Лэс, якая гэта палёгка і прыемнасць чыркнуць пару радкоў, не прыслухваючыся да абрыдлых гукаў горна! Я проста не магу стрымаць свой разгон. Калі ты замарыўся або калі чытанне табе папраўдзе дакучыла, перастань чытаць зараз жа, з майго шчырага дазволу. Я, як вядома, карыстаюся тваёй добрай воляй, бацькоўствам і тваім сумна славутым, ажно смяхотным цярпеннем. Упэўнены, Бэсі перакажа табе існасць іншых далейшых паведамленняў ды разваг; бестурботна закурвай цыгарэту, кідай мой збрыдзелы ліст як гарачую бульбіну, ды ідзі сабе ў хол якога заўгодна атэля, дзе ты спыніўся, і няхай уцехай табе будзе чыстае сумленне і мая бессмяротная любоў. Гульня ў пул або пінакль магла б цябе крыху асвяжыць!
3 асалодай працягваю пісаць наўдачу, як падказвае душа. Пакуль што мы не надта папулярныя ў нашым бунгала, сярод іншых хлопчыкаў. Гэта галоўным чынам датычыць Дугласа Фолсама, Бэры Шарфмана, Дэрэка Сміта малодшага, Тома Лэнтарна, Мідж Імінгтана ды Рэда Сілвармана. Том Лэнтарн! Прывабнае ці не вельмі прозвішча, каб ісці з ім па жыцці? На жаль, праўдападобна, гэты юнак вырашыў не запальваць ніводнай сваёй лямпачкі, так што ягонаму дзівоснаму прозвішчу пагражае небяспека марна згібець. Занадта жорсткая думка. Усе мае думкі занадта часта, ліха на іх, жорсткія для слоў. Я імкнуся ўдасканаліцца, але гэтым летам дазваляў сабе такую жорсткасць зачаста, аж не ператравіць. Памагай табе Божа, Том Лэнтарн, запаліў ты свае святло ці не! На верхнім паверсе гэтага пагана збудаванага бунгала ёсць адзін хлопчык — сапраўдная соль зямлі, ніводны камплімент, якім яго ўзнагародзіш, не будзе занадта прыўкрасны, запэўніваю вас. Ён часта, калі мае вольны час, збягае лёгка і з імпэтам уніз па не надта трывалых сходцах і бавіць дзень з вашымі нічога не вартымі сынамі, распавядае шчыра і з гумарам пра сяброў, знаёмых ды непрыяцеляў у Троі, штат Нью-Йорк, вялікім паселішчы далей за Олбані, і ўвогуле бачыць жыццё і чалавецтва цудоўнымі, нягледзячы на падманлівыя абалонкі. Ягоная адвага, перакананы, разбіла б ці балюча раскалола вашае сэрца, проста сказаць нам сардэчнае хэлоў патрэбна бязмерная харобрасць, я не парупіўся паведаміць, што якраз цяпер мы сталіся аб’ектам астракізму На імя ён Джон Колб, 8 с паловай гадоў, паводле поўнага права. Прамежкавы, але ў бунгала Прамежкавых для яго нямашака месца, і нас ушанавалі прывілеем цешыцца яго шляхетнай кампаніяй у гэнай перапоўненай будыніне. Малю цябе запісаць гэтае харобрае, дабрадушнае імя ў памяці на сёння і на ўвесь наступны час! На жаль, размова, што цягнецца звыш пяці хвілін, аж да слёз дакучае гэтаму мужнаму, дзейнаму хлопчыку, зірнеш — і са здзіўленнем ды замілаваннем бачыш, што ягонага добрага, абаяльнага твару ўжо нямашака на абсягах бунгала! Я ахвяравау бы незлічонымі гадамі свайго жыцця, каб хоць трохі дапамагчы яму з яго будучыняй. Ён ласкава даў мне слова гонару, зусім не здагадваючыся пра матывы, якія змусілі мяне прасіць пра гэта, што ніколі не глыне віскі і ніякага іншага трунку, калі стане дарослым, але мяне мучаць праклятыя панурыя сумненні, ці стрымае ён слова. У ім жыве і чакае свайго часу схільнасць напівацца да супакойвальнай здранцвеласці, гэта можна перамагчы поўнасцю, калі ён выкарыстоўвацьме ўвесь розум і волю ды ўключыць адно-другое святло, але баюся, ён занадта лагодны і няўрымслівы хлопчык, каб выкарыстоўваць дзеля чагосьці ўвесь свой розум. У нас ёсць яго адрас у Троі, штат Нью-Йорк. Калі буду жывы, як надыдуць лёсавызначальныя гады, я прылячу ў Нью-Йорк без адкладу і пры неабходнасці ўстану на абарону гэтай бліскучай асобы; тады не будзе лішнім выпіць кубак, што адурманіць мяне, але ты павінен зразумець: мы розуму крануліся ад любові да гэтага хлопчыка, у сэрцы якога няма ні каліва забабонаў. Мой Божа — ці ж не дзіва — гераічны хлопчык 8 1/2-гадовага ўзросту! Цяжка пагадзіцца з такой іроніяй лёсу, але гераічным людзям куды болей патрэбна абарона, як здаецца на першы погляд. Цалую твае шляхетныя, няўслаўленыя песняром ногі, Джон Колб, тубылец Троі, брат высакароднага Гектара!
Што датычыцца іншых рэчаў, мы нармалёва тусуемся, калі акалічнасці дазваляюць, бяром удзел у бясконцых спартовых ды іншых забавах, а шмат якімі цешымся напоўніцу. Нам тут лафа, бо мы досыць хвацкія, прыстойныя лёгкаатлеты, самыя зацятыя незычліўцы не аспрэчылі б нашу ўмеркаваную класнасць у бейсболе, магчыма, найхвалюючым, найцудным спорце ў Заходняй паўкулі. Гэта не падстава для пыхі альбо гонару, а як бы забаўны прэзент з мінулага жыцця; у кожнай гульні з мячом мы з лёгкасцю дэманструем дасканаласць, кожную гульню без мяча патрапім, як ні сумна, спляжыць. Апроч гульняў ды іншых заняткаў тут у нас ёсць мажлівасць зусім выпадкова займець купку сяброў на ўсё жыццё Аднак, Бэсі, вам, каму выпала доля быць нашымі ўлюбёнымі бацькамі, трэба змусіць сябе глядзець некаторым рэчам проста ўтвар, нат не думаючы здрыгануцца, калі адзін-два чыннікі выглядаюць пагрозна. А зараз прашу цябе ў гэты самы момант, калі ласка, прыхавай без ценю засмучэння ў памяць на чорны дзень, што да апошняй нашай гадзіны заўжды будзе безліч хлапцоў, якія кіпяць злосцю ці аж пырскаюць варожасцю, нават усяго толькі калі бачаць, як адно нашыя твары ўзыходзяць над гарызонтам. Заўваж, я кажу адно нашыя твары, незалежна ад нашых нязвыклых і часта нязносных асоб! Гэта была б досыць смяхотная дэталь, не болей, калі б з агіднай збянтэжанасцю я не заўважаў, што такое здараецца занадта шмат сотняў разоў для маіх нядоўгіх гадоў. Я, аднак, спадзяюся, што калі мы працягвацьмем угрунь паляпшаць ды ўдасканальваць нашыя характары, намагаючыся дзень у дзень пазбаўляцца смаркатай самаўпэўненасці, плыткага славалюбства і процьмы, д’ябальскай безлічы эмоцый, спалучаных яшчэ з колькімі наскрозь гнілымі якасцямі, дык адзін наш выгляд і розгалас не будуць спараджаць і выклікаць гэткую лютасць у сэрцах братоў па чалавецтву. Я чакаю добрых вынікаў ад гэтых захадаў, але не Бог ведае якіх вынікаў; я, па праўдзе, не прадбачу Бог ведае якіх вынікаў у галоўным. А ўсё ж не дазволь, каб гэтае месца ў маім лісце кінула на вашы сэрцы занадта вялікі цень! Радасцей, суцяшэнняў, забаўных кампенсацый — мноства! Ці бачыла ты на свае вочы такіх двух няўрымсных, неўгамаваных шыбенікаў, як твае сыны, якіх зараз няма з табой? Калі згушчаюцца непамыслоты, калі ты як утрапёная, ці ж не гучаць для цябе нашыя маладыя жыцці незабыўным вальсам? Мажліва, калі тваё ўяўленне раптам станецца перакручаным, дапраўды, мажліва, адзіным вальсам, які Людвіг ван Бетховен нібыта напісаў на Божай пасцелі! Без сораму самаўпэўнена бараніцьму гэтуютэзу. Мой Божа, якое ашаламляльнае ўзрушэнне можна спазнаць, калі наважышся па-свойму ўчуць просты, незразумелы вальсок! Ніколі ў жыцці, даю слова, не ўстаў я з ложка ўранні, не пачуўшы ўдалечы лёгкі, чароўны — і раз, і другі, — стук дырыжорскай палачкі! Акрамя далёкае музыкі, прыгоды і рамантыка палоняць нас; усёпаглынальныя зацікаўленні ды разрыўкі лагодна вядуць рэй; дзякуй Богу, жаднага разу не апыналіся мы неабароненымі ад душэўнай млявасці. Не варта грэбаваць такімі блаславёнымі дарамі. Забраўшыся на вяршыню гэткага шчасця, што яшчэ знаходзіш ты? Здатнасць здабываць багата цудоўных сяброў, хоць колькасць іх не будзе вялікая, сяброў, якіх мы будзем горача любіць і аберагаць ад бескарыснай, непавучальнай шкоды аж да сканчэння нашых жыццяў, і якія ў сваю чаргу таксама будуць любіць нас і ніколі не пакінуць, не засмуціўшыся дужа моцна, а гэта, не сумнявайся, куды лепей, больш памысна і весялей, як быць пакінутымі без усялякага жалю наогул. Я мімаходзь кранаюся гэтай шчымлівай лухты, няцяжка здагадацца, дзеля тваіх салодкіх успамінаў ці перад, ці пасля заўчаснага нашага адыходу; але нельга, каб гэта гняло цябе ў міжчассі. I яшчэ, з другога, светлага боку, каб ты трохі пажвавела, май на ўвазе цёпла і ўсцешна, што папярэднія нашы з’яўленні ўзычылі нам творчы талент, сурова нас абавязалі і ўганаравалі прывілеем, часта сумнеўным, прынесці яго сюды з сабою. Цяжка сказаць, што мы з яго зробім, але ён нязменна пры нас, хоць і марудна, трасца на яго, набірае сілу. Я заўважаю, асабліва адчувальны ён пасля адбою, калі мазгі, несусветна смяхотныя, ужо ўлегліся ды паводзяць сябе належным чынам, і ўвесь увогуле досыць прыстойны дух твой у рэшце рэшт рахманы і нават не думае кудысьці мкнуць; бачыш, як у гэтай інтэрлюдыі дар тварэння грае ў дзівосным святле, пра што я казаў табе асабіста, Бэсі, мінулым травенем, калі мы разам міла і жвава мянташылі языкамі на кухні. Я назіраю таксама, як тая ж абнадзейлівая дзея адбываецца ў душы гэтае выключнае персоны - майго кампаньёна, якога вы далі мне ў браты. Калі згаданае вышэй святло стаецца непераможліва моцнае, тады я іду спаць абсалютна перакананы, што мы, ваш сын Бады і я, кожнаю крывінкаю сваёю гэткія ж прыстойныя, не