Выбрать главу

Так гаварыла Медэя і пазірала на Язона з жалем.

Язон апусціў галаву:

- Ну што ж... Адступаць няма куды. Мяне чакае пагібель. Але людзі не назавуць мяне баязліўцам.

Медэя сказала:

- Я не хачу тваёй пагібелі. Не ведаю чаму - мне шкада цябе, чужаземец! Мне хочацца выратаваць цябе!

- Тады памажы нам, калі ты можаш! - усклікнуў Язон. - Памажы здабыць залатое руно, і я праслаўлю цябе па ўсёй Эладзе. За трыма марамі, далёка адсюль, мы будзем з удзячнасцю паўтараць тваё імя.

Тады чараўніца дала яму ракавіну з цёмнай маззю і сказала:

- Недалёка адсюль, у гарах, да скалы над морам прыкаваны тытан Праметэй. Ён выкраў у багоў іскру боскага агню і падарыў людзям. За гэта багі жорстка пакаралі яго. Кожны дзень прылятае арол і дзяўбе яго печань. Кроў капае з раны на скалу і на пясок каля мора. На пяску, палітым крывёю Праметэя, вырастае дзікая і страшная кветка. З чорнага кораня гэтай кветкі я здабыла чарадзейны сок і прыгатавала гэтую мазь. Вазьмі яе. Апоўначы апраніся ў чорнае, ідзі да ракі, пакупайся ў ціхай вадзе, а раніцай натры гэтай маззю ўсё сваё цела, і яно зробіцца дужым і непаражальным, і агонь з пашчаў валоў не пашкодзіць табе. Змаж таксама ўсю сваю зброю - меч, і кап'ё, і шчыт. Гэта мазь дае сілу на адзін толькі дзень. Але ў цябе хопіць часу, каб выканаць усё, што патрабуе цар. Калі з зубоў дракона, якія ты пасееш на полі, вырастуць узброеныя людзі, шпурні адразу ж у іх каменем. Яны не ўбачаць, хто гэта зрабіў, падумаюць адзін на аднаго, пачнуць біцца між сабою - і ты зможаш адзін пазабіваць іх усіх. Цяпер ідзі, жадаю табе ўдачы. Але калі ты возьмеш залатое руно, паедзеш адсюль і будзеш шчасліва жыць на сваёй радзіме, не забывай мяне. Абяцай, што ты мяне не забудзеш!

Яна глядзела на Язона з любоўю і здалася яму ў гэту хвіліну такой добрай і прыгожай, што ён пачаў прасіць яе:

- Паедзем са мною. Я вазьму цябе на «Арго», звязу ад твайго ліхога бацькі, і ты будзеш маёй жонкаю і царыцай у Іолку.

Медэя маўчала і круціла галавою, хоць словы Язона і радавалі яе.

Доўга стаялі яны разам у гаі Гекаты і пазіралі адно на аднаго.

Сонца пачало хіліцца да захаду, і Язону пара было вяртацца на карабель.

- Заўтра, калі цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусціць цябе са мною, - сказаў Язон.

І яны рассталіся.

На полі Арэса

Раніцай цар Калхіды надзеў свае даспехі, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на калясніцу і паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў - усім хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.

А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела і зброю і адчуў у сабе вялікую сілу. Ён быў увесь нібы выкаваны з жалеза, і ні кап'ё, ні меч не маглі прычыніць яму шкоды.

Арганаўты селі на карабель і паплылі да поля Арэса, дзе іх ужо чакаў Ээт.

Язон узяў у цара зубы дракона і адзін выйшаў у поле. На краі поля ляжалі ярмо і плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялі валы. Раптоўна, нібы адчуўшы, што герой ідзе да іх, яны з рыкам выскачылі са стойла і рынуліся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом і стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сіле. Валы стукнулі рагамі ў шчыт і адскочылі прэч. Яны зараўлі, выпусцілі сноп агню, хацелі спапяліць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоілася, абмінула Язона і сышлося за яго галавой. Жывы і здаровы ў кальцы агню, ён смела схапіў рукою за рог аднаго вала, потым другога і надзеў на іх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг і пагнаў па полі. Арганаўты радасна закрычалі, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзівіўся незвычайнай сіле героя.

Шпарка імчаліся па полі валы, рэжучы плугам глыбокія барозны, і Язон кідаў на ўзараную зямлю зубы дракона.

Шмат разоў прабеглі валы з канца ў канец Арэсава поля, і вось усё яно было ўзарана і засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў і кап'ём загнаў іх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воіны, ён пайшоў на бераг ракі, зачэрпнуў шлемам вады і напіўся. І адчуў, што сілы ў ім ані не паменшала. Ён глядзеў на поле і чакаў.

Нібы першыя парасткі, паказаліся з зямлі канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблішчалі шчыты, зазвінелі, раскідваючы зямлю, мячы - і ў адно імгненне ўсё поле запоўнілася воінамі.

Язон памятаў хітрую параду Медэі. Ён падняў з зямлі вялізны камень, які чатыры дужыя чалавекі ледзь маглі б скрануць з месца, размахнуўся, шпурнуў яго ў сярэдзіну і забіў адразу некалькі воінаў. Воіны не зразумелі, адкуль прыйшла бяда, выцягнулі мячы і пачалі забіваць адзін аднаго. Тады Язон смела напаў на іх, сек і знішчаў усіх, хто яму трапляўся. Хутка ўсё поле пакрылася трупамі, і чорная кроў запоўніла да краёў барозны, якія засталіся пасля плуга.