Выбрать главу

Пачуўшы гэта, салмідэскія хлапчукі пабеглі, злавілі маладога голуба і прынеслі сляпому цару.

Фінэй абмацаў, ці дужыя крылы ў птушкі, і аддаў голуба Язону.

Назаўтра раніцай арганаўты развіталіся з Фінэем, селі на карабель і паплылі туды, дзе чакала іх удача або пагібель.

Паміж рухомымі скаламі

Арганаўты павольна плылі па вузкім, усыпаным падводнымі камянямі праліве, глядзелі ўперад і маўчалі, таму што ў час небяспекі дужы не хоча паказваць перад іншымі сваю трывогу і ў сабе самім шукае падтрымкі.

Праліў пашыраўся ў канцы; ужо віднеліся вялізныя сінія скалы, якія закрывалі выхад у мора, і чуваць было, як біліся аб іх хвалі.

- Сімплягады! - сказаў урачыста Тыфіс.

І ўсе ўбачылі, як скалы раптам рассунуліся, разышліся, пакідаючы праход, нібы запрашалі «Арго» прайсці паміж імі. Хвалі з шумам рынуліся ў праход, несучы карабель уперад. Але тут скалы зноў сышліся, з грукатам стукнуўшыся адна аб адну. Мора вакол зашыпела, і белая пена ўскіпела на грабянях хваль.

Хвалі неслі «Арго» проста на скалы. На носе карабля стаяў Язон і трымаў у руках голуба. Як толькі скалы разышліся зноў, Язон выпусціў птушку ў праход; яна паляцела паміж скалаў, якія хутка сыходзіліся зноў, пагражаючы раздушыць маленькі белы камячок. З грукатам сутыкнуліся гмахі, і мора адкінула карабель назад. Ён закружыўся, нібы трэска. Зноў рассунуліся скалы, і арганаўты з радасцю ўбачылі, што белы голуб праляцеў Сімплягады. Яны гучна закрычалі.

Тыфіс загадаў веславаць з усяе сілы і як мага хутчэй.

Мора раптам уздыбілася пад караблём і кінула яго ў паток паміж скаламі. Насустрач «Арго» ішла другая хваля, яшчэ вышэйшая, і вёслы арганаўтаў сагнуліся ў дугу.

Тады Тыфіс загадаў: «Кіньце веславаць!» - і вёслы, узляцеўшы ўгору, спыніліся. Грозны вал пакаціўся пад кіль карабля і пачаў кідаць і круціць «Арго», а скалы ўжо сыходзіліся.

- О, царыца Алімпа, выратуй нас! - пачалі маліць арганаўты.

І вось над бурлівым морам з'явілася сама багіня Гера. Левай рукой яна спыніла скалу, якая пагражала раздушыць карабель, а праваю моцна штурхнула «Арго» ўперад, і ён нібы страла праляцеў паміж скалаў.

Быццам злуючыся, спыніліся грозныя скалы і ўжо не сышліся больш. Так і засталіся яны стаяць каля ўвахода ў мора, і з таго часу караблі свабодна праплываюць паміж імі.

Канец дарогі

Арганаўты апынуліся на марскім прасторы і шумна радаваліся, што пазбеглі пагібелі.

- Цяпер нам нічога не страшна! - сказаў весела рулявы. - Мы мінулі Сімплягады, і гэта добрая прыкмета: мінуем і ўсе перашкоды, якія яшчэ нас чакаюць.

Але Язон меў збянтэжаны і сумны выгляд.

- Гэта мая віна, - гаварыў ён, - я завабіў вас у чужое страшнае мора, я прымусіў гэтак цяжка вас працаваць, праз мяне вы рызыкуеце сваім жыццём... Навошта я паклікаў вас з сабою ў падарожжа, якое пагражае небяспекаю? Сядзелі б вы спакойна дома...

Ды гэта былі толькі хітрыкі: ён хацеў упэўніцца, ці не аслабелі духам арганаўты пасля суровага выпрабавання каля рухомых скалаў.

Героі адказалі смехам на хітрыя словы Язона.

- Тады паплывём далей! - усклікнуў ён весела. - У Калхіду, у Калхіду! Здабудзем залатое руно!

І «Арго» паплыў далей.

Аддаліўшыся ад Сімплягадаў, арганаўты павярнулі направа і паплылі ўздоўж берагоў, асцярожна абмінаючы скалістыя мысы і вялікія водмелі, якіх сустракалася цяпер шмат на іх шляху. Яны праплывалі міма земляў, населеных рознымі народамі, невядомымі ім раней, бачылі ваяўнічых жанчын-амазонак, якія праносіліся на дзікіх конях, бачылі высокія вежы, пабудаваныя на гарах, зарослых лесам, мінулі краіну халібаў, якія здабывалі з зямлі жалеза.

Аднойчы ўдзень «Арго» наблізіўся да невядомай выспы. Вялікая чырвоная птушка сядзела на беразе і, убачыўшы «Арго», паляцела яму насустрач.

Падарожнікі са здзіўленнем пазіралі на яе. Раптам яна скінула пяро. Яно ўпала на карабель і ўпілося ў плячо аднаго з весляроў. Палілася кроў, і ад болю вясляр выпусціў з рук вясло. Выцягнулі пяро з раны і ўбачылі, што гэта была вострая медная страла.

Прыляцела другая птушка. Адзін з арганаўтаў схапіў свой лук і стрэліў у яе. Птушка ўпала ў мора. Пер'е яе звінела і зіхацела на сонцы.