Выбрать главу

1. Куды больш пасуе бясконца не любіць герояў і гераізм тады, калі сам ты напраўду гатовы зрабіць штосьці гераічнае. Калі ты не гатовы зрабіць нічога гераічнага, то ўсё роўна можаш годна ўступаць у дыскусію, але страшэнна асцярожна і памяркоўна, вельмі абачліва і пільна ўключаючы кожнае паасобнае святло ў сабе ды яшчэ, магчыма, з падвойнай жарлівасцю молячы Бога, каб ён не даў табе заблудзіцца і знічожаць душою.

2. Дзеля зразумелых прычын ты павінен заўжды мець пры сабе мадэль чалавечага мозгу. Калі ў цябе няма пад рукой мадэлі чалавечага мозгу, яго зусім нармалёва заменіць аблуплены каштан! Але надзвычай неабходна, маючы справу з такімі рэчамі, як героі ды гераізм, уласнымі вачыма ясна бачыць, што чалавечы мозг усяго толькі прыемны, мілы, вельмі адпаведны для доследу прадмет, які сам не мае і каліва праўдзівай здольнасці зразумець гісторыю чалавецтва поўнасцю альбо тое, якую часовую ролю, гераічную ці не надта, мусіш ты зараз выконваць усім сэрцам і сумленнем.

3. Ён, Альфрэд Эрдона, без утойвання прызнае, што асабістым настаўнікам Аляксандра Вялікага ў юнацкія гады быў Арыстоцель. Hi разу, ні пры якой добрай нагодзе, Альфрэд Эрдона засмучана не выгаварыў Арыстоцелю, што той не здолеў навучыць Аляксандра Вялікага, як не стацца вялікім! Нямашака ніводнай згадкі ў ніводнай кнізе на гэтую цікавую тэму, якія я ўвогуле чытаў, каб Арыстоцель калі-небудзь хоць бы папрасіў Аляксандра ўздзець толькі мантыю шараговай вялікасці ды адкінуць, не раўнуючы, як экскрэменты, калі вы мне хуценька прабачыце, якую б там ні было іншую вялікасць.

Тут я ахвотна скончу гэтую праклятую тэму. Мае нервы напружаны да немагчымасці; апроч таго, я цалкам пазбавіў сябе досыць ладнага кавалка часу, які меркаваў прысвяціць сумнеўнаму і надта небяспечнаму, неталенавітаму, напісанаму з халодным сэрцам літаратурнаму твору Тэа Эктана Баўма. Аднак, паўтараю, я не адказвацьму за свой душэўны спакой, калі мы дапусцім, каб наш Бады пайшоў у школу і далей, доўгай, надзвычай складанай дарогай афіцыйнай адукацыі, не ўзброены такім дасведчаннем, як гэтыя пагрозлівыя, самаздаволеныя, зусім звычайныя кніжкі.

Зараз іду літаральна скокам, жартам кажучы, і прашу вас даслаць мне любыя змястоўныя кнігі наконт чалавечага кручэння ці вярчэння. Бадай, ты прыгадаеш, прыняўшы мае гумарыстычныя, найглыбокія спачуванні, што, па меншай меры, трое з тваіх дзяцей, цалкам незалежна адно ад аднаго ды без чыёй бы там ні было навукі, набылі далікатную звычку надзвычай хутка круціць целам, як абручом. Пасля гэтага надта дэманстратыўнага, паказнога практыкавання асоба, якая такім манерам круціцца, можа часта, хоць далёка не заўсёды, знайсці вырашэнне таго ці іншага пытання, зазвычай, вельмі нязначнага, або даць на яго фунтоўны адказ. Неаднойчы ў бібліятэцы гэтае неацэннае практыкаванне дапамагала мне ў той ці іншай дробнай справе; вядома, ты мусіш знайсці месца, дзе цябе не ўбачаць няўзброеным вокам. На сённяшні дзень я, канечне, выявіў, што здаўна багата людзей ва ўсім свеце з поспехам ужывалі такое практыкаванне, гэта датычыць, у пэўнай ступені, нават мілых, кранальных трасуноў. Апроч таго, ходзіць вартая ўвагі чутка пра тое, што святы Францішак з Асізі, цудоўная постаць, аднойчы папрасіў сабрата манаха трохі пакруціцца, калі яны былі на адказным раздарожжы і вагаліся, які абраць кірунак. Так, несумненна, тут мы маем візантыйскі ўплыў на трубадураў, але я далёка не перакананы, што гэты досвед можа быць абмежаваны адным кутком нашае незвычайнае зямное кулі. Хоць сам я ў вельмі хуткім часе назаўжды кіну круціцца, пераклаўшы болей адказнасці на іншую частку мозгу, але фактам застаецца, што шматлікую інфармацыю на гэтую тэму трэба толькі вітаць, бо малыя, паводле сваіх уласных матываў, магчыма, пажадаюць працягваць падобны занятак і надалей, яшчэ доўга пасля таго, як даспеюць; па праўдзе, дык я сумняваюся ў гэтым.