Пасля таго, як міс Калгэры вельмі кепска і смешна перавязала мне нагу, да таго ж размаўляючы са мною ў стрыманай, фальшыва кампетэнтнай манеры, якая магла б змусіць чалавека напіцца дап'яна, калі б той не валодаў пэўным самакантролем, яна адаслала мяне з пацешнай мыліцай у маё бунгала, каб я чакаў там доктара, які павінен быў прыехаць з Гэпварта, дзе ён жыве і мае сваю сумнеўную практыку. Ён, доктар, прыехаў неўзабаве пасля трэцяга пасілка ў сталоўцы і перавёз мяне назад у шпіталь, каб накласці мне на нагу адзінаццаць (11) швоў. Непрыемная, ліха на яе, праблема, узнікла ў звязку з гэтым. Мне прапанавалі абязбольвальны ўкол, але я ветліва адхіліў прапанову. Адразу, найперш за ўсё, седзячы на праклятым матацыкле містэра Гэпі, я перарваў сувязь паміж болем у назе і мозгам, вылучна дзеля маёй зручнасці. Пасля маленькага здарэння, звязанага са сківічнай косткэй і з губамі, што адбылося мінулым летам, упершыню я зноў ужыў гэты метад. Часамі ледзь не роспач бярэ, ці спатрэбіцца табе асаблівае, набытае табою ўменне больш як адзін раз, а мо і наогул не спатрэбіцца, але такі момант конча прыходзіць, калі ёсць трохі цярпення; у двух выпадках, як мы сюды прыехалі, я нават выкарыстаў выбленачны вузел, а мне здавалася, што гэты мой навык змарнуецца без ужытку!
Калі я ветліва адхіліў анестэзію, доктар вырашыў, што я выстаўляюся, і містэр Гэпі, са свайго боку, падзяліў гэты бязглуздны погляд. Як найдурны абэлтух, а я, запэўніваю, такі і ёсць, ідыёцкім чынам я прадэманстраваў, што поўнасцю спыніў перадачу болю. Было б яшчэ дурней і нават зняважліва ў стасунку да іх сказаць ім проста ў іхнія фальшыва цярплівыя твары, што я лічу за лепшае не дазваляць ні сабе, ні любому іншаму дзіцяці ў сям’і пазбаўляцца ад прытомнасці па несур’ёзных дзеля такой падзеі матывах; перш, як працягвацьму гэтую тэму стан чалавечай свядомасці сумнеўна каштоўны для мяне. Пасля некалькіх хвілін палкіх, дурнотных дэбатаў з містэрам Гэпі я дабіўся лекаравай згоды на тое, што буду цешыцца поўнай свядомасцю, калі ён зашывацьме мне рану. Гэта недарэчна балючая для цябе тэма, Бэсі, ведаю з ранейшага дасведчання, але магу цябе запэўніць, з гумарам кажучы, часамі мне надзіва зручна мець твар, які толькі маці можа любіць: чаго вартыя брыдкі, паганы нос і кволы, нядошлы падбародак! Калі б я быў ладным хлопчыкам, меў досыць прывабныя рысы, то цалкам перакананы, што мяне змусілі 6 пагадзіцца на анестэзію. Нічыёй віны тут нямашака, адразу гэта ведай, будучы чалавечымі істотамі са сваімі думкамі і мазгамі, мы адгукаемся на кожнае каліва красы, якое толькі можам угледзець, і я сам безнадзейна чуйны да яе!