У носе сьвярбела. Iван доўга зьбiраўся зь сiламi, каб чхнуць, а калi сабраўся i ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы вiскат Люськi Халiмонавай.
- Адчапiся, нам дахаты трэба!
Чхаць не выпадала - трэба было хавацца, i начны летуценьнiк, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткiх нагах у блiжэйшыя кусты.
Зарагатаў i ацiх Васька Бохан, крыкнуў штосьцi няўцямнае Юрка Гуль, i па цэмэнтавым ганку дробна застукалi дзявочыя туфлiкi.
- Слухай, а хто ён такi? - запыталася Маша, калi яны зь Люськай падышлi да матацыкла.
- Хто, Васька?
- Ды не... Ну той, дзiўны такi...
- А-а! Дэсантнiк! - Люська азiрнулася, падбегла да кустоў, за якiмi хаваўся начны летуценьнiк, i, прысеўшы на кукiшкi, прамовiла: - У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.
У цемры мiльганула дзявочае сьцягно, iрванулася да каленяў палоска белых майтак, i ў Iвана, якi аглядаў усё гэта, на момант спынiлася сэрца. Ён i ня сьцямiў адразу - пра якога гэта дэсантнiка вядзе гаворку Люська Халiмонава, а калi сьцямiў i абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, i ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкi да матацыкла, на хаду нацягваючы майткi, а Iван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.
Дахаты ён iшоў, сьцiскаючы кулакi i ўголас лаючы Люську Халiмонаву.
"Нiчога, яшчэ пашкадуе, - супакойваў сябе Iван. Апанаваны ўласнымi фантазiямi, ён уявiў, як роспачна будзе плакаць Люська Халiмонава, i нечакана ступiў нагой у каровiну "аладку". Фантазii выпетрылiся з галавы, i Iван, выцiраючы чаравiк аб траву, з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, вырашыў не хадзiць болей на танцы.
Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду i абудзiўся, як i мiнулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.
- Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, - прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамi, суседка Мiронаўна, - дык i гэтая папёрлася... Людзi казалi - лезла нейкую кнiжку падпiсваць, а той на яе i не зiрнуў нават.
- А на каго там глядзець? - падтрымала Мiронаўну мацi. - Пыса як у той рапухi... i куды ўжо лезеш?
Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалi жанчыны, пад час вайны была ў партызанскiм атрадзе - мыла там бялiзну ды з камандзерам спала. I вось за гэтыя подзьвiгi Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды i агiтацыi. Ад тых часiн жанкi яе i зьненавiдзелi, i абгаворвалi пры кожным зручным выпадку.
Паслухаўшы плёткi, Iван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але тоўшчу падушкi прарэзаў жаночы лямант:
- Бабы, што скажу!
Лямантавала Карпачыха. Iван скiнуў з галавы падушку, прыслухаўся.
- Ляжыць у амбуляторыi... i морда ў крывi, - гукала з суседняга агароду Карпачыха. - Карпачыха бегла па гародзе i пад нагамi ейнымi спалохана шамацела капуснае лiсьце.
- Уся морда? - перапытала Мiронаўна, а мацi, пляснуўшы ў далонi, улякнута выдыхнула:
- У каго?
- У Гарашчэнi! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: "Чаму Лёшку Мандрыку вiно прадаяце, а мне не?" - i Пракопаўну за руку схапiў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб i расьсекла.
Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, i цяпер ужо Мiронаўна дала волю сваiм лёгкiм:
- Цi чула ты? Гарашчэню забiлi-i! - крыкнула Мiронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзiсе, i на доле зноў зашамацела капуснае лiсьце.
... Сонца адбiрала вочы. Iван прымружыўся, паглядзеў з-пад рукi ў бок Авадзiшанага агароду, на якiм тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, i, прыпалiўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбiнаў.
На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахавалiся, i толькi певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазiраючы на Iвана круглявым вокам.
"Вунь i певень глядзiць, - падумаў Iван, зацягваючыся пяршывай папяросай. - Вiдаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?" - I, ня ведаючы, чым заняць сьвярблiвыя рукi, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.
Певень падскочыў, залапатаў крыламi, выставiў наперад грудзiну i празь iмгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславiў сябе на ўчарашнiх танцах.
Пасьля абеду мацi папрасiла схадзiць па хлеб. Iсьцi, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробiш... Давялося ўсё ж узяць сетку i рушыць у краму.
Ля крамы гаманiў натоўп. Вясковыя цёткi, павесiўшы на рулi сваiх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалi падзеi сёньняшняга ранку, пад час якiх магазыншчыца Пракопаўна разьбiла пысу вартаўнiку Гарашчэню.
Iван азiрнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступiў на сельмагаўскi ганак i пачуў, як недзе непадалёку сiплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.
Лёшка стаяў сьпiнаю да Iвана, праваруч ад уваходу, i, махаючы рукамi, распавядаў Мiронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.
- Гарашчэня да Пракопаўны падышоў i кажа: "У цябе ў прысенку "вэрмут" схаваны. Дзьве скрынi. Не прадаш - ноччу сам вазьму", - i заграбкi Пракопаўну хапануў. - Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу "заграбкi", Лёшка схапiў Мiронаўну за рукаў, Мiронаўна адкаснулася, плюнула, а Iван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.
Крама ў Бычках - самае люднае месца. Калi не прыйдзеш - увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткi сюды ня столькi па справункi прыходзiлi, колькi дзеля таго, каб апранахi перамацаць, якiя на палiцах вiселi. Прыйдзе якая, грудзямi на прылавак навалiцца i давай носам па баках вадзiць:
- А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... - I Пракопаўна давала, хаця i ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вiсiць.
Лаючы ў душы цётак i штохвiлi ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку - крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, - Iван болей як гадзiну прастаяў у чарзе, а калi, нарэшце, узвалiў на карак сетку зь цёплымi буханкамi i выйшаў з крамы, дарогу яму заступiў Лёшка Мандрык.
- Ваня! Куды хiляем? - рыкнуў Лёшка голасам чалавека, якi прагнуў пахмялiцца.
Лёшка зазiрнуў Iвану за сьпiну, адламаў ад буханкi храбусткi акраец. "Кароль зоны" з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Iван, апусьцiўшы вочы, падумаў: "I як ад яго адчапiцца?" I не пасьпеў Iван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз i з кабiнкi вытыркнулася галава Юркi Гуля.