Выбрать главу

Арганаўты стоўпіліся на палубе, любаваліся велічным відовішчам і пыталіся адзін у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.

Надышла раніца, і агонь на выспе пагас, толькі густы дым ішоў з гары, як ідзе дым з коміна, калі ў доме паляць у печы.

«Арго» наблізіўся да берага. Каб хвалі не знеслі карабель, арганаўты апусцілі на дно - мора было тут неглыбокае - вялікі камень, абвязаны моцным канатам. Другі такі канат быў прымацаваны на карме: канец яго кінулі на бераг, і адзін з весляроў зачапіў яго за выступ скалы і завязаў вузлом.

Павольна сыходзілі на бераг арганаўты. Страшна было ступіць на зямлю, унутры якой таіўся агонь: яна здавалася ім гарачай і зыбкай. Агледзеўшыся, яны ўбачылі ўдалечыні гарадскія сцены і накіраваліся туды, каб даведацца, як называецца гэтая выспа і што за людзі тут жывуць.

Прыбыццё арганаўтаў ужо заўважылі ў горадзе: ледзь толькі яны адышліся ад берага, дзе прычаліў «Арго», як з гарадскіх варот выйшаў вялікі ўзброены атрад і, грозна падняўшы зброю, рушыў ім насустрач.

Арганаўты на ўсякі выпадак таксама пастроіліся ў баявы парадак і падрыхтаваліся да бою. Але зоркі Лінкей раптам засмяяўся і сказаў:

- Стойце, сябры, апусціце вашы мячы і коп'і: гэта жанчыны.

І сапраўды, гэта былі жанчыны ў воінскіх даспехах і са зброяй у руках.

Арганаўты спыніліся і здзіўлена разглядвалі незвычайных сваіх праціўнікаў. Убачыўшы, што чужынцы не збіраюцца нападаць на іх, жанчыны таксама спыніліся і, параіўшыся паміж сабою, паслалі наперад вястунку - даведацца, што гэта за людзі і чаго яны высадзіліся на выспе.

Арганаўты сказалі, што шлях іх ляжыць міма выспы, што яны і ў думках не маюць нічога кепскага, і папрасілі дазволу агледзець цудоўную выспу і папоўніць запасы харчоў і вады.

Ад вястункі яны даведаліся, што гэта выспа Лемнас.

Тут, у сярэдзіне вогнедышнай гары Масіхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калі ў божага майстра было асабліва шмат работы і яго аднавокія чаляднікі - кіклопы - моцна раздзімалі агонь, іскры ляцелі высока ў неба і ўся выспа дрыжала і ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калісьці ўкраў тытан Праметэй маленькую іскру, каб падарыць людзям агонь.

Са здзіўленнем арганаўты даведаліся, што на выспе зусім няма мужчын.

У горадзе жылі адны жанчыны; яны працавалі ў полі і ў майстэрнях, выконвалі ўсю мужчынскую работу. Абараняць выспу ад нападаў павінны былі таксама жанчыны.

Кіравала ўсім гэтым жаночым царствам маладая царыца Іпсіпіла.

Калі вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсім жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалі свае справы, і сказала:

- Мілыя сёстры! Мы дадзім чужынцам хлеба, садавіны і салодкага лемнаскага віна. Аднясём ім на карабель нашы дарункі. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, і мы не ведаем; што ў іх у галаве.

Але старая нянька царыцы, сівая Паліксо, запярэчыла:

- Паглядзіце на мяне: я сівая, я старая, я хутка памру. Калі старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо і араць зямлю, і сеяць хлеб, і жаць каласы ў полі? Хто абароніць горад ад нападу ваяўнічых суседзяў і вас саміх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом і пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самі багі паслалі нам гэты карабель і на ім пяцьдзесят адважных і дужых герояў. Па ўсім відаць, што гэта добрыя людзі. Паслухайцеся маёй парады: запрасіце іх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кіруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак і жонкі народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымі і будуць вашай апорай у любой справе і абаронцамі ад усіх ворагаў.

Так гаварыла старая Паліксо, і жанчыны, падумаўшы, згадзіліся з ёю. Хуценька запрэглі коней у калясніцу, нагрузілі яе кашамі з садавінай і збанамі з віном і паслалі вястунку да арганаўтаў - аддаць ім дарункі і запрасіць іх на банкет да царыцы Іпсіпілы.

Арганаўты з радасцю прынялі запрашэнне, апранулі свае самыя лепшыя ўборы і выправіліся ў горад. Толькі Геракл з юнаком Гіласам, Амфіярай і спявак Арфей засталіся вартаваць карабель.

Ветліва сустракалі жанчыны герояў на вуліцах горада, шырока адчынялі перад імі дзверы.

Язона прывялі ў палац царыцы, і яна сказала яму:

- Мы рады табе і тваім таварышам. Будзьце гасцямі на нашым свяце. Праславім уладара нашай выспы бога Гефеста і жонку яго - багіню Афрадыту!

Арганаўты разышліся па ўсім горадзе, і пачаўся вясёлы баль.

У час балю царыца сказала Язону:

- Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбі гэтую зямлю і, калі хочаш, застанься з намі, жыві ў гэтым палацы і будзь царом у нашым горадзе. І таварышам сваім загадай застацца на Лемнасе.