Выбрать главу

Гэта ня лічыцца

Наста Манцэвіч

***
Вілейка. Дубаўка. Раніца. Ён сказаў у нудзе: “Сэ ля ві”, і мы селі ля Віліі. Запалілі. Каменьчыкі ў рэчку кідалі, глядзелі, як распаўзаюцца кругі ад іх па вадзе…
***
Сяджу каля тэлевізара ем цукеркі паперкі сьлінай прымацоўваю да сьценкі. Адначасова дакладна – у перапынках калупаю пальцам у шкарпэтках дзірку. Размалёўваю “А4” уздоўж і ўпоперак упоперак і ўздоўж Я злосны калючы вож іголкі растуць на сьпіне. Ты патэлефануеш ці не?
***
Непазьбежна вясны наступства: што ні дзеўчына, то распуста, зь Менску, з Горкі, з-пад самай Ніцы што ні дзеўчына, то ў спадніцы. Захінула вясна мне вочы – агаляюць паненкі грудзі і з цырульні павольна крочыць ці то дзеўчына, ці то пудзель.
***
Што мне рабіць з табою, такой прыгожаю? Калі ты стаіш на кухні ў адных шкарпэтках і варыш каву мне ў маёй кватэры, – Глядзець на цябе.
Што мне рабіць з табою, такой разумнаю? Калі ты расказваеш мне з захапленьнем пра фільм, які паглядзела, пакуль я была на працы, — Слухаць цябе.
Што мне рабіць з табою, такой пяшчотнаю? Калі ты ўсьміхаесься і кратаеш мяне за руку сваёю рукой пяшчотнай, як ты ўся, — Абдымаць цябе.
Што мне рабіць з табою, такою дзікай? Калі ты ператвараесься у ваўчыцу, і я імгненна ператвараюся ў ваўка, — Спаць з табой.
Што мне рабіць з табою, такою зьменлівай? Кожны дзень рознаю, непасрэднаю, пазбаўленай лёгікі, ды нявечнаю, — Быць з табой.
Мілан. Вечар
Частавалі нас кавай ветліва і ласкава, налівалі гарэлку… ці то ангельскі ром? Ля кавярні “Ла Скала” лашчыла-мілавала, абурыўшы суседзяў справа, каленку яе пад сталом.
***
Мы крочылі побач рука ў руку да пляча плячо твар у твар вочы ў вочы у рот рот.
Так мы ступалі, крочылі нага ў нагу,
пакуль ты ня збочыла.
І цяпер вока за вока, цяпер – зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала, я выскубу, адгрызу — вярну сабе ўсё, да сябе вярнуся…
Забяру сабе свае вочы, з твару змыю твой твар, адляплю ад вуснаў твае вусны, вырву руку з рукі.
І калі сэрца сьцісьнецца ад адчаю, я буду шаптаць, як мантру, што ты – родная, баючыся паверыць,
што ты чужая.
***
Я называў цябе заяц, ты мяне называла лапка, мы былі разам – заечая лапка. Зая, чыя лапка цяпер я?
***
Забяры мой боль працягні далонь я табе адсыплю яго з гакам
а пасьля свой сум ў скрутку прынясу
Забяры яго бо я сам ня ў стане
забяры мой цень абдымі мяне паглядзі як моцна мяне хістае
Забяры мой цень Забяры мой сум Забяры мой боль
І мяне ня стане
***
Я ведаю, што так будзе што я прачнуся 1-га студзеня адзін дома адзін у горадзе адзін на дварэ до рэ мі фа мі до рэ сьпяваюць за вокнамі п’яныя а я ныю ныю я завываю а ты сьцябесься, зь цябе ж усё роўна ўзяткі гладкі, усё-ткі я сам вінаваты, што так адбываецца з году ў год. І гэта ня лечыцца, і ня лічыцца, што быццам бы ёсьць нагода – дзьве тысячы сем нагод!