Колхі вывелі свае судны ў мора і паплылі ўслед за «Арго».
Залатое руно было здабыта, і арганаўты плылі дадому. Спадарожны вецер надзімаў ветразі, марская далячынь была чыстая, чароды дэльфінаў бесклапотна плюхаліся вакол «Арго». Ды нявесела было на караблі. На карме залівалася слязьмі Медэя. Яна пазірала ў той бок, дзе засталіся яе дом і бацька. Заклапочана хмурыўся Язон, і арганаўты ні ўдзень, ні ўночы не выпускалі з рук зброі, чакалі пагоні.
Яны не захацелі вяртацца той самай дарогай, па якой прыплылі ў Калхіду. Сын Фрыкса, які пакінуў разам з імі Калхіду, расказаў ім, што чуў ад калхідскіх карабельшчыкаў, нібыта з таго боку мора, насупраць Калхіды, ёсць вялікая паўнаводная рака Істр. Яна бярэ свой пачатак далёка на поўначы, у краіне халоднага ветру, цячэ па шмат якіх землях і краінах і сустракаецца з другой ракой, якая ўпадае проста ў тое мора, што абмывае берагі Грэцыі.
- Плыць па рацэ карацей і лягчэй, чым вяртацца зноў праз тры моры, - парашылі арганаўты і паплылі ўздоўж берагоў Скіфіі да вусця Істра.
Але каля самага Істра яны наткнуліся на флот колхаў, які паслаў Ээт за імі ў пагоню і які апярэдзіў іх. Што рабіць? «Арго» адзін супраць многіх караблёў, купка герояў супраць цэлага войска!
Тады Язон кінуўся на хітрыкі. Ён распачаў з начальнікам колхаў Апсіртам перагаворы: ён гаварыў, што залатое руно павінна застацца ў арганаўтаў - ён жа выканаў усё, што загадаў яму цар Калхіды. Але Медэю Язон абяцаў аддаць колхам і запрашаў Апсірта прыйсці па сястру на бязлюдную выспу, у храм багіні Артэміды. Язон хацеў завабіць і ўзяць у палон Апсірта, каб пазбавіць колхаў іх камандзіра.
Апсірт быў малады і даверлівы. Ён паверыў Язону і ўночы адзін прыйшоў у храм на выспе, каб угаварыць сястру забраць у арганаўтаў руно і вярнуцца дадому. Але Медэя дала Язону меч і загадала забіць Апсірта. Цела брата яна кінула ў мора. У войску колхаў пачаўся пярэпалах, і, пакуль колхі шукалі ў моры свайго правадыра, «Арго» ўцёк ад ворагаў і заплыў далёка ўверх па Істру.
Арганаўты шчасліва праплылі Істр да таго месца, дзе ён зліваўся з другою ракой, і па гэтай другой рацэ выйшлі ў мора. Мора сустрэла іх страшэннай бураю. Быццам разгневаныя багі спусцілі з ланцугоў усе вятры, і яны сарвалі ветразі, сагнулі мачту і насілі «Арго» па моры, і забаўляліся караблём, нібы дзеці цацкай. У роспачы кінулі арганаўты вёслы і чакалі, калі паглыне іх раз'юшанае мора.
Ды тут раптам пачуўся голас з кармы. Ён ішоў ад кавалка свяшчэннага дадонскага дуба, устаўленага ў карму «Арго». Голас гаварыў:
- Багі разгневаліся на Язона і Медэю за тое, што яны забілі Апсірта. Плывіце на выспу Эа. Там жыве сястра Ээта, чараўніца Кірка. Папрасіце яе, няхай яна даруе Медэі. Тады вы зможаце вярнуцца дадому.
Бура сціхла. Арганаўты паплылі шукаць чароўную выспу. Доўга блукалі яны па моры, пакуль знайшлі яго. Чараўніца Кірка выйшла сустракаць іх на бераг, акружаная статкам свіней - усё гэта былі людзі, якія трапілі на выспу і якіх яна ператварыла ў жывёлін. Кірка адразу пазнала Медэю па вачах: ва ўсіх дзяцей Сонца ў вачах было асаблівае святло.
Медэя так упрошвала цётку дараваць ёй і гаварыла пра сваё каханне да Язона, што Кірка даравала ёй і адпусціла арганаўтаў з мірам.
Але шмат яшчэ розных небяспек давялося зазнаць арганаўтам, пакуль яны дабраліся да роднага краю.
У адкрытым моры карабель ганялі вецер і хвалі, але самае страшнае падпільноўвала маракоў у вузкіх пралівах.
Ім давялося праплыць паміж двума астравамі, на адным з якіх была вогнедышная гара. Дзве лютыя і прагныя пачвары пільнавалі гэты праход - Харыбда і Сцыла.
Харыбда жыла ў марскіх глыбінях. Вада кіпела і віравала над ёю, і варта было жывой істоце наблізіцца, як з вады высоўвалася прагная пашча і хапала цэлыя караблі з ветразямі і мачтамі.
На адлегласці стрэлу з лука ад Харыбды ўзвышалася вастраверхая скала, гладка абчасаная морам. У ёй была пячора. У гэтай пячоры хавалася шасцігаловая Сцыла з дванаццаццю лапамі. Як толькі дэльфін, або рыбіна, або судна з плыўцамі падплывалі да скалы, Сцыла высоўвала з пячоры сваё страшнае тулава, і ўсе дванаццаць лап шпарка шнарылі навакол, лавілі ўсё жывое і запіхалі ў прагныя пашчы з трыма радамі вострых зубоў.
Арганаўтам трэба было праплыць паміж Сцылай і Харыбдай, і яны, вядома, загінулі б, таму што ні смеласць, ні мужнасць, ні геройская сіла не маглі памагчы ім супраць гэтых страшыдлаў. Але зноў з'явілася іх заступніца Гера, кінула паміж Харыбдай і Сцылай свой залаты валасок, і па гэтай дарожцы, не адхіляючыся ні ўправа, ні ўлева, «Арго» пазбег небяспекі.