У лютым гэтага памятнага года я спазнаў невыказную асалоду ад жвавай гамонкі, што доўжылася поўную, прыемную чвэрць гадзіны, з павабнай жанчынкай, родам з Чэхаславаччыны, асобай у цёмным дарагім уборы, аднак з цікавымі, кранальнымі, бруднымі пазногцямі. Гэты выпадак здарыўся ў цэнтральнай бібліятэцы, недзе праз месяц пасля таго, як высокашаноўны Луіс Бэнфард у адказ на мой ліст цудоўным чынам і без затрымкі зрабіў маю сумнеўную прысутнасць тамака магчымай. Назваўшыся маткай маладога дыпламата, і гэта знайшло сваё пацвярджэнне, яна мякка ўвяла ў размову імя свайго ўлюбенага паэта, чэха Отакара Бржэзіны, горача рэкамендуючы мне прачытаць яго. Магчыма, містэр Фрэйзар зможа знайсці для мяне адну з ягоных кніг, баюся, у ангельскім перакладзе. Не ўсё так і блага, калі гэтая неверагодная жанчына, хаця і дужа нервовая і, па праўдзе, неўраўнаважаная, мела ў жыцці чарадзейную, журботную іскру любові! У містэра Бржэзіны тут ёсць нязломная прыхільніца! Божа, блаславі спадарынь у дарагіх, густоўных строях і з мілымі, бруднымі пазногцямі, тых, што адстойваюць таленавітых замежных паэтаў і аздабляюць бібліятэку на пекны, меланхалічны манер! Мой Божа, строіць кепікі з Твайго сусвету не выпадае!
У заключэнне, цяпер ужо, бадай, апошняе, я быў бы надзвычай удзячны, калі б'вы папрасілі міс Овэрман папрасіць місіс Гантар, мажліва, па тэлефоне, калі зручна, зрабіць ласку адшукаць студзеньскі выпуск “Часопіса Дублінскага універсітэта” за 1842 год, студзеньскі выпуск “Часопіса джэнтльмена” за 1866 год і вераснёўскі нумар “Паўночнага Брытанскага агляду” за 1866 год, бо ўсе тры не надта свежыя часопісы змяшчаюць артыкулы пра аднаго вельмі дарагога мне сябра, толькі па перапісцы, падчас папярэдняга майго існавання, прызнаюся, гэта сэр Уільям Роўван Гамільтан! Я вельмі рэдка здольны рабіць гэта, яшчэ адно пацвярджэнне, што ліха без дабра не бывае, але я ўсё яшчэ магу ўбачыць перад сабой ягоны сяброўскі, самотны, таварыскі твар, хоць і гады ў рады! Аднак не ўпамінай міс Овэрман ні пра якія асабістыя сувязі накшталт гэтых, заклінаю цябе! Усе асаблівасці ейнай аўтаматычнай рэзкай рэакцыі на такое нармальныя і натуральныя; міс Овэрман нязменна ашаломлена, устрывожана і засмучана, калі я, зрэдку, бываю дастаткова неразумным і неасцярожным і закранаю непапулярную тэму ўвасабленняў. Ёсць і яшчэ адзін момант, які не спрыяе таму, каб знаёміць яе з падобнымі сумнеўнымі дэталямі, а менавіта, на жаль, яны становяцца предметам дужа прыкрага абгаворвання ў кампаніі дарослых. Хаця міс Овэрман, звычайна, не выкарыстоўвае нас, вашага сына Бады і мяне, як сумнеўныя тэмы для размовы, каб пазабаўляць ейных сяброў і калегаў, будучы высакароднаю жанчынаю, якой уласціва лічыцца з пачуццямі іншых людзей і з іхнім сумнеўным становішчам, яна абсалютна няздольная стаіць асаблівую ці пазначаную пэўнай навізной інфармацыю ад містэра Фрэйзара ці якога іншага добра апранутага, культурнага джэнтльмена з адметнымі сівымі валасамі; гэткія джэнтльмены — ейная вечная слабасць, яна схільная адчуваць да іх лёгкую закаханасць, калі тыя з ёю зычлівыя і ўважныя або перасыпаюць сваю гаворку ветлым пакепліваннем, шчыра ці няшчыра. Вядома, гэта дробны, смяхотны недахоп, але махнуць рукой і дазволіць сабе неасцярожнасць задорага абышлося б. Калі ласка, проста папрасі яе, каб яна патэлефанавала місіс Гантар, магчыма, мы здолеем дастаць згаданыя часопісы без вялікіх нязручнасцей, не падавай ніякіх прычын, хіба што вымаві адным дыхам, зусім мімаходзь, маўляў, яна, міс Овэрман, заўжды перадае нам цудоўнае, лёгкае чытанне, якім нядаўна цешылася сама. Ад гэтых слоў за вярсту патыхае страшэннаю двудушнасцю, але ейны густ датычна лёгкага чытання часта бывае і высокі, таму са шкадаваннем я ўсё ж рэкамендую ўжыць гэткі манеўр. Давяраю тваёй абачлівасці, як у дадзенай, так і ва ўсіх астатніх справах, хоць пра гэта, Бэсі любая, я мог бы і не казаць. А яшчэ мы з удзячнасцю ўспрынялі б, калі б вы сунулі мімаходзь у ёмкі канверт твор містэра і місіс Мун Малінз ды, можа, пару паасобнікаў “Вар'етэ” пасля таго, як прачытаеце іх самі. Ісусе Хрысце, якім цяжарам, якой дакукай і ўвогуле мітрэнгай я раблюся ў вашым жыцці! Дня не бывае, каб я забыўся на сваю паганую патрабавальнасць!
I яшчэ, дарэчы, магчыма, варта сказаць: папярэдзь міс Овэрман, што містэра Фрэйзара можа добра-такі збянтэжыць і ўгнявіць колькасць заказаных мною кніг, хоць сам містэр Фрэйзар не парупіўся назваць максімальны лік, які ён з ахвотай даслаў бы нам, пакуль мы ў ад'ездзе. Будзьце ласкавыя, папрасіце міс Овэрман пераканаць яго, што абодва мы чытаем з падвышанай, неверагоднай хуткасцю кажнюткі дзень і зможам вярнуць любыя вельмі рэдкія кнігі ўмомант, калі гэта спатрэбіцца і як толькі здабудзем маркі. Баюся, тут будзе безліч цяжкасцей. Ён, містэр Фрэйзар, і сапраўды вельмі шчодры, добры чалавек, з надзвычайна высокай ступенню талерантнасці ў дачыненні да паганых рысаў маёй натуры, але ў ягонай шчодрасці тоіцца і хітрынка, бо яму падабаецца бачыць удзячныя твары сваіх даўжнікоў, калі ён робіць ім ажно такую ласку. Па-чалавечы, тут усё зразумела, і не трэба чакаць або дарэмна жадаць, каб гэткае знікла на зямлі за адну ноч, так ці інакш, майце мае словы на ўвазе. На мой прыватны, гумарыстычны погляд, нам страшэнна пашанцуе, калі містэр Фрэйзар дашле нам самае большае дзве або тры кнігі з усяго спіса! О, мой Божа, можна адурэць ад такой камічнай думкі!