- Не ведаю ніякага Зеўса! - груба перапыніў Язона чалавек у чорным плашчы. - Я - Амік, у мяне свае законы. Калі ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзіце! - І ён паказаў дубінаю: каля ўвахода ў паселішча на доўгіх жэрдках тырчалі высахлыя чалавечыя галовы. - Месца хопіць і для вас, марскія бадзягі! - засмяяўся дзікун.
Бебрыкі таксама ўсміхаліся, ім падабаўся жарт цара.
Амік гаварыў далей:
- Усіх чужаземцаў, якія ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! - І ён ганарыста ўзняў свой кулак велічынёй з галаву Язона. - Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзіць са мною на кулачкі! Хто мяне пераможа - будзе тут гаспадаром, каго я перамагу - з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?
Ледзь стрымліваючы гнеў, слухалі арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў ні слова і пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзіў Палідэўк.
- Мяне называлі калісьці лепшым кулачным байцом у Эладзе, - сказаў ён таварышам, - дазвольце мне ўціхамірыць гэтага бебрыка. - І, павярнуўшыся да Аміка, пачціва пакланіўся: - Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!
Велікан паглядзеў на Палідэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.
Але Палідэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч і шлем і аддаў у рукі брату Кастору, каб ён патрымаў іх у час бою.
Амік, сярдзіта буркнуўшы, адкінуў убок сваю дубіну з такою сілаю, што пыл узняўся слупам. Праціўнікі скінулі на траву свае плашчы і абматалі рамянямі рукі па локці.
Бебрыкі прагным натоўпам акружылі іх. Арганаўты горда стаялі стройнымі радамі воддаль.
- Ну, малы, зараз табе будуць канцы! - фанабэрыста сказаў Амік, размахнуўся і абрынуў свой цяжкі кулак проста на галаву Палідэўка.
Але Палідэўк своечасова ўхіліўся і стукнуў злёгку праціўніка ў жывот.
- О-хо-хо! - рагатнуў Амік. - Ты вёрткі, малыш, але не дражні мяне - я не люблю, калі мяне казычуць. - І, нагнуўшыся, з сілай выкінуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзі, пад сэрца.
Палідэўк адскочыў убок і з размаху стукнуў велікана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвінела і чырвоныя кругі паплылі перад вачамі. Бебрык раз'ятрыўся і, не памятаючы сябе, пачаў біць направа і налева, куды папала, трацячы дарэмна сілы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухіліцца, адскочыць назад і толькі стараўся знясіліць свайго праціўніка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесці рашаючы ўдар. Нібы раз'юшаны бугай, кідаўся Амік ва ўсе бакі, цяжка дыхаючы, і пот буйнымі кроплямі каціўся з расчырванелага твару і падаў на зямлю, нібы дождж.
А юны грэк, лёгкі і гнуткі, спрытна кружыўся вакол непаваротлівага бебрыка і раптам, імкліва напаўшы на яго, ударыў у скроню - раз і другі - з такою сілаю, што рассек яму чэрап.
Амік захістаўся, упаў на калені; кроў лінула ў яго з рота.
Узняўшы шчыты, гучна віталі пераможцу арганаўты.
Бебрыкі ж, як толькі ўбачылі, што цар іх забіты, кінуліся да Палідэўка з дубінамі. На выручку брату паспяшаўся з мячом Кастор і велікан Анкей са сваёй цяжкай сякерай. Давялося арганаўтам уступіць у нечаканы бой. Мячы скрыжаваліся з дубінамі. Бітва была нядоўгая. Бебрыкі ў жаху кінуліся наўцёкі; арганаўты гналіся за імі і вучылі гасціннасці.
- Мы прыйшлі да вас з мірам. Мы не хацелі рабіць вам зла, - гаварыў Язон. - Нам нічога не трэба было ад вас, акрамя добрага слова і свежай вады на дарогу. Запомніце ж цяпер нашу запаведзь: паважайце гасцей і чужаземцаў. Па нашых слядах прыплывуць іншыя - сустракайце іх як сяброў, памагайце тым, хто смела плыве ўперад па нязведаных морах, хто пракладае дарогу для ўсіх!
Язон загадаў зняць з жэрдак мёртвыя галовы чужаземцаў, забітых Амікам, і пахаваць іх.
Перапалоханыя бебрыкі прынеслі арганаўтам багатыя дарункі і наладзілі баль. Героі перавязалі свае раны, забылі пра нядаўнюю бойку і весела балявалі на беразе перад паселішчам бебрыкаў.
Пераможна гучала залатая кіфара, спяваў Арфей, і людзі ў звярыных шкурах са здзіўленнем слухалі песні далёкай краіны.
Усё далей і далей на ўсход плыў «Арго». Ужо шмат дзён былі арганаўты ў дарозе. Яны мінулі другое мора і хутка павінны былі ўбачыць трэцяе - апошняе на іх шляху, самае шырокае, бурнае і невядомае мора. Нават спрактыкаваны марак Тыфіс нічога не ведаў пра яго. Арганаўты доўга шукалі праходу з Прапантыды ў гэтае новае мора і, перш чым рушыць у апошні пераход, вырашылі адпачыць і спыніліся паблізу фракійскага горада Салмідэса.