Бэсі! Лэс! Сябры мае дзеці! Магутны Божа, як не стае мне вас гэтым прыемным бесклапотным ранкам! Бледнае сонечнае святло струменіцца праз дужа прывабнае бруднае акно, а я вымушаны ляжаць тут у ложку. Вашы забаўныя, жвавыя, прыгожыя твары, магу запэўніць, як жывыя перада мною, як быццам яны падвешаны на цудоўных вяровачках, прымацаваных да столі! У абодвух у нас здароўе вельмі нават здавальняючае, Бэсі любая. Бады есць проста выдатна, калі страву можна ператравіць. Ежа тут сама па сабе не жахлівая, але гатуюць яе без каліва любасці або натхнення, кожная фасоліна і морквіна апынаецца на талерцы дзіцяці, цалкам пазбаўленая сваёй маленечкай расліннай душы. Становішча з ежаю магло б, я ўпэўнены, мігам змяніцца, калі б містэр і місіс Нэльсан, кухары, муж і жонка, з пекла родам, мяркуючы па маіх выпадковых назіраннях, толькі ўявілі сабе, што кожны хлапчук, які заходзіць у сталоўку, іхняе ўласнае любае дзіця, чыім бы нашчадкам яно ні было ў гэтым абліччы. Аднак, калі б вы мелі малапрыемную аказію некалькі хвілін пагутарыць з названымі асобамі, дык убачылі б: гэта было б, што кіем па вадзе, бескарысна. Неадольная млявасць скоўвае абаіх, змяняючыся прыступамі безразважнага гневу, і забівае ў іх усялякую волю і жаданне гатаваць прыемную, вартую пахвалы ежу або нават трымаць чысцюткім пагнуты срэбраны посуд на сталах. Выгляд адных толькі відэльцаў часта выклікае ў Бады шал. Ён імкнецца пераадолець гэта ў сабе, але брудны агідны відэлец ёсць брудны агідны відэлец. Да таго ж, апроч аднаго важнага кранальнага моманту, я нітрохі не маю права лагодзіць ягоную гняўлівасць: зважаючы на ягоны век і на тую ашаламляльную ролю, якую ён выконвае ў жыцці.
Усё абдумаўшы, прашу вас нічога не казаць міс Овэрман наконт майго стылю. Гэтак найлепш для яе, штодня цэлымі гадзінамі яна сядзіць, уткнуўшыся ў мой жахлівы стыль або гаворыць пра яго, пакуль душа не задаволіцца. Я ў неаплатным даўгу перад гэтай добрай жанчынай! Яна была гарліва вышкалена міністэрствам адукацыі. На вялікае няшчасце, мой завэдзганы стыль ды тое, што мяне ў той ці іншы дзень у апошнія гадзіны займае дужа часта — адзіныя тэмы для дыскусіі, якія здаюцца ёй цалкам адпаведныя і знаёмыя. Пакуль не ведаю, дзе я падвёў яе ў гэтым плане. Відаць, я збіў яе з тропу і мы пакіравалі не ў той бок, калі я быў меншы і ўвёў яе ў зман, нібыта я вельмі сур’ёзны хлопчык, бо чытаю ўсё, што толькі трапляецца. Сам таго не жадаючы, я нават не пакінуў у яе натуральнага чалавечага разумення, што дзевяноста восем адсоткаў майго жыцця, дзякуй Богу, не маюць нічога супольнага з такім сумніўным заняткам, як здабыццё ведаў. Часам мы абменьваемся жарцікамі каля ейнага стала або калі падыходзім да шуфляд каталогаў, але гэта дужа фальшывыя жарцікі, без усякіх пячонак. Нам абаім цяжка і нудна весці нашы размовы — без пячонак, без дурноты, уласцівай чалавеку, без агульнавядомай ісціны, цудоўнай і вясёлай, на маю думку: усе, хто сядзіць у бібліятэцы, маюць пад скурай жоўцевы пузыр ды іншыя разнастайныя цікавыя органы. Льга яшчэ шмат чаго сказаць па гэтай тэме, але плённа развіваць яе сёння я не ў стане. Мае пачуцці сёння, трасца на іх, што аголеная рана. Ды і вас, маю даражэнькую пяцёрку, зараз аддзяляюць ад гэтага месца незлічоныя мілі, і заўжды да халеры лёгка выпусціць з памяці, як блага я пераношу бескарысную разлуку. Хоць часта гэтае месца вельмі ўражвае і натхняе, мне асабіста здаецца, што некаторым дзецям на гэтым свеце накшталт вашага дзівоснага сына Бады і мяне, мажліва, больш адпавядае карыстацца гэтым прывілеем толькі пры крайняй неабходнасці або калі яны ў глыбокім разладзе з іхнімі роднымі. Але дазвольце мне, і не марудзячы, перайсці да больш агульных тэмаў. Ах, Божа, з якой асалодай вяду я няспешную гэтую гутарку з вамі!