Спіс для містэра Фрэйзара далей працягваецца наўдачу: “Дон Кіхот” Сэрвантэса, два тамы зноўку, калі не завялікая турбота; гэта — геній, вышэй за дзяжурнае ці таннае параўнанне! Я маю спадзёўку, што міс Овэрман адправіць іх асабіста, а не звяртаючыся да містэра Фрэйзара, бо, баюся, ён проста не здатны паслаць нам стварэнне генія без свайго каментара ды дзівацкай, паблажлівай ацэнкі У знак пашаны да Сэрвантэса я жадаў бы атрымаць гэты твор у мяшку для пошты без бескарысных дыскусій ды іншай непатрэбнай лухты.
Раджа-Ёга і Бхакці-Ёга, два фантастычныя, зручныя для карыстання, маленькія томікі, адмыслова для кішэняў звычайных, мабільных хлопчыкаў нашага ўзросту, аўтарства Вівікананда, Індыя. Гэта адзін з самых хвалюючых, арыгінальных і дасведчаных гігантаў нашага стагодцзя, з якімі я сутыкаўся; для майго сэрца ён ніколі не стане цесны ці вузкі, або вычарпаны, пакуль я не сканаю, запомні мае словы; я з лёгкасцю аддаў бы дзесяць гадоў жыцця, а можа, нават болей, калі б толькі змог паціснуць яму руку ці хаця б сказаць сціслае, паважлівае "дзень добры” на якой-небудзь шматлюднай вуліцы ў Калькуце або ў якім іншым месцы. Ён дасканала, намнога лепей за мяне валодаў ведай, як і калі ўключаюць тое ці іншае Святло, пра якое я згадваў раней. Хочацца спадзявацца, што ён не палічыў бы мяне празмерна мітусліва-зямной і пачуццёвай асобай! Гэтая д'ябальская думка часта трывожыць мяне, калі ягонае валатоўскае імя ўсплывае падчас маіх разважанняў; дужа загадкавае і журботнае перажыванне; як было б слаўна, калі б паміж аскетычнымі і пачуццёвымі насельнікамі сусвету былі цяплейшыя, заснаваныя на супольным грунце, узаемадачыненні. Мяне дрэнчаць такога роду разыходжанні; я проста не ведаю, як вытрываць, і гэта яшчэ адзін пагрозлівы знак маёй неўраўнаважанасці.
Для першага знаёмства альбо дзеля ўзнаўлення знаёмства — як найменшага фармату выданні наступных геніяў і талентаў:
Чарльз Дзікенс, ці ў выглядзе блаславёнага збору твораў ці ў любой іншай форме або кшталце. Святы Божа, я вітаю цябе, Чарльз Дзікенс!
Джордж Эліэт, аднак не ў поўным аб’ёме. Будзь ласкавая, перадай гэтае пытанне міс Овэрман або містэру Фрэйзару на вырашэнне. Паколькі міс Эліэт, калі па праўдзе, не надта блізкая маёй душы і сэрцу, тое, што я давяраюся меркаванню міс Овэрман ці містэра Фрэйзара, дае мне яшчэ і шчымліва неабходны шанц прадэманстраваць ветласць ды паважлівасць, належную ў маім смешным узросце, не плацячы за гэта занадта дорага. Даволі агідная думка, якая ўпрытык мяжуе з камбінатарскай разважлівасцю, але я нічога не магу зрабіць з сабой. Няёмка прызнацца, але мяне вельмі трывожыць маё бесчалавечнае стаўленне да ненадзейнай парады. Я намагаюся з усіх сілаў выпрацаваць адпаведны такой сітуацыі падыход, адначасна чалавечны і прымальны для мяне.
Уільям Мэйкпіс Тэкерэй, не цалкам. Зрабі ласку, папрасі міс Овэрман, каб містэр Фрэйзар выбраў творы асабіста. Вялікіх страт мне гэта не прычыніць, маючы на ўвазе тыя дзве кнігі Уільяма Мэйкпіса Тэкерэя, што я ўжо чытаў. Як і міс Эліэт, ён выдатны мастак, але бачу, што не магу зняць перад ім капялюш з пачуццём бязмежнай удзякі, і таму ёсць яшчэ адна добрая, агідная магчымасць даверыцца асабістаму густу містэра Фрэйзара. Я цяпер дэманструю свае нікчэмныя слабасці ды разлікі проста ў вочы любімым бацькам і малодшым братам з сястрою, я гэта ўсведамляю, але мае рукі звязаныя; апроч таго, я не маю жаднага права, якое дазваляла б мне здавацца мацнейшай асобай ці юнаком, як я ёсць папраўдзе, а я не надзелены страшнаю сілаю, зусім не!