— Хто там? Гасьцюгін? — сабраўшыся з духам, запытаў Сьцяпан Кузьміч.
— Ды не... тут... – сакратарка на імгненьне змоўкла, — перапытвала, відаць, прозьвішча наведніка – і неўзабаве паведаміла: — Таварыш Бурых да вас ірвецца.
Рыхтуючыся да прыёму наведніка, Сьцяпан Кузьміч узяў асадку, намаляваў на аркушы чорціка, а калі зірнуў на дзьверы і ўбачыў наведніка, асадка высьлізнула з пальцаў і зь ціхім бразгатам упала на падлогу.
У габінэт уваходзіў... Уладзімір Ільліч Ленін. Так, памылкі быць не магло: гэта быў Ленін! Сонечныя бліскі зіхацелі на магутнай лысіне, вострая бародка зьлёгку дрыжэла, а палец правай рукі быў упіхнуты ў кішэню камізэлькі. Зрабіўшы колькі крокаў, Ільліч утрапёна паглядзеў на Сьцяпана Кузьміча і, зачапіўшыся нагой за дыванок, запытаўся:
— А дзе... начальнік?
Сьцяпан Кузьміч аддзьмуўся, пацёр рукавом пераносьсе:
— Вы што, з тэатра будзеце?
Рукі наведніка хваравіта здрыгануліся.
— Ды так... калісьці акторыў, — наведнік памацаў дрыжачымі пальцамі прыклееную бародку.
Усталявалася цяжкое маўчаньне, і Сьцяпан Кузьміч, падняўшы з—пад ног асадку, пастукаў ёю па стале.
— Тут... разумееце, якая справа... – наведнік ізноў памацаў бародку, якая тым часам ужо адклеілася, і, дыхнуўшы піўным перагарам, выгукнуў: — Таварыш начальнік, не магу я на тым браневіку ехаць.
Сьцяпан Кузьміч дастаў з шуфляды тэлефонны даведнік, пагартаў, шукаючы нумар вар’ятні, і як бы між іншым запытаўся:
— Гэта яшчэ чаму?
— Машына тузаецца – не ўстаяць. Ды і ехаць трэба шпарка – ззаду ж павінны матросы бегчы.
Твар Сьцяпана Кузьміча прасьвятлеў. Ну вядома ж, усё гэта былі ананкавыя штукі. Хацеў таварыш Ананка жывога Леніна перад трыбунаю правезьці, чарговым разам вылучыцца. Ну, ды нічога, цяпер мы і самі вылучымся. І Сьцяпан Кузьміч, падняўшыся на ногі, запытаў:
— Твае прапановы?
Актор зьдзер бародку, запіхнуў у кішэню:
— Трэба, каб я на трыбуне стаяў. Будзе хоць за што трымацца.
— Дык што ж, мы трыбуну на бранявік паставім?
Апошняе пытаньне зьбянтэжыла актора. Актор панурыў вочы, выцягнуў з кішэні бародку, з жалем уздыхнуў.
— Таварыш начальнік... я там... у тэатры... бутафорыю пазычыў... ну, пінжак там... камізэльку, акторавыя рукі прабегліся па штрыфелях пінжака, паспрабавалі прыляпіць бародку на старое месца, — чаравікі яшчэ...
— Ну і... – перабіў яго «таварыш начальнік».
— Ну і... хлопцы чаравікі да браневіка прыляпілі. Эпаксыднай смалою. Думалі, так стаяць зручней будзе. Ды я ледзь ногі не зламаў.
— Ну і... – ужо з нецярплівасьцю ў голасе выгукнуў суразмоўнік.
— Ну... сталі адрываць і падэшвы адарвалі. А чаравікі дваццаць рублёў каштуюць.
Сьцяпан Кузьміч выцягнуў партманэт, адлічыў тры чырвонцы, потым, падумаўшы, выцягнуў яшчэ пакамечаны траяк і, кінуўшы на стол, прашаптаў:
— Пасьля абеду зайду. Папярэдзь хлопцаў.
Вялізны, мэтраў пяць увышыню, партрэт Леніна сох на восеньскім ветры, прыхінуты да закуранай сьцяны ліцейкі. Тут жа сохлі партрэты членаў Палітбюро, а пасярод двара стаяў, буркочучы рухавіком, зьбіты з фанэрных лістоў бранявік. Сьцяпан Кузьміч падышоў да браневіка, дацягнуўся рукою да верху круглай вежы і не знайшоў там і сьледу прыліплых падэшваў.
«Артыст», — зазначыў сабе Сьцяпан Кузьміч, хітнуў галавой, і парывы халоднага ветру данесьлі да ягоных вушэй рып нязмазаных дзьвярэй і абрыўкі бязладнай гамэрні. Гэта рыпалі дзьверы катлапункту, які месьціўся поруч зь ліцейкай, і зь якіх – зусім нечакана – выкуліўся нейкі барадаты бамбіза. Бамбіза мацюкнуўся, зачапіў нагою партрэт члена Палітбюро Арвіда Пельшэ і, абапіраючыся рукамі на сьцяну, стаў расшпільваць нагавіцы. Мяркуючы па перапэцканай у фарбу кашулі, бамбіза быў мастаком.
Напярэдадні кастрычніцкіх сьвятаў мастакі мелі звычай працаваць у катлапункце. Малявалі такою парою шмат, фарба сохла паволі, а на катлапункце, блізу гарачых труб, усё высыхала адным імгненьнем. Мастакі, вядома, пілі і раней: праносілі пітво праз прахадную і, зашыўшыся на тым жа катлапункце, квасілі... Але каб вось так... пасярод працоўнага дня... паліваць сьцены... Такога яшчэ не было. І Сьцяпан Кузьміч, раздумваючы, якой кары заслугоўваюць гэтыя апівуды, рушыў наперад.
Дзьверы рыпнулі, у твар дыхнула вільгацьцю, а нага на самым парозе натыкнулася на нешта жывое і мяккае. Сьцяпан Кузьміч падскочыў, зірнуў долу і ўбачыў пад нагамі пляшывую актораву галаву. Актор спаў, паклаўшы голаў на парог і абдымаючы рукою мэталёвую піўную бочку. У памяшканьні было горача, таму, відаць, Бурых і прылёг на парозе.