім змрачнаватым холе з вялізнымі квадратнымі калонамі, нікуды асабліва не спяшаючыся, шпацыравалі людзі. Мужчына ў нязграбным касцюме ды з валізай ціха абмяркоўваў нешта з іншым мужчынам. Ішла па сваіх справах жанчына ў фартуху са стосам бялізны. Наперадзе была бачная шырокая лесвіца з тымі самымі парэнчамі, але наблізіцца да яе Даніл чамусьці не змог. Нешта адштурхнула яго, бы пругкая мембрана. Ён паспрабаваў яшчэ раз, прыклаўшы крыху больш намаганняў, і перад вачыма паплыло.

– Даніл… ― Алесь нахіліўся, каб убачыць ягоны твар.

– Нічога не атрымліваецца.

– Паспрабуй яшчэ раз. Сканцэнтруйся на яго смерці. Думай пра яе. Калі ласка.

Даніл адчуваў, што здольнасці здраджваюць яму. Нібы нешта не пускала яго да праўды.

Ён яшчэ раз паклаў рукі на парэнчы і зноў апынуўся на першым паверсе. Мернае сноўданне цяпер было парушанае. Людзі згуртаваліся вакол знявечанага, зламанага цела ў некалькіх кроках ад яго. Наверсе, там, адкуль чалавек мог упасці ― нейкі размыты шэры сілуэт. Даніл напружыў зрок, аднак не змог вызначыць ні полу, ні ўзросту.

На гэты раз ён лёгка ўзляцеў па лесвіцы. Фігура нават не зварухнулася. І колькі б ён ні набліжаўся ― заставалася размытай. Перад Данілам плыў шэры, нібы з дыму і туманоў, згустак, які набыў форму чалавека. Рысы твару ― таго, што павінна ім быць, ― увесь час змяняліся, і часам ён пазнаваў людзей, якіх бачыў на партрэтах у бібліятэцы «Лабірынта».

Сапега, Вітаўт, Караткевіч, невядомы, Каліноўскі, Ластоўскі, Быкаў, невядомы, Геніюш, Багдановіч, Скарына, невядомы, Гарэцкі, Гусоўскі, Купала…

Цела зрабілася мяккім і непаслухмяным, як забытае на сонцы масла. Галава пацяжэла, вочы заплюшчваліся. Юнак зрабіў крок да істоты. Яна клікала. Яна запрашала. Яму хацелася стаць адным з іх, гэтых твараў.

* * *

Алесь, збялелы, але спакойны, моцна сціскаў запясці юнака, адцягваючы ад парэнчаў. Хоць такога ён раней не бачыў, здзіўляцца часу не было. Ён добра страсянуў Даніла за плечы, папляскаў па шчоках. Юнак скрывіўся, паматляў галавой ды расплюшчыў вочы. У іх стаяў неспакой.

– Ты ўчапіўся ў парэнчы ― не адарваць…

Данік сутаргава вызваліўся з Алесевых рук, хутка нацягнуў рукавы.

– Я ў парадку.

– Што ты бачыў? Хто гэта быў?

– Чалавек, ― юнак зноў паматляў галавой. ― Мужчына.

Няўпэўнена зірнуў на Алеся. Быццам яго напалохала тое, што ён убачыў. Не дзіва.