Выбрать главу

Цэлы дзень плыў «Арго», хутка аддаляючыся ад Мядзведжай гары. Калі надышоў вечар і карабель быў ужо далёка ад берага, у адкрытым моры раптам падзьмуў моцны вецер. Арганаўты ўзрадаваліся ветру, распусцілі ветразі і леглі спаць, не заўважыўшы, што вецер дзьме ў той бок, адкуль яны спачатку плылі. Уночы бура прыгнала іх назад да Кізіка, але ў цемры яны не пазналі знаёмага берага і падумалі, што гэта нейкая новая краіна на іх шляху. Яны прычалілі да берага і сышлі на зямлю, грозна бразгаючы зброяй.

Даліёны ў начной цемры таксама не пазналі арганаўтаў. Пачуўшы плёскат вёслаў і звон мячоў, яны падумалі, што гэта марскія разбойнікі выкарысталі бурную цёмную ноч і напалі на Кізік. Мячамі і коп'ямі сустрэлі цяпер даліёны сваіх учарашніх гасцей. Да світання не спыняўся на беразе жорсткі бой. Арганаўты былі больш вопытныя ў баі і дужэйшыя, і шмат даліёнаў загінула. Сам юны цар быў насмерць працяты меткім кап'ём Язона.

Калі ж развіднела і стала ўсё добра відаць наўкол, праціўнікі з жахам убачылі, што ў цемры ночы яны біліся з сябрамі.

Тры дні і тры ночы аплаквалі арганаўты і даліёны сваю жудасную памылку і смерць цара. Яго пахавалі на беразе мора і на магіле насыпалі высокі пагорак. І доўга ўзвышаўся гэты пагорак, і маракі з караблёў, якія заходзілі ў гавань, адразу пазнавалі тое месца.

Сварка на караблі

Сум агарнуў сэрцы арганаўтаў пасля таго злоснага жарту, які падстроіў ім вецер. Моўчкі выконваў кожны сваю дзённую работу; не чуваць было на караблі ні смеху, ні жартаў, ні расказаў бывалых маракоў. І Арфей не спяваў больш песень.

І мора было неспакойнае. Парывісты вецер увесь час мяняўся, сярдзіта дзьмуў і гнаў карабель то ў адзін, то ў другі бок. Цяжка было рулявому весці карабель, і вялікія хвалі перашкаджалі веслярам. Марудна плыў уперад «Арго».

Раптам зламалася вясло ў Геракла. Вясло адразу ж знесла цячэннем, толькі палка засталася ў руках у героя. Са злосці шпурнуў ён абломак у непрыветныя хвалі і пакінуў сваё месца сярод весляроў.

Язон сказаў рулявому:

- Кіруй да берага! Мы стаміліся змагацца з хвалямі, патрэбны адпачынак. І Гераклу патрэбна новае вясло. Ён знойдзе яго ў лесе на беразе. Прычалім да берага!

Рулявы паслухмяна накіраваў карабель да зямлі, і неўзабаве яны прысталі да пустыннага берага, зарослага густым лесам.

Геракл накінуў на плечы львіную шкуру, якую ён насіў замест плашча, узяў свой меч, лук і калчан са стрэламі і рушыў у лес па новае вясло. Стомленыя весляры з радасцю апусцілі вёслы, прылеглі на траве адпачыць, пакуль згатуецца вячэра, а юнага Гіласа, выхаванца Геракла, якога ён вельмі любіў, паслалі пашукаць у лесе ручай і прынесці вады.

Весела падсвістваючы птушкам, Гілас ішоў па лесе і прыслухоўваўся. Вось збоку, за кустамі, ледзь чутна ляпечуць лянівыя рачныя струмені. Хлопчык расхінуў кусты, і перад ім бліснула лясная затока. Было так ціха і такой ласкавай здавалася рака ў зялёных берагах, што Гілас без усякай апаскі падышоў да вады і доўга любаваўся, як цудоўна адлюстроўваліся ў рацэ кусты і дрэвы, і сіняе неба, і хмаркі, што плылі над лесам, і ён сам з вялікім збаном у руках. Раптам ён убачыў у празрыстай вадзе красуню німфу з зялёнымі валасамі; яна вабіла яго і клікала да сябе на дно, дзе быў такі чысты пясок і мільгалі рознакаляровыя рыбкі.

Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, і ў той жа момант дзве тонкія рукі высунуліся з вады, абнялі яго моцна за шыю і пацягнулі за сабою. Збан выпаў у яго з рук, і Гілас з жаласным крыкам апусціўся ў ваду.

Арганаўты пачулі яго крык. Паліфем, сябар Геракла, выхапіў меч, кінуўся ў гушчар - ён думаў, што лясны звер напаў на хлопчыка, і заспяшаўся на дапамогу. Але нікога не знайшоў ён каля ракі, толькі разбіты збан ляжаў у вадзе каля берага.

А Геракл тым часам паглыбіўся ў лес і знайшоў маладую сасну, якая здалася яму прыдатнай для новага вясла. Моцна абхапіўшы аберуч ствол, ён вырваў дрэва з коранем, узваліў сасну сабе на спіну і панёс на бераг мора, каб там абчасаць яе і зрабіць вясло. Пачуўшы, што прапаў Гілас, Геракл кінуў сасну на зямлю і падаўся на пошукі свайго любімца. Але дарэмна Геракл, прыгнуўшыся да зямлі, шукаў сляды на траве і ў кустах - след Гіласавых сандаляў быў відаць толькі на пяску каля самай вады.