Выбрать главу

Аднойчы марскі вецер прынёс здалёку пах кветак, і арганаўты ўбачылі ў моры квітнеючую выспу Сірэн. Дзівосныя птушкі з жаночымі галовамі сядзелі на камянях, што тырчалі з вады каля берага, і спявалі чалавечымі галасамі. Яны клікалі стомленых маракоў адпачыць на квітнеючых лугах, абяцалі спакой і асалоду, вабілі ласкавымі словамі.

Мора вакол выспы здавалася таксама ласкавым і ціхім. Але ўся выспа была акружана водмелямі і падводнымі скаламі. Сірэны спявалі так соладка і такая чароўная сіла была ў іх песнях, што карабельшчыкі забывалі пра ўсё на свеце, скіроўвалі свае судны да выспы, разбіваліся на падводных камянях і гінулі ў хвалях.

Апынуўшыся каля выспы Сірэн, арганаўты таксама заслухаліся цудоўнымі спевамі і хацелі веславаць да берага. Самы малады з весляроў, зачараваны сірэнамі, кінуўся ў мора і загінуў на камянях. Тады Арфей узяў сваю кіфару, заспяваў гучным голасам і заглушыў спеў сірэн. Ён спяваў пра адважных маракоў, якія пераплываюць марскія прасторы і не хочуць ведаць ні ляноты, ні пяшчоты, спяваў пра родную зямлю, якая іх чакае. Арганаўты, слухаючы Арфея, апамяталіся і неўзабаве мінулі небяспечную выспу.

Каля выспы Схерыі, дзе арганаўты спыніліся, каб папоўніць запасы вады і ежы, іх карабель зноў акружылі судны колхаў, якія ў пошуках арганаўтаў блукалі па моры. Арганаўты папрасілі цара выспы абараніць іх. Хітры цар разважыў так: арганаўты павінны аддаць колхам іх царэўну Медэю, але яны не павінны аддаваць ім жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, і колхам давялося адступіцца. Але яны пабаяліся вяртацца ў Калхіду і пасяліліся на грэчаскіх астравах.

Адсвяткаваўшы вяселле Язона і Медэі, арганаўты паплылі далей. Доўгі час плаванне іх было спакойнае. Яны набліжаліся ўжо да берагоў Грэцыі, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён і дзевяць начэй насіў ураган іх карабель па моры і нарэшце выкінуў яго на далёкі бязлюдны бераг. «Арго» глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок і нерухома застыў. Арганаўты сышлі на зямлю і агледзеліся. Перад імі распасціралася пустыня. Ні ракі, ні дрэў, ні людскога жылля - толькі пясок і неба. Арганаўты паспрабавалі ссунуць карабель у мора, каб пакінуць пустыню, ды не змаглі.

«Што ж нам рабіць? - гаварылі яны. - Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут і ніколі не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбіцца аб падводныя камяні або загінуць у няроўным баі, чым памерці ў пустыні ад голаду!»

Яны разышліся па беразе і блукалі да змяркання. Калі надышоў вечар, усе сабраліся каля карабля, развіталіся адзін з адным і палеглі на пяску, закруціўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалі гэтак да раніцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся і ўбачыў перад сабою трох німф пустыні. Німфы сказалі яму:

- Не траць надзеі! Лёс занёс вас у Лівійскую пустыню, але і адсюль ёсць дарога для смелых і дужых. Калі царыца мора Амфітрыта выпража коней са сваёй калясніцы, зрабіце са сваім караблём тое, што ён дагэтуль рабіў з вамі, і вы будзеце выратаваны.

Язон пабудзіў сваіх таварышаў і пераказаў ім тое, што сказалі яму німфы. Арганаўты пачалі думаць, што гэта азначае: «Калі Амфітрыта выпража коней», і што трэба зрабіць ім з «Арго». Раптам да берага з шумам прылілі хвалі, з мора выбег белы конь і памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прыліў. Тут здагадаліся арганаўты, што ў час прыліву трэба зрушыць «Арго» з мелі, узяць яго на плечы і несці цераз пустыню, як ён насіў іх па моры.

Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслі на плячах «Арго» і нарэшце прыйшлі на бераг вялікага возера. Зноў спусцілі карабель на ваду. Але яны ніяк не маглі знайсці выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапіўшы рукою за борт «Арго», не вывеў яго пратокай паміж белых скалаў у шырокае мора.

Доўга зноў плылі арганаўты ў бязлюдным моры і дабраліся да гарыстай выспы, такой вялікай, што на ёй магло б размясціцца шмат гарадоў. Гэта была радзіма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мінас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велікана. Велікан быў увесь пакрыты меддзю, і толькі на пятцы ў яго была дзірачка, заткнутая медным цвіком. Тры разы на дзень медны велікан абходзіў дазорам вакол выспы.

Калі арганаўты падышлі да Крыта, велікан не пусціў іх на бераг і пачаў шпурляць у іх цяжкія камяні. Але Медэя сваёй чароўнай сілай усыпіла велікана, вочы яго заплюшчыліся. Ён спатыкнуўся на востры камень і ўпаў. Цвік выпаў у яго з пяткі, і кроў лінула з адтуліны. Разам з крывёю велікан страціў сваю жывую сілу і ператварыўся ў вялікую медную статую.

Арганаўты прычалілі да берага і пераначавалі на Крыце, а раніцай рушылі далей.