Выключэнне складала парачка лесбiянак, што кiдала нашаму лавеласу выклiк ужо самiм фактам iснавання жаночых iстотаў, якiя ўмелi абыходзiцца без лысых, вусатых, барадатых i ўсiх астатнiх прадстаўнiкоў iншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позiркам на лесбiянак, уладальнiк галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасцi i спяшаўся запiць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў мiлiцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна i толькi часам мройлiва мармытаў сабе пад нос: "Вось бы з дзвюма адразу, бля".
Лесбiянак мы сустракалi ў свой кожны прыход, з чаго вынiкала, што гэтыя бландзiнкi - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якiм падтэксту было болей, чым самога тэксту, i крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю i шырока расплюшчанымi даверлiвымi шэрымi вачыма - бывалi ў кавярнi ледзьве не штодня. Нас вабiў iхнi загадкавы свет, аб якiм дазвалялi адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальнiцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкiя пацалункi, якiмi танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкiя залатыя пярсцёнкi, якiя абедзьве насiлi на правай руцэ.
Алкаголь уздзейнiчаў на iх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смалiць цыгарэты, яе твар змрачнеў, i на яго клаўся цень драпежлiвасцi. Аднаго разу яна спалатнела, нiбыта з яе выпусцiлi палову крывi, i, задыхаючыся, кiнула каханцы колькi фразаў, а потым так упiлася ёй вострымi малiнавымi пазногцiкамi ў тыльны бок далонi, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылi, што назiраем сцэну рэўнасцi, i, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалi ўнiкнуць у сiтуацыю глыбей. Памятаеш, нас займала пытанне: здатныя лесбiянкi раўнаваць да мужчын цi гэта ў iх сiстэме каштоўнасцяў нявартая ўвагi драбнiца накшталт дожджычку за вакном?
Скульптар-керамiст Коля не паспеў набраць той сумы балаў, якая дала б яму права перайсцi ў разрад заўсёднiкаў. Ягоная рэдкая для трыццацi з гакам гадоў светлая бародка над жураўлiнай шыяй, дзе матляўся вузел нясвежай стракатай касынкi, аздобiла iнтэр'ер кавярнi ўсяго двойчы.
У свой другi вiзiт Коля запрасiў нас на гасцiны. Ён жыў з бабуляю на цянiстай вулiцы ў пабудаваным палоннымi немцамi двухпавярховым доме. Адзiн з пакояў прасторнай занядбанай кватэры на першым паверсе быў ператвораны ў майстэрню i адначасова ў спальню з шырокай канапаю, якую гаспадар называў сексадромам.
Мы выпiлi каньяку, i Коля паклiкаў мяне на кухню, дзе змоўнiцкiм тонам паведамiў, што мы з табой можам заняцца на ягонай канапе любоўю, але з адной умоваю: альбо ён, Коля, будзе назiраць за намi ў вакно, альбо праз нейкi час знячэўку зойдзе ў пакой. "Чыста прафесiйная цiкавасць, стары", - ужо няўпэўнена варочаючы языком, патлумачыў Коля.
Не, пра паэта я не забыў, як памятаю i тое, што ты прадказала ягонае з'яўленне, заўважыўшы, што ў такой мясцiне павiнен бываць хоць адзiн прызнаны цi, лепей, непрызнаны паэт. Тваё прароцтва матэрыялiзавалася ў аблiччы дыстрафiчнага юнака ў акулярах i атрутна-жоўтым швэдры. Лесбiянкi адгарадзiлiся ад паэта ледзянымi ўсмешкамi i проста не пусцiлi за свой столiк, таму першымi слухачамi наканавана было стаць нам. Ад празмернага хвалявання ў паэта мутнелi шкельцы акуляраў. Выпадак быў безнадзейны, як спроба датэлефанавацца да самога сябе. Мы прапанавалi юнаку лiкёру; успрыняўшы гэта як пахвалу, ён так распусцiў пёры, што, калi я зноў пайшоў да стойкi, намерыўся прызначыць табе спатканне.
Я думаю, што калi б кавярня прызнала паэта, ён насуперак усяму стварыў бы нешта больш значнае за вершыкi, здольныя нарадзiць адну-аднюткую асацыяцыю з вадзянiстымi парасткамi ў падвальным закутку. Аднак кавярня не прыняла яго, i паэт знiк гэтаксама раптоўна, як i з'явiўся.
Другiм пасланцом лiтаратурнага свету, што аднойчы, расплюхаўшы каньяк, палез да мяне з мядзведжымi абдымкамi, стаўся знаёмы празаiк, у якога пасля чарговае жанiцьбы пачаўся мядовы месяц. Пералiчыўшы свае мужчынскiя дасягненнi заадно з колькасцю i маркамi выпiтых напояў, ён абвясцiў, што пiша апавяданне, якое нарэшце адкрые ў нашай лiтаратуры жанр эратычнае прозы. Першы сказ быў ужо гатовы: "Пад'езд прапах спермай". Я асцярожна параiў замянiць пад'езд на кватэру. "Пад'езд прапах спермай", - з нацiскам на першае слова абражана паўтарыў празаiк, выцадзiў каньяк i не развiтаўшыся ляпнуў дзвярыма.
Значна глыбейшы след пакiнулi глуханямыя.
Яны трапiлi ў кавярню, ратуючыся ад дажджу, i, паколькi кампанiя самых юных наведнiкаў адсутнiчала, апынулiся за iх столiкам. Дзiўная рэч, я не магу ўзнавiць у памяцi iх рысаў, апрача таго, што яе твар - у параўнаннi з ягоным, прыгожым i адухоўленым - напачатку здаўся мне грубавата-вульгарным.
Мы не адразу змецiлi, што яны размаўляюць рукамi, а калi заўважылi, дык праз хвiлiну ўжо былi перакананыя: гэта - закаханыя. I нашы з табой рукi любiлi пагаварыць на сваёй мове, але iх лексiчны запас здаваўся нам вялiкiм толькi да таго вечара.
Сапраўды, твары зараз захiнутыя ад мяне туманам, а вось рукi... рукi я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымi пальцамi, кожны з якiх быццам бы меў на фалангу болей, i яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам. Гэтыя рукi выпраменьвалi такую пяшчоту, што хацелася адвесцi позiрк - нiбы падглядваеш за нечым iнтымным, прызначаным для дваiх.
Мы крыху паспрачалiся на тэму: як яны клiчуць адно аднаго па iменi i як калi мы завём iх глуханямымi - называюць нас, тых, у каго слых i мова ў парадку. У мяне блiснула iдэя ўзяць нататнiк i асадку i пазнаёмiцца з навiчкамi: напiсаць, што яны нам спадабалiся, даведацца iмёны, потым запытацца яшчэ што-небудзь, напрыклад, на якой мове яны гавораць сваiмi чуйнымi рукамi i цi iснуе наогул такi панятак, як "глуханямая" беларуская мова.