Выбрать главу

Жыццём чалавека распараджаліся тры багіні лёсу - Мойры: яны пралі нітку чалавечага жыцця ад нараджэння да смерці і маглі абарваць яе, калі хацелі.

Акрамя міфаў пра багоў у старажытных грэкаў былі міфы пра герояў. Старажытная Грэцыя не была адзінай дзяржавай, яна складалася з маленькіх дзяржаў-гарадоў, якія часта ваявалі паміж сабою, а часам заключалі саюз супраць агульнага ворага. У кожнага горада, у кожнай вобласці быў свой герой. Героем Афін быў Тэзей, адважны юнак, які абараняў родны горад ад заваёўнікаў і перамог у паядынку страшнага быка Мінатаўра, якому аддавалі на з'ядзенне афінскіх юнакоў і дзяўчат. Героем Фракіі быў славуты спявак Арфей. У аргівян героем быў Персей, які забіў Медузу, адзін позірк якой ператвараў чалавека ў камень.

Потым, калі грэчаскія плямёны паступова аб'ядналіся і грэкі пачалі ўсведамляць сябе адзіным народам - элінамі, з'явіўся герой усёй Грэцыі - Геракл. Быў створаны міф пра падарожжа, у якім удзельнічалі героі розных грэчаскіх гарадоў і абласцей, - пра паход арганаўтаў.

Грэкі з даўніх часоў былі мараплаўцамі. Мора, што абмывала берагі Грэцыі (Эгейскае), было зручнае для плавання - на ім шмат астравоў, яно большую частку года спакойнае, і грэкі хутка яго асвоілі. Перабіраючыся з выспы на выспу, старажытныя грэкі неўзабаве дасягнулі Малой Азіі. Паступова грэчаскія мараплаўцы пачалі асвойваць і землі, што знаходзіліся на поўнач ад Грэцыі.

У аснову міфаў пра арганаўтаў пакладзены ўспаміны пра шматлікія спробы грэчаскіх мараходаў прабрацца ў Чорнае мора. Бурнае і без адзінай выспы на шляху, Чорнае мора доўга палохала грэчаскіх маракоў.

Міф пра паход арганаўтаў цікавы для нас яшчэ і таму, што гаворка ў ім ідзе пра Каўказ, пра Калхіду; рака Фазіс - гэта цяперашні Рыён, і там сапраўды калісьці знаходзілі золата.

Міфы расказваюць, што разам з арганаўтамі ў паход па залатое руно выправіўся і вялікі герой Грэцыі - Геракл.

Геракл - гэта вобраз народнага асілка. У міфах пра дванаццаць подзвігаў Геракла старажытныя грэкі расказваюць пра гераічную барацьбу чалавека з варожымі сіламі прыроды, пра вызваленне зямлі ад страшнага панавання стыхій.

Геракл, які валодае магутнай фізічнай сілай, у той жа час з'яўляецца прыкладам мужнасці, бясстрашша, воінскай адвагі.

У міфах пра арганаўтаў і пра Геракла перад намі паўстаюць героі Элады - смелыя мараходы, адкрывальнікі новых шляхоў і новых земляў, змагары, што вызваляюць зямлю ад страшыдлаў, якімі яе насяліў першабытны розум. У вобразах гэтых герояў выражаны ідэалы старажытнага свету.

У старажытнагрэчаскіх міфах адлюстравана «маленства чалавечага грамадства», якое ў Эладзе, паводле слоў Карла Маркса, «развівалася найбольш прыгожа і мае для нас вечнае хараство». У сваіх міфах эліны выявілі выдатнае пачуццё прыгажосці, мастацкае разуменне прыроды і гісторыі. Міфы Старажытнай Грэцыі шмат вякоў натхнялі паэтаў і мастакоў усяго свету. У вершах Пушкіна і Цютчава і нават у байках Крылова мы не адзін раз знойдзем вобразы з міфаў Элады. Калі б мы не ведалі старажытнагрэчаскіх міфаў, шмат што ў мастацтве мінулага - у скульптуры, жывапісе, паэзіі - было б нам незразумела.

Вобразы старажытнагрэчаскіх міфаў захаваліся і ў нашай мове. Мы не верым цяпер, што існавалі калі-небудзь магутныя веліканы, якіх старажытныя грэкі называлі тытанамі і гігантамі, аднак мы і цяпер называем вялікія справы гіганцкімі. Мы гаворым: «Мукі Тантала», «Сізіфава праца» - і без ведання грэчаскіх міфаў гэтыя словы незразумелыя.

Самі па сабе старажытнагрэчаскія міфы - народныя паданні, якія прыйшлі да нас з далёкай мінуўшчыны, - поўныя паэзіі і глыбокага сэнсу. Свабодалюбівы Геракл, які ачышчае зямлю ад страшыдлаў, смелыя адкрывальнікі новых земляў - арганаўты, Праметэй, які паўстаў супраць бога і даў агонь чалавецтву, - усе гэтыя вобразы сталі здабыткам сусветнай літаратуры, і кожны культурны чалавек павінен іх ведаць.

Арганаўты
Баран з залатым руном

Калісьці, у даўнія-даўнія часы, расказвалі грэкі, над горадам Архаменам праплывала высока ў небе хмара. Паветраная німфа Няфела (што і азначае па-грэчаску «хмара») убачыла на гары над горадам прыгожы палац з белымі калонамі і шырокімі тэрасамі. Ёй захацелася даведацца, хто там жыве, і яна спусцілася ўніз, на каменныя прыступкі палаца.

Насустрач Няфеле выйшаў гаспадар палаца - архаменскі цар Афамант. Ён прывітаў прыгажуню німфу і запрасіў яе ў палац.

Мінула некалькі гадоў. У царыцы Няфелы нарадзіліся блізняты - хлопчык і дзяўчынка, Фрыкс і Гела. Цар Афамант радаваўся, што ў яго нарадзіліся дзеці. У Архамене было вясёлае свята, жыхары горада цэлы дзень тоўпіліся каля палаца, каб прывітаць навароджаных.