– Ён быў адзін?
Яму не хацелася прыспешваць хлопца, трэба было даць яму прыйсці ў сябе. Але так карцела задаваць пытанні.
– Я бачыў аднаго. Я не бачыў, як ён зрабіў гэта… Толькі як ён стаяў і глядзеў. Уніз.
Дык, можа, усё ж такі?.. Не, не ўбачыў бы Данік звычайнага разяваку. Гэта быў забойца. Дакладна.
– Ты не запомніў твар?
– Я не разглядзеў. Ён быў у шэрым, ― Даніл стомлена пацёр далонямі вочы, выдыхнуў.
Алесь стрымана кіўнуў ды паляпаў хлапца па плячы.
Насамрэч, якая розніца, хто менавіта гэта быў.
Галоўнае, што не сам. Гэта была Сістэма.
Даніл Арлоў
Сасіскі ― колцамі, сыр ― кубікамі, два яйкі, соль. Трэба паразмаўляць з хросным. Усё ў адзін кубак. Чаму яму не распавядалі пра нататнік? Размяшаць. Чаму не папярэдзілі пра забойства? У мікрахвалёўку. Навошта ўвогуле было забіваць? У другі кубак ― дзве лыжкі кавы, дзве лыжкі цукру, кіпень. Трэба ехаць у офіс. Размяшаць.
Даніл санліва апусціўся на адзіны на кухні зэдлік. У яго кватэры быў мінімум мэблі, мінімум рэчаў. Бо ўспаміны наліпалі на ўсё хутчэй за адбіткі пальцаў. Яму доўга давялося прызвычайвацца да здольнасцяў. Першы час ён нават насіў пальчаткі, бо кожны дотык выклікаў мроі.
Юнак павольна зрабіў глыток кавы. Усё, чаго яму зараз хацелася, ― зноў апынуцца ў ціхай, пыльнаватай Лабараторыі, падалей ад таго, што адбывалася ў рэальным жыцці. Ён быў не падрыхтаваны. Не падрыхтаваны сутыкнуцца з такімі, як ён, а потым зведаць, што гэта ўсяго толькі пачварныя вопыты вар’ята-вучонага. Усяго толькі нейкая вакцына. Ён быў не падрыхтаваны да забойстваў.
Да таго ж ідэя «Лабірынта» больш не здавалася памылковай. Яны захоўвалі значна больш спадчыны, чым «Система Охраны Наследия». Таму што не арыентаваліся на ідэалогію, не падпарадкоўваліся кіроўчаму апарату. А чым касцёл Святога Роха быў горшы за Пакроўскі сабор? Чаму адзін існуе, а ад іншага засталіся толькі ўспаміны? Чым Геніюш горшая за Ахматаву? Чым Манюшка горшы за Мусаргскага? Чаму з цэнтра Мінска знік помнік Якубу Коласу? Чаму Купалаўскі сквер стаў Свіслацкім? Таму што так зручна «Первому округу», то-бок Маскве? Чым больш у яе «исконно русских» тэрыторый, тым больш уплыву у Аб’яднанні Рэспублік?
Запішчала мікрахвалёўка. Даніл дастаў немудрагелісты амлет, які ўжо сабраўся выйсці за межы кубка, і задумліва стаў калупаць яго відэльцам.
Які сэнс ва ўсіх гэтых разважаннях? Усё роўна яму супраць сістэмы не ісці. Ён усяго толькі вінцік. Эдуард Львовіч меў рацыю. Такія, як ён, без Сістэмы не існуюць. І ўсё ж такі трэба з ім пагутарыць. Спытаць пра нататнік. Распавесці пра парэнчы і пра тое, як дзіўна павялі сябе здольнасці.
Данік уключыў ваду, сунуў пад напор кубак і замёр, назіраючы за тым, як ён хутка напаўняецца і вада ліецца праз край. Яна дапамагала. Змывала ўспаміны, пакуль яны не паспелі замацавацца.
На лаўцы ля пад’езда сядзеў юнак. Спартовы касцюм (як толькі яму не холадна?), дарагія красоўкі, рукі ў татуіроўках, тэлефон, навушнікі. Хлапца відавочна больш цікавіў інтэрнэт, чым навакольны свет. Але Даніл прайшоў паўз яго павольна, каб не выдаць неспакою. Той нават галавы не ўзняў. І калі Даніл ужо гатовы быў абазваць сябе панікёрам і параноікам, раптам пачуў з-за спіны:
– Не рабі глупстваў.
– Это вы мне? ― стрымана пацікавіўся ён.
Юнак з тэлефонам цяжка ўзняўся з лаўкі, быццам яго чакала няпростая, але неабходная праца. Зняў навушнікі, пільна паглядзеў на Даніла спадылба.
Даніл сціснуў і расціснуў кулакі, каб пазбавіцца сумесі захаплення і страху, якая разлівалася ўнутры. Ён ведаў гэтага чалавека. Дакладней, бачыў яго на адзіным здымку, які меўся ў «С.О.Н.». Толькі ніхто яшчэ не здолеў давесці, што гэта сапраўдны чалец «Лабірынта», а не ўдалая Алесева містыфікацыя. Таму што акрамя здымка не было больш нічога. Нават імёны крэсліліся штомесяц. Ляксей, Яўген, Міхась, Кастусь…
– Яраслаў, ― юнак, усміхаючыся, працягнуў далонь. Даніл ледзь стрымаў жаданне скарыстацца здольнасцямі. Надта безабаронным ён будзе ў гэты момант.
– У Алеся да цябе справа.
– У мяне і свае справы ёсць, ― незадаволена мармытнуў юнак.
– Яны пачакаюць.
Данілу не хацелася спрачацца. І не таму, што Яраслаў відавочна быў фізічна мацнейшы. Хацелася разгадаць яго. Эдуард Львовіч, сапраўды, можа і пачакаць.
Машына Яраслава выглядала так, нібы яе альбо толькі што набылі, альбо ўзялі ў пракат. Ён кіраваў упэўнена, але агрэсіўна. Суцэльныя рэзкія рухі, абгоны ды раптоўныя павароты. Быццам за імі хто гнаўся.
– Што там за справа? ― пацікавіўся Даніл, зашпільваючы пас бяспекі.
– Трэба пацвердзіць аўтэнтычнасць адной рэчы. Даніл усміхнуўся. Ён прызвычаіўся, што самае каштоўнае, самае патрэбнае ў ім ― гэта здольнасці. Без іх ён наўрад ці камусьці быў патрэбны. Ён прызвычаіўся, і ўсё адно гэта закранала.