Выбрать главу

Персей ціхенька падкраўся да Грайяў, дачакаўся, калі адна з іх выняла вока, каб перадаць яго сястры, працягнуў руку і выхапіў у старой вельмі дарагое для іх вока. І адразу ж зрабіліся Грайі нядужымі сляпымі бабулькамі. Жаласна прасілі яны Персея аддаць ім іх адзінае вока.

- Пусціце мяне ў Краіну Ночы, скажыце мне, як знайсці Медузу, і я аддам вам ваша вока, - адказаў старым Персей.

Але старыя Грайі не хацелі пускаць Персея, не хацелі гаварыць яму, дзе знайсці Медузу, - Гаргоны ж былі іх родныя сёстры. Тады Персей прыгразіў старым, што разаб'е іх вока аб камень, - і Грайям давялося паказаць яму дарогу.

Персей аддаў Грайям іх вока і пайшоў далей на захад.

Па дарозе трапіліся яму тры добрыя німфы. Адна падарыла Персею шлем Аіда, уладара падземнага царства, - той, хто надзяваў гэты шлем, рабіўся невідзімкай; другая дала Персею крылатыя сандалі - той, хто надзяваў іх, мог лятаць над зямлёй, як птушка; трэцяя німфа ўручыла юнаку торбу, якая магла памяншацца і павялічвацца па жаданні таго, хто насіў яе.

Персей павесіў на плячо торбу, абуў крылатыя сандалі, надзеў на галаву шлем - і, не бачны нікому, узняўся высока ў неба і паляцеў над зямлёй. Неўзабаве ён дабраўся да края зямлі і доўга ляцеў над пустыннай роўняддзю мора, пакуль унізе не зачарнела адзінокая скалістая выспа. Персей пачаў кружыцца над выспаю і ўбачыў на скале Гаргон, якія ў гэты час спалі. У іх былі залатыя крылы, пакрытыя луской, і медныя рукі з вострымі кіпцюрамі.

Персей убачыў Медузу - яна была бліжэй за ўсіх да мора. Ён апусціўся на скалу побач з ёю. Змеі на галаве Медузы засыкалі, пачуўшы ворага. Медуза прачнулася, расплюшчыла вочы. Персей адвярнуўся, каб не зірнуць у гэтыя страшныя вочы і не ператварыцца навек у мёртвы камень. Ён узняў шчыт Афіны, бліскучы, нібы люстэрка, навёў на Медузу і, пазіраючы ў яго, дастаў меч Гермеса і адсек ёй галаву.

Тут прачнуліся дзве другія Гаргоны, распасцерлі крылы і пачалі кружыцца над выспаю, шукаючы ворага. Але Персей быў нябачны. Хуценька засунуў ён галаву Медузы ў сваю чароўную торбу, сапхнуў цела Гаргоны ў мора і паляцеў прэч. Ён спяшаўся дадому, хутка мінуў мора і паляцеў над Лівійскай пустыняй. Кроў з галавы Медузы капала з торбы на зямлю, і кожная кропля ператваралася на пяску ў ядавітую змяю.

Доўга ляцеў Персей, стаміўся і захацеў адпачыць. Убачыў унізе зялёныя лугі і чароды авечак, кароў і быкоў, убачыў вялікі цяністы сад, пасярод якога расло дрэва з залатымі лістамі і яблыкамі, - і апусціўся каля гэтага дрэва. Гаспадар саду, велікан Атлант, сустрэў Персея няветліва. Яму прадказалі, што аднойчы да яго прыйдзе сын Зеўса і ўкрадзе залатыя яблыкі з яго любімага дрэва.

Персей не ведаў гэтага прадказання і сказаў велікану:

- Я - Персей, сын Зеўса і Данаі. Я забіў грозную Медузу. Дазволь мне адпачыць у тваім садзе.

Пачуўшы, што перад ім сын Зеўса, Атлант раз'юшыўся.

- Злодзей! Ты хочаш украсці мае залатыя яблыкі? - закрычаў ён і пачаў праганяць Персея з саду.

Зняважаны, Персей выхапіў з торбы галаву Медузы і паказаў яе велікану.

У адно імгненне скамянеў Атлант, ператварыўся ў каменную гару. Галава яго стала вяршыняй скалы, барада і валасы - густым лесам на вяршыні, плечы - крутымі скаламі, рукі і ногі - камяністымі выступамі. На вяршыню гэтай каменнай гары, на крутыя скалы лёг купал неба з усімі незлічонымі зоркамі. З таго часу стаіць там Атлант на краі зямлі і трымае на сваіх плячах неба.

А Персей паляцеў далей.

Ён праляцеў над Эфіопіяй і раптам на скале па-над морам убачыў дзяўчыну такой прыгажосці, што яна здалася яму спачатку дзівоснай статуяй. Але, апусціўшыся ніжэй, ён зразумеў, што яна жывая, толькі рукі ў яе былі прыкуты да скалы. Ён наблізіўся да скалы і спытаў:

- Хто ты і завошта прыкавалі цябе тут?

Дзяўчына сказала, што яна дачка эфіопскага цара - Андрамеда і асуджана на з'ядзенне марскому страшыдлу. Яе маці, царыца Касіяпея, пахвалілася неяк раз, што яна прыгажэйшая за ўсіх марскіх німфаў, - за гэта бог мораў Пасейдон паслаў у іх край рыбіну-страшыдлу, якая жэрла рыбакоў у моры, і плыўцоў, і карабельшчыкаў, тапіла караблі і спусташала берагі іх царства. Народ перапалохаўся і запатрабаваў, каб Касіяпея аддала ў ахвяру страшыдле сваю дачку Андрамеду, і тым самым улесціла Пасейдона.

Андрамеду прыкавалі да скалы на беразе мора і пакінулі адну. Бялейшая за марскую пену, стаяла дзяўчына каля скалы і з жахам глядзела на мора. Вось па-над вадой, з марской глыбіні, паказалася вялізная галава, заблішчаў лускавіннем хвост. Андрамеда ад страху закрычала. На яе крык прыбеглі бацька і маці і пачалі плакаць разам з ёю.