Пасля таго, як мая нага была зашыта — Бады з-за яго юнага ўзросту не дазволілі назіраць за аперацыяй і ўвогуле быць побач са мною, мяне хуценька занеслі назад у бунгала і паклалі на мой ложак. Рэч у тым, што дзякуючы шчасліваму выпадку ўсе ложкі ў шпіталі былі занятыя; некалькім хлопчыкам з высокай тэмпературай і мне дазволена было заставацца ва ўласных бунгала, пакуль не вызваляцца ложкі ў шпіталі. Я лічу сітуацыю з ложкамі дарункам неба. У пэўным сэнсе, нават у некалькіх, гэта першы цалкам бестурботны, няспешны, паўнакроўны дзень, што я меў з таго часу, як я сышоў з цягніка, тое ж на ўсе сто стасуецца да Бады, містэр Гэпі дазволіў яму на працягу дня быць вольным ад усіх шыхтоў і глядзець мяне. Дазвол ён атрымаў з цяжкасцю, але містэр Гэпі вырашыў, што лепш, урэшце, даць яго, як твар у твар размаўляць з Бады, бо ў прысутнасці апошняга ён пачуваецца не надта нязмушана і не надта прыемна. Паміж гэтымі дзвюма асобамі — гара гумарыстычнай варожасці, часткова яна паўстала пасля панядзелкавай інспекцыі. Падчас той інспекцыі, асабіста я лічу яе неапраўданай, зняважлівай, непатрэбнай фатыгай, якую тут узвальваюць на кожнага малога, містэр Гэпі зайшоў у бунгала, калі мы стаялі па стойцы "зважай", і кінуўся сварыцца на Бады за тое, што Бады не запраўляе свой ложак так, як некалі рабіў ён, містэр Гэпі, тады — шараговы пехацінец, які дзеля нас цудам здолеў не прайграць усю тую праклятую вайну ўвогуле. Ён выплюхнуў на Бады некалькі непатрэбных абраз у маёй прысутнасці. Назіраючы за тварам вашага сына Бады, тварам, цалкам здатным, запэўніваю вас, бараніцца, я не ўтыкнуўся ці не ўмяшаўся ў тую грубую праборку. Я маю поўны давер да здатнасці гэтага хлопца абараніцца заўсягды, і той момант не быў выняткам. Зусім спакойна, якраз тады, калі містэр Гэпі даваў Бады прачуханку, бянтэжачы яго перад таварышамі па бунгала і калегамі па лагеры, Бады выдаў гэты гумарыстычны нумар са сваімі пекнымі, выразнымі вачыма, якія ўзялі ды закаціліся пад гожыя чорныя бровы, стаўшы безжыццёвымі, белымі і даволі страхотлівымі для таго, хто ніколі не бачыў, як мой брат гэта робіць. Шчыра кажучы, я сумняваюся, што містэр Гэпі калі-небудзь раней бачыў, каб хоць хто гэткае вырабляў. Устрывожаны і разгублены, самае меншае, містэр Гэпі ўмомант агледзеў ды праінспектаваў ложак Гнома Імінгтана, на які ён пераключыўся, ужо ніяк не дбаючы пра той, што стаяў побачкі, і нават забыўшыся ўзычыць вашаму моцнаму спадзяваннем на ўласныя сілы сыну хоць адну чародную дрэнную адзнаку за паводзіны! О, мой Божа, які дасціпны, цікавы хлопец на свой пяцігадовы ўзрост! Збярыце ўвесь свой гонар, малю вас, і шчодра ўскладзіце яго на гэтага малога хлопчыка! Ён вось-вось прыйдзе і, мабыць, яму вельмі захочацца дадаць пару сваіх радкоў. А тым часам, калі ласка, не прасіце мяне, каб я пераконваў Бады хадзіць перад містэрам Гэпі на пальчыках; рэч не ў тым, каб хадзіць перад некім на пальчыках; рэч у тым, каб ведаць, калі ўжываць адмысловую вынаходлівасць дзеля абароны ўласнае асобы і справы ўсяго свайго жыцця ад непазбежных непрыяцеляў, не наносячы ім сур'ёзнае шкоды.
Бывайце на кароткі антракт у колькі дзён або гадзін! У мяне хопіць простае літасці і ветласці скончыць свае пасланне, запэўніваю вас, бацькоў, як і дзяцей, што вы не ў меру, збыт добрыя і вартныя, каб мець такога апантанага сына, але што я магу зрабіць? Няможна выказаць словамі, як нам вас не стае. Гэта адна з рэдкіх у мяне магчымасцей пакарыстацца чалавечай мовай у згодзе з ейным прызначэннем. Бэсі, будзь ласкавая, май на ўвазе тую невялікую справу, пра якую ішла ўжо гаворка. А таксама прашу цябе, няхай поўны заняпад тваіх душэўных сіл найчасцей здараецца паміж спектаклямі падчас гастроляў; сярод іншых прычын, абмяркоўваць якія цалкам вольна тут, зараз, я не маю ніякага права: калі ты не адпачыла і вельмі стомленая, тады менавіта ты наймацней жадаеш развітацца са сцэнаю. Малю цябе не спяшацца. Малю цябе гахнуць молатам толькі тады, калі жалеза, пра якое мы гаварылі раней, будзе адменна напаленае. У іншым выпадку, калі ты адмовішся ад выдатнай кар’еры ў бадзёрым дваццацівасьмігадовым узросце, і не істотна, колькі бліскучых творчых гадоў у цябе ўжо за плячыма, — ты не ў пару сапсуеш сабе лёс. У пару, няма сумневу, лёсу могуць быць нанесены аглушальныя ўдары, але не ў пару, на жаль, памылкі — рэч цалкам звычайная, і яны дорага абыходзяцца. Памятай пра нашую дзелавую і шчырую размову ў дзень, калі да нас прывезлі новую прыгожую пліту: акрамя таго часу, калі ты іграеш на сцэне альбо занятая надта празаічнымі рэчамі цягам тых гадзін, пра якія я ўпамінаў, прашу цябе, настойліва старайся дыхаць вылучна левай ноздрай, а ў іншы час адразу ж дыхай правай. Пачні дыхаць з левай ноздры, калі ўпэўнілася, што пачала як след, далікатна засунь кулак пад супрацьлеглую паху, злёгку прыціскаючы яго да цела альбо проста прыляж на некалькі хвілін на бок, супрацьлеглы задзейнічанай зараз ноздры. Запэўніваю цябе яшчэ раз, няма нічога дзіўнага, што ты робіш усё гэта з бязмежнай прыкрасцю, але калі твой нясмак будзе найбольшы, паспрабуй зняць капялюш перад Богам, натуральна, у думках, за дзівосныя складанасці чалавечага цела. Ці так ужо цяжка было б хутка, прачула салютнуць, ушаноўваючы гэтага невымернага мастака? Ці ж не ў вышэйшай ступені спакусліва зняць капялюш перад тым, хто аднолькава вольны выбіраць для сваіх дзеяў таемныя шляхі і шляхі зусім не таемныя? О, мой Божа, мы маем Бога дык Бога! Як я казаў тады, калі намі валодала свежая радасць ад новай кухоннай прылады, занятак з ноздрамі можна кінуць уміг, у той самы момант, як пачынаеш бачыць і знаходзіць адзіную апору ў Богу датычна дыхання, зроку, слыху і астатніх недарэчных функцый; аднак жа ўсе мы ўсяго толькі чалавечыя істоты, страшэнна няўважныя да гэткага роду апоры, калі ў нашыя паўсядзённыя клопаты не завітала роспач або напруга. Каб згладзіць гэтую нядбайнасць, і надта мілую, і лядачую, каб поўнасцю спадзявацца на Бога, мы павінны разлічваць на не дужа зручныя, хоць і разумныя, уласныя прыдумкі, аднак, яны не нашы ўласныя, гэта яшчэ адзін гумарыстычны, цудны бок справы; не дужа зручныя, разумныя прыдумкі — Ягоныя таксама! Гэта ўсяго толькі мой перадавы погляд на справу, але не проста нейкая імпульсіўная думка.