Выбрать главу

У глыбіні катлапункту, пад лёзунгам «Слава перадавой савецкай навуцы!», сядзелі трое: вусаты маладзён у цёмных акулярах, нейкі сівабароды здыхляк і дарэшты сп’янелы сьлесар Гасьцюгін. Маладзён сядзеў на ацяпляльнай трубе, жаваў кіслы агурок і прамаўляў:

— А я табе кажу... твой Шагал... нікчэмнасьць! Разумееш? Нік—чэм—насьць! — сказаўшы слова «нікчэмнасьць», маладзён змоўк, рашуча заварушыў сківіцамі, і кроплі агурочнага расолу дробна задрыжэлі на гладкім падбародзьдзі.

Здыхляк, да якога ён зьвяртаўся, а разам зь ім і сьлесар Гасьцюгін ужо не маглі нічога сказаць – адно толькі ікалі, і іхныя лядашчыя целы кожным разам адчайна здрыганаліся.

— Што тут чыніцца? — выдыхнуў Сьцяпан Кузьміч, паслабляючы гальштук на ўзмакрэлай шыі. Голас ягоны зрываўся ад хваляваньня, а пальцы ніяк не маглі разьвязаць вузел.

Маладзён пакінуў жаваць, утаропіўся на дзьверы, і дзьверы ізноў рыпнулі, гэтым разам настойліва і рашуча. Сьцяпан Кузьміч азірнуўся. У дзьвярной пройме стаяў барадаты бамбіза. Хвіліну апівуда варочаў бялкамі вачэй, пасьля чаго, раскрыліў рукі і, блытаючы Сьцяпана Кузьміча з нейкім сваім знаёмым, загарлаў:

— Вася?! Кораш! І ты тут!

У Сьцяпана Кузьміча закружылася галава. Ён адпіхнуў ад сябе п’яную пысу, якая лезла цалавацца і, задыхаючыся ад абурэньня, вылецеў з катлапункта.

Першая думка была: выклікаць міліцыю. Ён нават паскорыў крок, шыбуючы ў бок заводакіраўніцтва, але неўзабаве сьцішыў хаду і пачухаў голеную сківіцу. «Ну добра, здам я іх у міліцыю. А хто будзе лёзунгі дамалёўваць? Пушкін? Дый ці варта ўздымаць вэрхал? Яшчэ, чаго добрага, у абкаме даведаюцца», — згадаўшы пра абкам, Сьцяпан Кузьміч пацямнеў з твару і пужліва агледзеўся. Гадзіньнік на будынку заводакіраўніцтва паказваў палову чацьвертай. «Пайду ў зборачны, да Карозы. З гэтым Гасьцюгіным трэба штосьці рабіць. Далей так доўжыцца ня можа», — падумаў Сьцяпан Кузьміч, памкнуўся было ісьці, ды неўзабаве ізноў супыніўся... Турбаваць Карозу не было сэнсу. У п’янтоса Гасьцюгіна залатыя рукі: лядоўні ў сэйфы ўштукоўвае, магільныя агароджы зь нержавейкі кляпае. Здаецца, і цяпер некаму агароджу ладзіць... Ці ня цешчы першага сакратара? Такога паспрабуй – здай у міліцыю. І сам там апынесься.

Сьцяпан Кузьміч крэкнуў, уголас прашаптаў: «Заўтра разьбяромся», — і разважлівай, але напорыстай хадою рушыў да прахадной.

Назаўтра, акурат а дзевятай гадзіне, ён увайшоў у прыёмную і ўбачыў ля дзьвярэй свайго габінэту актора Бурых. Актора было цяжка пазнаць; твар апух, вочы заплылі, а рукі дрыжэлі страшней ад учарашняга. «Абстынэнтны сындром», — зазначыў Сьцяпан Кузьміч і кіўком галавы запрасіў актора ў габінэт.

Тэатральны растрыга доўга стаяў на парозе, камечыў у руках капялюш, нарэшце сабраўся з думкамі і не сваім голасам прамармытаў:

— Ёсьць ідэя.

Словы гэтыя разьвесялілі: у такой галаве яшчэ маглі нараджацца нейкія ідэі... Гаспадар габінэту пасьміхнуўся, сеў у крэсла, узьняў на наведніка дапытлівыя вочы.

— Ёсьць ідэя, — паўтарыў Бурых і дзеля ілюстрацыі сваёй ідэі намаляваў рукамі ў паветры штосьці падобнае на квадрат. – Памятаеце, я ўчора казаў пра трыбуну? – Сьцяпан Кузьміч, вядома ж, памятаў, але шчыра падзівіўся, што пра гэта памятаў Бурых.

Актор падыштоў да стала, наліў у шклянку вады з графіну.

— Карацей, зьбіваем з фанэры трыбуну, абцягваем чырвонай матэрыяй, а пад трыбунай «радыста» садзім... з магнітафонам... – зубы акторавы залескаталі па шклянцы, а квадратны коўцік прагна заварушыўся.

Наталіўшы смагу, Бурых аддзьмуўся, выцер рукавом вусны.

— Запішам на стужку голас Леніна і запусьцім. Уяўляеце? Я стаю на трыбуне і прамаўляю ленінскім голасам. Бацькі горада са штаноў павыпадаюць.

Сьцяпан Кузьміч заплюшчыў вочы, уявіў, як бацькі горада будуць «выпадаць са штаноў», і натхнёна пацёр скроні. Ідэя была, безумоўна, цікавая: пусьціць жывое ленінскае слова – і сам Ленін на трыбуне... Да гэтага, здаецца, яшчэ ніхто не дадумваўся.

— Ну добра, — прамовіў гаспадар габінэту, — зьбівайце трыбуну, а там пабачым. — Сьцяпан Кузьміч падняўся з крэсла, дэманструючы, што размова скончаная, але наведнік і ня думаў сыходзіць. Бурых стаяў, панурыўшы вочы, і камячыў шматпакутны капялюш.

Сьцяпан Кузьміч пахітаў галавой, выцягнуў з кішэні пару рваных рублёў, кінуў на стол, і Бурых, схапіўшы грошы, вомігам зьнік з габінэту.

Увечары наступнага дня трыбуна была зьбітая, абцягнутая чырвонай матэрыяй і ўмацаваная на кодабе да бляску вымытага «газону». Высозная, падсьвечаная зыркім пражэктарам, яна нагадвала нейкую фэерычную спаруду, і дробны дождж, які сыпаў зь неба і бліскаў у пражэктарным промні, толькі падкрэсьліваў гэтую фэерычнасьць.