Выбрать главу

"Кітайская “Materia Medica”, аўтарства Портэра Сміта, старадаўняя кніга, якая амаль што выйшла з ужытку, мабыць, у ёй багата памылак і яна трохі раздражняе, і ўсё ж я з ахвотай цішком перагартаю яе і, калі яна здасца мне таго вартая, дам пачытаць твайму бліскучаму сыну Бады ў якасці невялічкага сюрпрызу. Цалкам верагодна, што ты нават не падазраеш, колькі незапатрабаваных ведаў пра ўсялякія зёлкі і цудоўную флору гэты хлопец прынёс з сабой, галоўным чынам у сваіх, падобных на рыдлёвачкі, пальцах, з ранейшых з'яўленняў; калі гэта толькі не будзе перашкаджаць справе ягонага жыцця, нельга, каб гэтыя зачараваныя веды зглуміліся без карысці! Я, старэйшы за яго на два гады, ягоны старанны, недасведчаны вучань у такіх рэчах! Нягледзячы на частаванне Грыфіта Гэмасміта і мяне тымі дзівоснымі прысмакамі, ён проста не здольны сарваць нявінную краску, не агледзеўшы ды не панюхаўшы ейнае карэнне, ды не змачыўшы яго трохі слінай, каб ачысціць ад зямлі; расліны гучна жаляцца гэтаму хлопчыку, ведаючы, што ягоныя рэдкасныя вушы іх пачуюць! Сумна казаць, але мізэрная колькасць кніг на гэтую тэму, пераважна ангельскіх, абцяжарана недакладнасцямі, самападманам ды вартымі шкадавання забабонамі, а таксама бязмерным перабольшаннем ролі валадарнага Крытэрыю! Дык давайце ж мы, сямейнікі, што пяшчотна яго, Бады, любяць, звернемся з пэўнай надзеяй і ў добрым настроі да вандроўнага кітайца, які шчодра дзеліцца з высакародным індыйцам шырокімі, смелымі поглядамі на чалавечае цела, дыханне ды сваімі думкамі наконт неверагоднай розніцы паміж левай і правай часткамі цела. Кніга Портэра Сміта крыху падбадзёрвае ды абнадзейвае, каб ісці далей, ведама, пры ўмове, што аўтар уклаў душу і сэрца ў бязмежны абсяг сваёй тэмы, што ён не яшчэ адзін прыкры, прэтэнцыёзны дылетант, якога клапоціць толькі тое, каб заняць утульную нішу ў навуцы, але не дазваляй мне батожыць гэтага аўтара без папярэдняга добрага, прыстойнага суда!

У адпаведным аб’ёме, вазьмі ў рахубу мітусню і тлум жыцця ў летніку, калі ласка, прышлі наступных французаў, дзеля практыкі або чыстай уцехі, у залежнасці ад магнетызму кожнага паасобнага аўтара. У даволі вялікай колькасці, калі ласка, прышлі кнігі Віктора Гюго, Гюстава Флабэра, Анарэ дэ Бальзака ці проста Анарэ Бальзака, бо апошні самавольна дадаў сабе арыстакратычнае "дэ”, сыходзячы з кранальных, смяхотных матываў, без жаднага ўганаравання ці дазволу. Гумарыстычная прага арыстакратызму на гэтым свеце невынішчальная! Зрэшты, на маю перадавую думку, не такі ўжо гэта і гумар. Аднойчы, прыемным дажджлівым днём, маючы на тое ахвоту, даследуй вантробы любой паспяховай рэвалюцыі ад пачатку гісторыі; калі ў глыбіні душы кожнага слыннага рэфарматара ты не ўбачыш, як асабістая зайздрасць, рэўнасць, нястрымнае імкненне самому стацца арыстакратам пад новай, хітрай маскай бягуць навыперадкі з жаданнем, каб ежы было болей, а жабрацтва меней, я ахвотна адкажу перад Богам за гэты шчыры, цынічны погляд. Бяда, але я не ведаю, як адразу можна выправіць гэтую сітуацыю.

У меншым аб’ёме, таксама па-французску, дзеля практыкі або чыстай уцехі, разнастайныя выбраныя творы Гі дэ Мапасана, Анатоля Франса, Марціна Лепэра, Эжэна Сю. Калі ласка, папрасі міс Овэрман папрасіць містэра Фрэйзара не ўкладваць ніякіх біяграфій Гі дэ Мапасана, па памылцы або сумысля, асабліва ж тых, што належаць пяру Эліз Зухард, Роберта Курца ды Леанарда Бэланда Уокара, якія я ўжо чытаў з невыказным болем і жалем, і не хочу, каб наш Бады чытаў іх з болем і жалем у такім раннім веку. Як прыроджаныя юрліўцы, баюся, што гэта так, мы адчуваем патрэбу ў кожным салідным, грунтоўным папераджальным знаку, які толькі здатныя здабыць, на тэму пачуццёвасці, але ні ваш сын Бады, ні я зусім не маем намеру гінуць ні ад мяча, ні ад фаласа; мы цвёрда наважыліся ўзяць за шчэлепы праблему пачуццёвасці, даю табе слова гонару; тым не меней, я рашуча адмаўляюся лічыць Гі дэ Мапасана ўдалай ілюстрацыяй злоўжывання пачуццёвасцю, хоць гэта і вельмі спакусліва. Калі б ён не злоўжываў сваім мужчынскім органам, дык злоўжываў бы чым-небудзь іншым. Я не давяраю вам, масье Мапасан! Я не давяраю ні вам, ані якому іншаму вялікаму пісьменніку, які чэрпае дзень у дзень натхненне і поспех з нізкае іроніі! Мая недаравальная непрыязнасць цалкам датычыцца і вас, Анатоль Франс, вялікі іраніст! Мой брат і я, як і незлічонае мноства іншых людзей, вашых чытачоў, прыходзяць да вас з непадробнаю вераю, а вы нас аплявушваеце! Калі гэта лепшае, што вы можаце зрабіць, дык майце элементарную прыстойнасць забіць сябе альбо ласкава спаліць вашы цудадзейныя пёры!