— Ну, як там Іванавіч? — крычаць зь цеплавоза, і цётка Тацяна, грукнуўшы паленьнем, плаксіва прамаўляе:
— Памёр Іванавіч.
Маша глядзіць на акуратна прыбраную пасьцель, на расьціснутага прусака пад нагамі і ніяк ня можа дапяць да сэнсу цётчыных словаў.
— Дзядуля, а мы торт прынесьлі, — усхліпвае дзяўчына, уціраючы сьлёзы рукавом дзедавага шыняля, — хацелі цябе пачаставаць.
Зумкаюць шыбы, дрыжыць падлога. Цеплавоз кранаецца зь месца, гудзе на ўсю сваю моц – раз, потым другі, і рэха сіплага гуду зьліваецца з пошумам халоднага ветру знадворку.
Сьмерць Сьцяпана Кузьміча
Адчыніўшы дзьверы, Сьцяпан Кузьміч зірнуў на бляклую шыльду з надпісам «Сакратар парткаму Ананка М.С.» і, з думкаю: «Трэба замяніць»,— увайшоў у габінэт.
Усё было на месцы: стол, ходнік, чэзлая герань на падаконьні, кніжная шафа з поўным зборам твораў, адсутнічаў толькі сэйф, які дагэтуль стаяў у куце, і промні нязыркага сьвятла асьвятлялі пыльны квадрат на падлозе.
— Узяў усё ж такі, — уголас прамовіў гаспадар габінэту.
Сэйф быў толькі звонку сэйфам – унутры гэтай браніраванай пачвары месьціўся бар зь лядоўняй, і таму ня дзіва, што Ананка загадаў перацягнуць яго на новае месца працы.
Плюхнуўшыся ў крэсла, Сьцяпан Кузьміч сашчапіў пальцы рук, задзёр голаў, зьбіраючыся, як бачна, пазяхнуць, і ў той жа міг заўважыў адсутнасьць яшчэ адной рэчы – там, за сьпінаю, дзе ранейшым часам вісеў партрэт Ільліча, тырчэў пакарабачаны цьвік з накручаным кавалкам аборкі.
— Крыхабор, — зазначыў гаспадар габінэту, і рука ягоная пацягнулася да тэлефону.
Сьцяпан Кузьміч набраў нумар зборачнага, прыкусіў вусны, слухаючы працяглыя гудкі ў трубцы, а пачуўшы задыханы голас Карозы, запытаўся:
— Як справы?
Майстар кашлянуў, пачаў нешта гаварыць, але Сьцяпан Кузьміч перабіў яго новым пытаньнем:
— Як там... Гасьцюгін?.. Жывы?
— Жывы! — адказаў Кароза пасьля паўзы, і гэтая паўза абазначала, што Гасьцюгін хаця і выпіўшы, але справу рабіць здольны.
— Хай зойдзе! — гукнуў Сьцяпан Кузьміч і, падсунуўшы да сябе настольны каляндар, паклаў слухаўку.
Лісткі календара былі густа ўсыпаныя Ананкавай пісанінай: «Патэлефанаваць першаму», «Дастаць шыфэр трэцяму», «Сабраць складкі ў зборачным». А сёньняшні дзень, першага лістападу, быў пазначаны дзіўнаю фразай: «Аформіць Леніна па шостым разрадзе». Фраза гэтая прывяла Сьцяпана Кузьміча ў глыбокі роздум. Ён спахмурнеў, пацёр даланёю патыліцу і пасьля хвіліны роздуму адсунуў каляндар на край стала. «Хацеў, відаць, Леніна па шостым разрадзе аформіць... якім—небудзь ганаровым сьлесарам, а грошы сабе ў кішэнь пакласьці», — і, пятым разам зірнуўшы на цьвік за сьпінай, уголас прашаптаў: — Хапуга!
... Пра тое, што Ананка пайшоў на падвышэньне, Сьцяпан Кузьміч даведаўся толькі ў пятніцу, калі вярнуўся з санаторыю. Паведаміла яму гэтую навіну жонка. Грэта Міхайлаўна не паленавалася прыехаць на вакзал, і не пасьпеў муж скочыць з вагоннай прыступкі, як жонка плюснула яго ў шчаку і ўсхваляваным голасам выдала:
— Ананку ў ЦК узялі. У прамысловы аддзел. Цябе на ягонае месца садзяць.
Пасьля санаторыю ён амаль не адчуваў сардэчных перабояў, а тут, пачуўшы такое, схапіўся за грудзіну. Супыніўшыся пасярод пэрону, Сьцяпан Кузьміч заплюшчыў вочы, укінуў у рот валідоліну і ачуўся толькі, як у сьпіну яму заехалі падарожным баулам. Тут жа, на пэроне, жонка распавяла пра разьвітальны банкет на загараднай базе, згадала – хто напіўся, а хто – не, і ў дадатак паведаміла, што генэральны дырэктар плакаў і гразіўся пакласьці партбілет, калі прамысловасьцю будуць кіраваць такія, як Ананка.
Два дні – суботу і нядзелю – новасьпечаны сакратар парткаму не адыходзіў ад тэлефону: званілі сябры і знаёмыя. Сябры пыталіся пра здароўе, пра сочынскае надвор’е, пра цэны на хурму... Пасьля кожнага такога званку Сьцяпан Кузьміч ляскаў падцяжкамі, з робленай незадаволенасьцю прамаўляў: «Замарылі», — але пры кожным новым званку кідаўся да тэлефону, абганяючы на паўдарозе каханую жоначку. І вось у панядзелак, расьсеўшыся ў Ананкавым крэсьле, ён каторым разам пералічваў прозьвішчы сяброў, якія яго павіншавалі, і за гэтым прыемным заняткам і ня ўцяміў адразу, што гэта там загуло пад бокам.
— Сьцяпан Кузьміч! Тут да вас наведнік, — блазнаваты голас сакратаркі пакрыла густое гудзеньне.
Убіраючы фон, ён няўмела шчоўкнуў тумблерам і з жахам заўважыў, што сядзеў з уключаным мікрафонам. Шчокі Сьцяпана Кузьміча наліліся гарачай чырваньню: уваходзячы ў габінэт, ён меў неасьцярожнасьць гучна бухнуць, і гэта магла пачуць сакратарка.