Выбрать главу

І хоць гэта было ненаўмыснае забойства, Персей ужо не мог атрымаць у спадчыну царства забітага ім дзеда і, пахаваўшы цара, добраахвотна пакінуў Аргос.

Дэдал і Ікар

У тыя далёкія часы, калі ў людзей яшчэ не было ні інструментаў, ні машын, жыў у Афінах вялікі мастак Дэдал. Ён першы навучыў грэкаў будаваць прыгожыя дамы. Да яго мастакі не ўмелі перадаваць людзей у руху і рабілі статуі, падобныя на спавітыя лялькі з заплюшчанымі вачамі. Дэдал жа пачаў высякаць з мармуру цудоўныя статуі, якія паказвалі людзей у руху.

Для сваёй работы Дэдал сам прыдумаў і зрабіў інструменты і навучыў людзей карыстацца імі. Ён навучыў будаўнікоў, як правяраць, - каменнем на нітцы, - ці правільна яны кладуць сцены.

У Дэдала быў пляменнік. Ён памагаў мастаку ў яго майстэрні і вучыўся ў яго ўмельству. Разглядаючы неяк раз плаўнікі рыбы, ён здагадаўся зрабіць пілу; прыдумаў цыркуль, каб вычэрчваць правільны круг; выразаў з дрэва круг, прымусіў яго круціцца і пачаў ляпіць на ім гліняны посуд - гаршкі, збаны і круглыя чашы.

Аднойчы Дэдал з юнаком узышлі на вяршыню Акропаля, каб з вышыні палюбавацца прыгажосцю горада. Задумаўшыся, юнак ступіў на край абрыву, не ўтрымаўся, упаў з гары і разбіўся.

Афіняне абвінавацілі Дэдала ў гібелі хлопчыка. Дэдалу давялося ўцячы з Афін. На караблі ён дабраўся да выспы Крыт і прыйшоў да крыцкага цара Мінаса.

Мінас узрадаваўся, што лёс прывёў да яго славутага афінскага будаўніка і мастака. Цар даў прытулак Дэдалу і прымусіў яго працаваць на сябе. Дэдал пабудаваў яму Лабірынт, дзе было столькі пакояў і так заблытаны хады, што кожны, хто заходзіў туды, ужо не мог сам знайсці выхада.

Да гэтага часу на выспе Крыт паказваюць рэшткі гэтага цудоўнага збудавання.

Доўга жыў Дэдал у цара Мінаса палонным на чужой выспе пасярод мора. Часта сядзеў ён на марскім беразе, пазіраў у бок роднага краю, успамінаў свой прыгожы горад і сумаваў. Мінула ўжо шмат гадоў, і, пэўна, ужо ніхто не памятаў, у чым яго абвінавачвалі. Але Дэдал ведаў, што Мінас ніколі не адпусціць яго і ні адзін карабель, які адплывае ад Крыта, не асмеліцца ўзяць яго з сабою, баючыся пагоні. І ўсё-такі Дэдал ўвесь час думаў аб тым, каб вярнуцца дадому.

Аднойчы, седзячы каля мора, ён зірнуў на шырокае неба і падумаў: «Няма мне дарогі па моры, але ж неба адкрыта для мяне. Хто можа перашкодзіць мне на паветраным шляху? Птушка рассякае крыламі паветра і ляціць куды хоча. Хіба чалавек горшы за птушку?»

І яму захацелася зрабіць сабе крылы, каб вызваліцца з палону. Ён пачаў збіраць пёры вялікіх птушак, адмыслова звязваў іх ільнянымі моцнымі ніткамі і змацоўваў воскам. Неўзабаве ён зрабіў чатыры крылы - два сабе і два для свайго сына Ікара, які жыў з ім на Крыце. Крылы перавязваліся крыж-накрыж і прымацоўваліся да грудзей і рук.

І вось надышоў дзень, калі Дэдал парашыў выпрабаваць свае крылы. Надзеў іх і, плаўна ўзмахваючы рукамі, узняўся над зямлёй. Крылы трымалі яго ў паветры, і ён мог ляцець у той бок, куды хацеў.

Спусціўшыся ўніз, ён надзеў крылы сыну і пачаў вучыць яго лятаць.

- Спакойна і роўна махай рукамі, не апускайся задужа нізка да хваляў, каб не намачыць крылы, і не ўзнімайся высока, каб промні сонца не апяклі цябе. Ляці за мною следам, - так гаварыў ён Ікару.

І вось на досвітку яны паляцелі з выспы Крыт.

Толькі рыбакі ў моры ды пастухі на лузе бачылі, як яны адляталі, але і тыя падумалі, што гэта крылатыя багі пралятаюць над зямлёй. І вось ужо далёка ззаду засталася скалістая выспа, і шырока раскінулася пад імі мора.

Дзень разгараўся, сонца ўзнялося высока, і промні яго прыпякалі ўсё мацней.

Дэдал ляцеў асцярожна, трымаўся бліжэй да паверхні мора, з бояззю азіраўся на сына.

А Ікару па душы быў вольны палёт. Усё хутчэй рассякаў ён крыламі паветра, і яму захацелася ўзняцца высока-высока, вышэй за ластавак, вышэй за самога жаваранка, які спявае, пазіраючы проста ў твар сонцу. І ў тую хвіліну, калі бацька не глядзеў на яго, Ікар узняўся высока ўгору, да самага сонца.

Пад гарачымі промнямі растапіўся воск, які змацоўваў крылы, пер'е распалася і разляцелася навокал. Дарэмна ўзмахваў Ікар рукамі - ужо нічога больш не трымала яго ў вышыні. Ён імкліва падаў, упаў і знік у глыбіні мора.

Азірнуўся Дэдал - і не ўбачыў у сіняве неба свайго сына. Ён глянуў на мора - толькі белае пер'е плыло на хвалях.

У роспачы апусціўся Дэдал на першую, што трапілася яму, выспу, паламаў свае крылы і пракляў сваё майстэрства, якое згубіла яго сына.

Але людзі запомнілі гаты першы палёт, і з таго часу ў іх сэрцах жыла мара аб пакарэнні паветра, аб прасторных нябесных дарогах.