Між тым цар, даведаўшыся, што прыехалі ўнукі і з імі нейкія чужаземцы, прыслаў слугу паклікаць усіх да сябе.
Са страхам увайшлі арганаўты ў вялікі палац, не ведаючы, што іх чакае.
У вялікай прыгожай зале за сталом на пазалочаным крэсле, пакрытым звярынай шкурай, сядзеў цар Калхіды і абедаў. Ён сустрэў арганаўтаў няветліва, ледзь кіўнуў галавой і сказаў:
- Будзьце гасцямі, калі прыйшлі. - І, нахмурыўшыся, спытаў у старэйшага сына Фрыкса: - Што прымусіла вас вярнуцца?
Юнак расказаў пра караблекрушэнне і пра тое, як яго і братоў выратавалі арганаўты, якія плылі ў Калхіду.
- Чаго? - было кароткае пытанне.
Сын Фрыкса збянтэжыўся, паказаў на Язона і назваў яго імя:
- Цар Іолка загадаў яму раздабыць залатое руно, якое пакінуў у цябе мой бацька.
- Выдумкі! - грымнуў у адказ Ээт. - Я вас бачу наскрозь, дзеці элінскага беглага царэвіча! Вы знайшлі сабе абаронцу сярод сваіх родзічаў і вярнуліся, каб адабраць у мяне царства! Вы прывялі сюды гэтых воінаў і пасадзілі за мой стол, як гасцей, каб я не мог забіць іх! Прэч адсюль, пакуль вы жывыя, пакуль я не загадаў схапіць вас усіх да аднаго!
Запальчывы Тэламон усхапіўся са свайго месца і закрычаў:
- Не смей зневажаць нас, варвар*!
* Варвар - варварамі старажытныя грэкі і рымляне называлі ўсіх чужаземцаў.
Але Язон спыніў яго дужаю рукою, выйшаў з-за стала і сказаў цару спакойна:
- Мы праплылі тры моры, мінулі шмат краін. Нас прасілі застацца жыць на Лемнасе; мы перамаглі бебрыкаў; мы знішчылі веліканаў з Мядзведжай гары. Калі б нам патрэбна была зямля, навошта нам было плыць так далёка? Не хвалюйся, нам не патрэбна тваё царства. Мы прыплылі сюды па залатое руно. Але мы не жабракі і не разбойнікі. Мы ўмеем трымаць зброю ў руках і гатовы паслужыць табе за руно. Калі ў цябе ёсць ворагі, пашлі нас біцца з імі. Клянуся, мы зможам заваяваць залатое руно.
Цар задумліва слухаў Язона. Ён прыкідваў: схапіць Язона сілай зараз жа ці загубіць хітрасцю?
Потым сказаў:
- Сваіх ворагаў я забіваю сам, мне не патрэбна дапамога чужаземцаў. Я зусім не даражу залатым руном і мог бы падарыць яго табе, ды баюся гэтым падарункам варвара пакрыўдзіць смелых падарожнікаў. Я дам табе магчымасць зарабіць руно. У мяне ёсць два прыгожыя і магутныя валы - мне падарыў іх божы майстар Гефест, і ёсць пустое поле, дзе нічога не расце. Запражы маіх валоў, узары гэтае поле, засей яго, і, калі поле зарунее, ты атрымаеш тое, што табе належыць.
Язон здзівіўся такому простаму даручэнню і падумаў, ці няма тут якога каварства.
Ээт усміхнуўся:
- Бачу я, ты лічыш гэту работу простай і ганебнай для сябе. Дарэмна! Гэтая работа вельмі цяжкая, не кожны выканае яе. Я не ведаю, герой, ці хопіць у цябе сілы справіцца з ёю.
І ён так паглядзеў на Язона, што арганаўт задрыжаў і зразумеў, што работа не такая простая, як яму здалося спачатку.
- Ідзі цяпер на свой карабель, - гаварыў далей Ээт, - раскажы таварышам, які міласцівы да вас цар Калхіды. Заўтра раніцай прыходзь на той бераг, на поле Арэса. Валы пасуцца там каля ракі. Я прыеду і прывязу табе насенне.
Язон развітаўся з царом, і арганаўты пайшлі. Калі яны праходзілі па двары, Язона спыніла старая - служанка Медэі:
- Мая гаспадыня просіць цябе прыйсці зараз у храм Гекаты. Яна будзе чакаць цябе там. Спяшайся, бо жыццё тваё і тваіх таварышаў у небяспецы.
Язон загадаў Тэламону і Аўгіясу вярнуцца на карабель і чакаць яго там, а сам узяў за правадніка сына Фрыкса і падаўся ў храм Гекаты.
Храм Гекаты, багіні зданяў і жахаў, знаходзіўся за горадам, у гаі на пагорку. Там стаяла статуя, якая мела тры твары - у знак таго, што багіні падуладны неба, зямля і падземнае царства.
У гаі бадзяліся сабакі, прысвечаныя Гекаце, жаласна бляялі ў траве чорныя ягняты, падрыхтаваныя для ахвяраў багіні.
Калі Язон, пакінуўшы свайго юнага спадарожніка, зайшоў у гай Гекаты, Медэя выйшла яму насустрач і сказала:
- Я дачка Ээта, Медэя. Я служу Гекаце і ведаю шмат такога, чаго не ведаюць людзі. Я магу ажывіць забітага і зрабіць старога маладым. Магу прынесці ў дом няшчасце, наслаць страх і тугу на чалавека, пазбавіць яго спакою. Сам цар, мой бацька, баіцца мяне. Але табе я не жадаю зла. Слухай! Цар задаў табе страшную задачу. Валы, на якіх ты павінен узараць поле, насенне для пасеву і само поле - не простыя. У валоў гэтых медныя ногі, агонь вылятае з пашчы - гэта валы бога Сонца. Шалёныя яны, і звычайнаму чалавеку не справіцца з імі. Замест насення цар дасць табе зубы дракона. Калі ты пасееш іх на полі Арэса, там вырастуць воіны без ліку і заб'юць вас усіх.