— Левая клявіша! Другіх не чапай... – гукаў Бурых, нахіліўшыся да цёмнай адтуліны, зь якой тырчэлі абцасы стаптаных гасьцюгінскіх чаравікаў.
Адтуліна асьвятлілася на імгненьне кволым сьвятлом – Гасьцюгін чыркнуў запалкай, у трыбунных нетрах штосьці бразнула, а за сьпінаю Сьцяпана Кузьміча прагучалі словы, ад якіх ногі сталі ватныя і сьвет перакуліўся дагары нагамі.
— Таварышы, гэта ж блюзьнерства!
Ня памятаючы сябе, ён кінуўся наўздагон машыне, махнуў рукою, загадваючы актору дзе—небудзь схавацца, але той, па—свойму зразумеўшы такую адмашку, схапіўся за поручні і сьпехам узьлез на трыбуну.
Навокал ізноў зашумелі, але гэтым разам у людзкіх галасах чулася шчырае захапленьне. «Жывы Ленін» выцягнуў з кішэні палатняную кепурку, сьціснуў яе ў кулаку, выцяў кулаком дажджыстае неба. Буханьне аркестру на пляцы патанула ў бурных воплесках.
«Усё цудоўна!» – супакоіў сябе Сьцяпан Кузьміч. Ідучы ўпоравень з машынай, ён налёг грудзінаю на борт і, пазіраючы ў цёмную адтуліну, зь нецярплівасьцю запытаў:
— Ну, што там у цябе?
— Цёмна... – заварушыўся ў трыбунным чэраве Гасьцюгін. Сьлесар ізноў чыркнуў запалкаю, здушана выдыхнуў: — Зараз урублю.
— Уключаем! — крыкнуў Сьцяпан Кузьміч, і актор, прылашчыўшы бародку, энэргічна заляпаў бязгучным ротам.
Кляцнуў магнітафон, засіпеў рэпрадуктар, і гулкую прастору скалануў надрыўны тэнар:
—Дире—эвня—а! Диревня—а родная—яя...
Громападобная песьня ўлякнула ня толькі Сьцяпана Кузьміча, але й вадзілу «газона». Вадзіла рэзка тармазнуў, потым з гэткай жа рашучасьцю, зь якой ціснуў на тормаз, націснуў на газ. Машына рванулася, наверсе войкнулі, Сьцяпан Кузьміч спалохана сьцяўся, чакаючы акторавага падзеньня, але Бурых, дзякаваць Богу, утрымаўся на верхатуры і, ці то зь перапуду, ці то з адчаю, галёкнуў на ўсю моц сваіх лёгкіх:
— Чьто такое Советская в’асть?... В чём заключается сущность этой новой в’асти?..
— Малайчына, Бурых, — адно й прашаптаў Сьцяпан Кузьміч, маліцьвенна пазіраючы на актора. Актор шпарыў без запінкі і ня нейкую там адсябеціну, а амаль слова ў слова паўтараў тое, што было запісана на магнітафоннай стужцы. Машына праехала міма ўнівэрмагу, параўнялася з будынкам галоўпаштамту, і новы выбух рогату прымусіў Сьцяпана Кузьміча схапіцца за сэрца.
— Советкая в’асть неминуемо, неизбежно... победит во всём мире! — лямантаваў Бурых, не зважаючы на тое, што бародка адарвалася ад падбародзьдзя і матлялася недзе ля вуха.
— Стой, халера! — крыкнуў Сьцяпан Кузьміч. – Барада адарвалася! — Але Бурых не пачуў. На актора найшло праўдзівае шаленства. Ён махаў рукамі, матляўся ў розныя бакі, небясьпечна перавальваўся цераз поручні.
— Стой ты, халера! — удругарадзь крыкнуў Сьцяпан Кузьміч і, выхапіўшы зь нечых рук партрэт Л. І. Брэжнева, ляснуў ім па фанэрнай трыбуне. Актор ізноў не пачуў, а Гасьцюгін, які сядзеў у трыбунных нетрах, выставіў з адтуліны азадак і, рухаючыся па—рачынаму, запытаўся:
— Што, можна вылазіць?
Машына выяжджала на пляц.
Не выпускаючы з рук партрэту, Сьцяпан Кузьміч убіўся ў кабінку, адчайным рухам крутнуў руль на сябе. Разганяючы натоўп, машына выехала на ходнік, падмяла коламі пару транспарантаў і, ламаючы кусты, завярнула ў правулак.
Дадому прыехалі толькі па абедзе: галоўныя вуліцы былі перакрытыя, апрача таго, трыбуна не праходзіла пад мастамі, і давялося доўга круціцца па завулках, вырываючыся з гарадзкога цэнтру. Шафёр хацеў тут жа, з тэлефоннай будкі, выклікаць «хуткую», але ён запярэчыў; сказаў, што выкліча сам, і, хістаючыся, пайшоў да пад’езду.
Сэрца парывіста грукацела. Сьвет брыніў уваччу, а вушы поўніліся замарачным шумам. І здавалася Сьцяпану Кузьмічу, што ідзе ён не па прыступках, а ўзьбіраецца на палок горача напаленай лазьні – той самай, загараднай лазьні, у якой па суботах мылася начальства. Плюхала вада ў душы, сыкалі палітыя вадою камяні ў парыльні, і з прымыльніку бадзёрым голасам гукаў Ананка:
— Казаў табе... на браневіку трэба было ехаць.
— На браневіку... – паўтаралі бяскроўныя вусны, і рукі адчайна хапаліся за парэнчы, і галава ягоная асоўвалася ўсё ніжэй і ніжэй, аж пакуль не знайшла сабе спачын на халодных прыступках.
Аповесьць
Гісторыя аднаго злачынства