Выбрать главу

Спадзяюся, ты прабачыш мне гэты варты жалю нервозны выбух; так, ён проста недаравальны, ніякія прабачэнні немажліва прыняць поўнасцю, але ж маё рэзка адмоўнае стаўленне да ўсеагульнай іроніі ды аплявух добра вядомае; я спрабую яго змякчыць, не сумнявайся, але з даволі нікчэмным поспехам. Звернемся лепш да іншай, не такой безнадзейнай тэмы і працягнем спіс. Будзь ласкавая, папрасі міс Овэрман прыслаць Марселя Пруста, як апошняга француза, усяго. Бады яшчэ не зведаў бурнай, навальнічнай сустрэчы з гэтым нязручным, разбуральным геніем сучаснасці, але зараз борзда шыхуецца да яе, не зважаючы на свой юны ўзрост; я ўжо трохі падрыхтаваў яго ў нетрах цэнтральнай бібліятэкі шматлікімі бліскучымі ўрыўкамі, як вось наступны, з нясцерпна балючага “Al’Ombre des jeunes Filles en Fieurs”, наш хвацкі чытач палічыў вартым вывучыць яго на памяць. "On netrouve jamais aussihautsqu’on avaitesperes, unecathedrale, une vague dans la tempete, le bond d’un danseur”. У адно імгненне гэты хлопец дасканала пераклаў кожнае слова за выняткам “vague”, што дакладна азначае “акіянская хваля”, як і “захоплены прыгажосцю"! Калі ён дастаткова сталы, каб яго змагла захапіць прыгажосць непараўнальнага дэкадэнта-генія, ён павінен быць цалкам гатовы паставіцца спакойна і памяркоўна — да юрлівай вычварнасці ды гомасексуалізму; тым болей, што і ў летніку гэтага не так і мала, асабліва сярод Прамежкавых. На маю думку, нямашака ніякіх падстаў для фальшывага, невідушчага далікацтва вакол гэтых рэчаў. Але крый Бог табе ўнушыць містэру Фрэйзару думку, нібыта я прапаноўваю якую-небудзь кнігу Пруста дзеля пажытку Бады. Наперадзе круты паварот! Улічваючы юны ўзрост Бады, містэр Фрэйзар не ўзняўся б вышэй таго, каб выкарыстаць такія факты ў выпадковай размове, ды пацешыць або моцна зацікавіць сяброў, бо ў ім жыве неўтаймаваная пасія быць цэнтрам агульнага інтарэсу падчас размовы! Гэткая падзея, калі б яна адбылася, запэўніваю цябе, паволі рабіла б нам зло, ушчэнт падкопваючы ўсё нашае прыватнае, таемнае ўдасканальванне, якім мы займаемся пад выглядам бяскрыўдных, узорных хлопчыкаў у самых небяспечных, бязлітасных публічных месцах! Хаця ён надзвычай добры ў душы, спагадлівы і адмыслова адукаваны, але язык у яго такі, што містэр Фрэйзар мог бы ім аперазацца, будзь упэўненая. Славалюбства адыгрывае тут нязначную ролю; страта індывідуальнасці ў раннім веку спрычынілася да гэтага куды болей. Удумлівы, адмыслова адукаваны чалавек, ён здатны бессаромна недалікатна выкарыстоўваць свабодную дзіцячую асобу ў якасці забаўнай тэмы для размовы, бо гэта сумная, бязлітасная праўда, што добрыя людзі, якія недастаткова настойліва намагаюцца высветліць сваё ўласнае прызначэнне і заўсёдную адказнасць у жыцці, задавальняюцца паразітычным заняткам, жыруючы на жыццях іншых, як вампіры. Містэр Фрэйзар, страшэнна мілы чалавек, прынамсі, даволі часта, здабыў маю прыхільнасць з самага пачатку, але я катэгарычна адмаўляюся дазволіць яму самавольнічаць у дачыненні да майго малодшага брата, як і да любога іншага перспектыўнага, яшчэ нікому не вядомага генія такога надзіва ранняга веку, робячы з яго штосьці накшталт рыбы, за кошт якой існуе арганізм-паразіт! Бязмерная страта, адзінае, што можа быць ад гэткага глупства! Прыкладзі ўсе намаганні, каб гэты выключны юнак як мага даўжэй заставаўся адным з сяброў наскрозь людское, боскае грамады звычайных!

Далей спіс працягваю наўдачу.

Збор твораў, поўны, сэра Артура Конан-Дойля, за выняткам тых кніжак, дзе Шэрлак Холмс ніяк не самы галоўны, да прыкладу, “Белай дружыны”. А табе будзе з чаго пасмяяцца ды павесяліцца, калі я распавяду пра звязаны з гэтым выпадак, што здарыўся са мною аднаго дня, зусім нядаўна! Я бесклапотна гілаваў у возеры, аддаючы даніну воднаму спорту, без аніякіх думак у галаве, хіба што прыгадваючы са спачуваннем вартае ўхвалы захапленне міс Констабл, у цэнтральнай бібліятэцы, поўным зборам твораў вялікага Гётэ. У гэты спакойны момант да мяне завітала думка, якая нялітасціва ўзняла мае бровы! Я раптам уцяміў, убачыў як на далоні, што люблю сэра Артура Конан- Дойля, але не люблю вялікага Гётэ! Рухаючыся ў вадзе са жвавасцю бестурботнага лайдака, я выразна зразумеў, што нават тое, ці ёсць у маім сэрцы хоць бы паказное захапленне вялікім Гётэ, далёка не ўстаноўлены факт, а вось мая любоў да сэра Артура Конан-Дойля, да ягонага творчага плёну, факт абсалютны і неаспрэчны! Рэдка мне здаралася зрабіць ярчэйшае адкрыццё, плаваючы ў вадаёмах. Адважваюся сказаць, што ў мяне ніколі не з'явіцца больших шанцаў патануць проста ад удзячнасці за ўзычаную мне долю ісціны Ты толькі задумайся, на адзін ашаламляльны момант, што гэта значыць! Гэта значыць, што кожны мужчына, жанчына і дзіця старэйшыя за, скажам, дваццаць адзін або, самы крайні выпадак, трыццаць, не павінны рабіць нічога асабліва важнага ці вырашальнага ў сваім жыцці, не параіўшыся папярэдне з любімымі асобамі, што жывуць або жылі на свеце. Памятай, малю цябе, што ён не мае ніякага права ўключаць у гэты спіс ніводнага з тых, да каго ён адчувае ўсяго толькі захапленне, няхай сабе ўтрапёнае! Калі асоба ці здабыткі гэтай асобы не абудзілі ягонае любові і не падаравалі яму невытлумачальнага шчасця або вечнага, неадлучнага цяпла, яе трэба бесспагадна выкрасліць са спіса! Для такой асобы можа быць іншы спіс, будзем спадзявацца, вельмі прывабны, але гэты спіс, які я маю на ўвазе, вылучна для любові. Божа мой, гэта можа быць найтанчэйшая, наймацнейшая самаахова супраць ашуканства і хлусні, як для сябе самога, так і для любых сяброў і знаёмых падчас мімалётных і заўзятых размоў з самім сабою! Я ўжо зрабіў у вольны час даволі ладную колькасць такіх спісаў, прызначаных для прыватнага кансультавання, якія ахопліваюць мноства людскіх тыпаў. У якасці відавочнага прыкладу, куды гэта можа прывесці, зараз ты пацешышся ўдосталь, хто, як табе здаецца, у маім спісе адзіны сапраўдны спявак, чый голас або запісаны на кружэлцы “Віктролы”, або мне даводзілася чуць непасрэдна? Энрыка Каруза? Надта баюся, што гэта не так. Акрамя сямейнікаў, чые галасы, безумоўна, ніколі не страчвалі для мяне сваіх чараў, ёсць толькі адзін спявак, пра якога я гатовы сказаць без сумневу, што я люблю, як ён спявае, і не баюся, што хлушу або дужа кемна ашукваю сябе, гэта мой незраўнаны сябар містэр Баблз, з “Бак і Баблз”, які ўсяго толькі нягучна напявае сам сабе ў сваёй гардэробнай, суседняй з вашай у Кліўлендзе! Гэта не прыніжае Энрыка Каруза альбо Эль Джолсана, але факты ўпартая штука! Нічога не зробіш! Склаўшы адзін такі жахлівы спіс, ты прыліпаеш да яго навечна. Кажучы пра сябе, даю табе шчырае слова: вярнуўшыся ў Нью-Йорк, ніколі зноў не буду пакідаць свой пакой нават на момант без добрага стоса такіх спісаў, за выняткам блізкага маршруту ў гасціную або ванную Чыстасардэчна прызнаюся, я не ведаю, да чаго ўсё гэта можа прывесці, але калі гэта не прывядзе да таго, што хлусні на свеце стане болей, скурка варта вырабу. Найгоршае, што могуць зрабіць такія спісы, — засведчыць, які тупы я хлопчык, па сутнасці, не надзелены і каліўцам беззаганнага густу, але ж гэта, мажліва, не зусім так, дзякуй Богу.