Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасяліўся народ, які потым пачалі называць грэкамі. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымі грэкамі, або элінамі, а іх краіну - Эладай.
Эліны пакінулі народам усяго свету багатую спадчыну: велічныя збудаванні, якія і да нашых дзён лічацца самымі прыгожымі на свеце, цудоўныя мармуровыя і бронзавыя статуі і вялікія творы літаратуры, якія людзі чытаюць і цяпер, хоць яны напісаны на мове, на якой даўно ўжо ніхто не гаворыць на зямлі. Гэта «Іліяда» і «Адысея» - гераічныя паэмы пра тое, як грэкі бралі ў асаду горад Трою, і пра вандроўкі і прыгоды аднаго з удзельнікаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалі вандроўныя спевакі, і створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.
Ад старажытных грэкаў засталіся нам іх паданні, іх старажытныя сказанні - міфы.
Грэкі прайшлі доўгі гістарычны шлях; спатрэбіліся стагоддзі, перш чым яны сталі самым адукаваным, самым культурным народам старажытнага свету. Іх уяўленні пра будову свету, іх спробы вытлумачыць усё, што адбываецца ў прыродзе і ў чалавечым грамадстве, знайшлі сваё адлюстраванне ў міфах.
Міфы ствараліся, калі эліны яшчэ не ведалі граматы, складаліся паступова, на працягу некалькіх стагоддзяў, перадаваліся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне і ніколі не былі запісаны як адна цэласная кніга. Мы ведаем іх ужо з твораў старажытных паэтаў Гесіёда і Гамера, вядомых грэчаскіх драматургаў Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда і пісьменнікаў больш позніх эпох.
Вось чаму міфы старажытных грэкаў даводзіцца збіраць з самых розных крыніц і пераказваць іх.
Паводле асобных міфаў можна аднавіць карціну свету, як уяўлялі яго сабе старажытныя грэкі. Міфы расказваюць, што спачатку свет насялялі страшыдлы і веліканы: гіганты, у якіх замест ног выгіналіся вялізныя змеі; сторукія, вялізныя, нібы горы; злосныя кіклопы, або цыклопы, - з адным бліскучым вокам пасярод ілба; грозныя дзеці Зямлі і Неба магутныя тытаны. У вобразах гігантаў і тытанаў старажытныя грэкі ўвасаблялі стыхійныя магутныя сілы прыроды. Міфы расказваюць, што пазней гэтыя стыхійныя сілы прыроды ўтаймаваў і пакарыў Зеўс - бог неба, Грамавержац і Хмараганіцель, які ўпарадкаваў свет і стаў уладаром Сусвету. На змену тытанам прыйшло царства Зеўса.
Ва ўяўленні старажытных грэкаў багі былі падобны на людзей і адносіны паміж імі нагадвалі адносіны паміж людзьмі. Грэчаскія багі сварыліся і мірыліся, увесь час умешваліся ў жыццё людзей, удзельнічалі ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, «загадваў» пэўнай «гаспадаркай» у свеце. Эліны надзялялі сваіх багоў чалавечымі характарамі і схільнасцямі. Ад людзей - «смяротных» - грэчаскія багі адрозніваліся толькі тым, што былі бессмяротныя.
Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальніка, суддзю і гаспадара, так і сярод багоў грэкі лічылі правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса - яго брат, жонка і дзеці - падзялялі з ім уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лічылася ахоўніцай сям'і, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамі; Гадэс, або Аід, кіраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багіня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былі дзеці: Апалон - бог святла, апякун навук і мастацтваў; Артэміда - багіня лясоў і палявання, Афіна Палада, якая нарадзілася з галавы Зеўса, - багіня мудрасці, ахоўніца рамёстваў і ведаў; кульгавы Гефест - бог-каваль і механік; Афрадыта - багіня кахання і прыгажосці, Арэс - бог вайны, Гермес - вястун багоў, самы блізкі памочнік і любімец Зеўса, ахоўнік гандлю і мараплавання.
Міфы расказваюць, што гэтыя багі жылі на гары Алімп, якая была заўсёды закрыта ад вачэй людзей воблакамі, карміліся «ежай багоў» - нектарам і амброзіяй, і ўсе справы вырашалі на банкеце ў Зеўса.
Людзі на зямлі звярталіся да багоў - да кожнага па яго «спецыяльнасці», будавалі для кожнага з іх храмы і, каб улагодзіць, прыносілі ім дарункі - ахвяры.
Міфы расказваюць, што, апрача гэтых галоўных багоў, уся зямля была населена багамі і багінямі, якія ўвасаблялі сілы прыроды.
У рэках і ручаях жылі німфы Наяды, у моры - Нерэіды, у лясах - Дрыяды і Сатыры з казлінымі нагамі і з рожкамі на галаве; у гарах жыла німфа Рэха.
У небе гаспадарыў Геліёс - сонца, які кожны дзень аб'язджаў увесь свет на сваёй залатой калясніцы, запрэжанай вогнедышнымі коньмі; раніцай пра яго выезд абвяшчала румяная Эас - зара; уночы над зямлёй смуткавала Селена - месяц. Вятры ўяўляліся ў выглядзе розных багоў: паўночны грозны вецер - Барэй, цёплы і мяккі - Зефір.