Выбрать главу
на сваёй дзелавой прапазіцыяй не зменіць занадта сур’ёзна мернай, нармальнай плыні нашага маленства і ранняга, фацэтнага юнацтва, але магу вас запэўніць, што на паверхні ўзбурэнне будзе страшэннае. Аднак гэта толькі палова маёй відзежы. Уласна кажучы, калі па ўсёй шчырасці, другая палова куды бліжэйшая майму сэрцу і душы. Другая палова відзежы дзівосным чынам высвечвае яго, Бады, у іншы, пазнейшы дзень месяца праз незлічоныя гады. Зусім асірацелы — без маёй сумнеўна-прыемнай адданай кампаніі, піша ён пра гэтую самую вечарыну на вельмі вялікай, чорнай, як смоль, любата якой, шыкоўнай пішучай машынцы. Ён курыць цыгарэту, час ад часу сашчэпліваючы рукі і кладучы іх на макаўку галавы задуменна і знясілена. У яго сівыя валасы; ён старэйшы, як ты цяпер, Лэс! Жылы на руках крыху выдаюцца ў пробліску відзежы, таму я ўвогуле нічога не казаў яму пра яе, трохі зважаючы на ягоны юны забабон наконт выпнутых жылаў на руках у небарак дарослых. Вось як яно. Вы маглі б падумаць, што такі асаблівы пробліск здатны працяць душу выпадковага сведкі наскрозь, зрабіць яго нагэтулькі бездапаможным, што ён аніяк не здолеў бы сабрацца з сіламі, каб абмяркоўваць мільгнуўшае са сваёй любай, талерантнай сям’ёй. Гэта не зусім той выпадак; галоўнае тут, зрабіць надзвычайна глыбокі ўдых, засцерагчыся ад млоснасці самым простым, жыватворным сродкам. Братаў пакой — вось што кроіць мне сэрца найболей. Гэта ўсе ягоныя юныя мары, ужыццёўленыя цалкам і поўнасцю! У столі ёсць адно з тых прыўкрасных вокнаў, якія, мне абсалютна дакладна вядома, заўсёды паланілі ягоную ўяву, калі ён чытаў пра іх. Паўсюль вакол Бады, у дадатак, дыстынктоўныя паліцы для ягоных кніг, прыладдзя, блакнотаў, вострых алоўкаў, вырабаў з чорнага дрэва, дарагой пішучай машынкі ды іншай вельмі каштоўнай для яго асабістай маетнасці. О, мой Божа, ён будзе ўзрадаваны немаведама як, убачыўшы гэты пакой, памятайце пра мае словы! Гэта адна з самых уцешных і ружовых відзежаў за ўсё маё жыццё і цалкам магчыма, з найменшаю доляю прыкрых дамешак. Скажу, не мудрагелячы, што я апынуўся б далёка ад праўды, сцвярджаючы, што гэта была ці не апошняя відзежа ў маім жыцці. Аднак тыя дзве, здзекліва адчыненыя ў маім мозгу маленькія брамкі, пра якія я згадваў летась, пакуль не думаюць зачыняцца; шусне яшчэ год ці блізу года, і тады, праўдападобна, штось патане, а штось паўстане. Калі б гэта залежала ад мяне, я сам ахвотна зачыніў бы брамкі; толькі ў трох ці чатырох выпадках — у гэтым, прыкладам — пробліск адкрыцця варты таго, каб пашкуматаць звычную ўладкаванасць і блаславёную бязбурнасць душы, як і спакой бацькоў Але ўсё ж дужа прашу вас уявіць сабе, што за дзівота ўбачыць, як гэты хлопец, ваш сын Бады, пяцігадовы малы, які ўжо ажно згубіў галаву ад любасці да кожнага алоўка ў сусвеце, уміг перакінуўся ў сталага смуглявага літаратара! Як бы мне хацелася ўлегчыся на ўтульную аблачыну ў далёкай будучыні, магчыма, з добрым крамяным Паўночным разведчыкам у руцэ ды чытаць кажнюсенькае слова, што ён піша пра гэтую багатую на падзеі і наступствы ў досыць блізкім часе, не зусім звычайную вечарыну! Спадзяюся, першае, што гэты адораны хлопец як цалкам даспелы смуглявы літаратар апісвае, гэта прыгожыя паставы нашых целаў у святліцы, калі мы вось-вось пакінем дом тым памятным вечарам. Самы прыгожы момант на свеце ў даволі вялікай сям’і, што збіраецца на вечарыну або нават у выпадковую рэстарацыю, гэта памяркоўныя, паблажліва-нецярплівыя паставы ўсіх сямейнікаў у святліцы, бо ўсе чакаюць, калі ж нейкая маруда збярэцца! У думках я прашу чуллівага сівавалосага пісьменніка з адцаленай будучыні пачаць з прыгожых паставаў, у якіх перабываюць целы ў святліцы, з найпрыгажэйшай, на мой погляд, мясціны для пачатку! Слова гонару, я лічу, што ўся відзежа таго вечара ад пачатку да канца вартая ціхай умеркаванай радасці. Мне здаецца дзівосным, як душы, падобныя на файныя вольныя канцы троса, знаходзяць адна адну ў свеце, калі толькі чакаеш дастаткова цярпліва і з табой пругкасць духу і няўтрымна безразважная сіла. Лэс (калі ты вярнуўся з хола), я ведаю, ты ставішся з гумарам, хай сабе шляхетным, да веры ў Бога або ў Вышэйшую Боскую волю, ці якое падабраць слова, каб яно гучала меней напышліва і не бянтэжыла, але даю слова гонару сённяшнім спякотным памятным днём майго жыцця, што не закурыш і выпадковай цыгарэты, пакуль сусвет не дасць на гэта свой артыстычны шчодры дазвол! Магчыма, дазвол — занадта моцна але чыясьці галава мусіць згодна кіўнуць, перш як цыгарэта кранецца агню запалкі. I гэта, усёю істотаю шкадую, таксама, на жаль, занадта прыблізна. Упэўнены, Бог ласкава ўздзене на сябе чалавечую галаву, цалкам здатную ківаць, дзеля задавальнення якогасьці аматара падобных рэчаў, што любіць уяўляць Яго ў такім выглядзе, але я асабіста без прыхільнасці стаўлюся да ідэі пра тое, што Ён носіць чалавечую галаву, і, пэўна, павярнуўся б і пайшоў, калі б Ён надзеў якую дзеля майго сумнеўнага спажытку. Гэта, вядома, перабольшанне, я быў бы бяссільны адцурацца Яго, нягледзячы ні на што, нават пад пагрозай смерці.