Выбрать главу

Ваня Бянькоў нарадзіўся на станцыі Назарбай Цалінаградзкай вобласьці. Увесну пяцьдзесят чацьвертага маці ягоная, Ларыса Пятроўна, пазычыўшы сто рублёў у суседкі, набыла фанэрную валізу і ад'ехала на асваеньне цаліннай і абложнай зямлі.

На цаліне Ларыса Бянькова спачатку завашывела, потым зацяжарала і ў лютым наступнага году, на восьмым месяцы цяжарнасьці, падалася дадому, зь вялікай цяжкасьцю ўбіўшыся ў таварна—пасажырскі цягнік.

Дзесьці пад Акмолінскам Ларысе стала блага, яе зьнялі зь цягніка, занесьлі на станцыю, і там, у дзяжурным пакоі чыгуначнай станцыі Назарбай, Іван і зьявіўся на сьвет, прывітаўшы залівістым енкам бяскрайні цалінны абшар.

Бацьку свайго Іван бачыў толькі на фотаздымку — маленькім, пацьмянелым ад часу здымку, які і дагэтуль вісіць над матчыным ложкам і на якім калі і можна што ўгледзець, дык гэта тое, што бацька быў вусатым.

Маці наагул любіла вусатых мужыкоў. Вунь і дзядзька Коля, кватарант іхны, таксама вусы насіў. Добры быў дзядзька. Дзьве зімы ў іх кватараваў, аж пакуль маці яго ня выгнала. Даведалася, што кватарант жонку з двума сынамі кінуў і ад алімэнтаў хаваўся. Зьехаў дзядзька Коля, нават валізу не прыхапіўшы. А ў валізе «Памятка дэсантніку» ляжала. Маленькая такая кніжачка. На вокладцы нумар напісаны і грыф адпаведны: «За пределы части не выносить!» Памятку тую Іван прачытаў разоў мо дваццаць і так захварэў на парашутызм, што з хаты ўсе прасьціны павыносіў. Парашуты зь іх майстраваў: да ражкоў аборкі прывязваў ды скакаў з суседзкай пуні. Вышыня было, вядома, непаважная... нейкіх пару мэтраў. Але аднаго разу давялося Івану зьдзейсьніць скачок, перад якім самлеў бы і сапраўдны парашутыст—выпрабавальнік, пагатоў скакаць давялося не з парашутам, а з падзертым парасонам. Пад'юдзілі яго на гэта ленінградзкія хлопцы, якія ў вёсцы гасьцявалі. Яны і парасон далі...

«Скочыш, — сказалі, — скрыню ліманаду паставім».

А скакаць трэба было зь сіласнай вежы.

... Ад сьмерці Івана ўратавала куча ссохлага гною, што ляжала пад вежаю, — яна і зьмягчыла ўдар. Толькі нагу і зламаў. Хірург пасьля апэрацыі распытваць узяўся. Маўляў, што ды як. Ці самохаць зь вежы сігануў, ці піхнуў хто, а распытаўшы, яшчэ нейкага прывёў. Сівога такога, з круглявым люстэркам на лобе.

— Вось, — кажа, — Аркадзь Барысавіч, цяжкі выпадак. Парашут у хлопца не раскрыўся.

Аркадзь Барысавіч Івану ў вочы глядзеў, штосьці па—замежнаму мармытаў, а нахіліўшыся да Іванавага вуха, запытаўся:

— Прыпадкі былі?

Прыпадкаў у Івана, дзякаваць Богу, не было, на мэнінгіт ён не хварэў, у пасьцель не мачыўся, але пасьля такіх роспытаў насельнікі палаты сталі глядзець на яго з насьцярогаю і спачуваньнем, а цёткі на мыліцах, што раз—пораз зазіралі ў палату, цокалі языкамі і напаўголасу прамаўлялі:

— Гэта ж трэба... такі малады, а ўжо чокнуўся.

Першыя тры дні ложак Іванаў стаяў усутыч да ложка дзеда Яўхіма, і ад таго суседзтва Іван і папраўдзе быў блізкі да вар'яцтва. Прычынай таму сталася бясконцая кашляніна і хворыя вантробы восемдзесятгадовага гаротніка. Ратуючыся ад апраметных зыкаў і пахаў, Іван клаў на твар падушку, з галавою ўкручваўся ў коўдру, а ўкруціўшыся, цэлымі гадзінамі пакутваў ад недахопу кіслароду.

На трэція содні дзед Яўхім памёр, і суседні ложак заняў хлопец з пашкоджаным хрыбетнікам. Сусед быў гадоў на пяць старэйшы за Івана і меў надзіва ладную постаць. Атлетычныя цягліцы ягоныя прыкметна пукаціліся пад цяльняшкаю, і гэтыя цяльняшка, а таксама наколка катвігі на левай руцы, наводзілі на думку, што сусед быў зьвязаны з морам.

Паклалі суседа на голыя дошкі, загадалі ляжаць незварушна, але хлопец, пакруціўшыся пару гадзін, зьбег з палаты праз адчыненае вакно і вярнуўся толькі апоўначы.

... Тае начы Івану ня спалася. Ды і як было заснуць, калі ў больнічным садзе сьпяваў салавей, калі пад вокнамі палаты буяла чаромха, а на суседнім ложку ляжаў, пакутуючы на бяссоньне, гэткі ж начны летуценьнік. Яны разгаварыліся, і сусед, які назваўся Станіславам, з горыччу ў голасе паведаміў, што мапэд «Верхавіна» зусім ня слухаецца на спусках і што трэскі ад паркану, у які ён урэзаўся, разьляцеліся па ўсёй вуліцы. Распавёўшы Івану сваю невясёлую гісторыю, сусед абклаў мацюгамі пазванковыя дыскі, якія гэтак недарэчы зрушыліся ў ягонай хрыбціне, і запытаўся:

— А ты што, зь вежы зваліўся?

Крыўднае гэта было пытаньне. У Івана нават шчокі зачырванеліся. Што ж ён, сапраўды, мяшок які, каб зь вежы падаць? Так і сказаў Станіславу, а яшчэ сказаў, што наступным разам парасон алюмініевым дротам змацуе і што... Хацеў і яшчэ нешта сказаць, ды тут Адстаўнік прачнуўся. Зьвяглівы такі дзядзька, у куце ля самых дзьвярэй ляжаў. Ну і, вядома, заенчыў: спаць яму, хвораму чалавеку, не даюць. Але затое наступным днём пагаманілі яны з суседам як мае быць. Гаманіў, праўда, адзін Станіслаў; Іван больш слухаў, а тое—сёе нават занатоўваў. Занатаваў, прыкладам, пару эстонскіх мацюкоў, запісаў рускімі літарамі эстонскі выраз «Куст сааб оста віна?» («Дзе тут можна ўзяць віна?»), а таксама з асаблівай руплівасьцю перамаляваў са Станіслававага нататніка ў свой сэрыю мудрагелістых «камасутраўскіх» паставаў. Слухаючы «караля мараходкі», Іван міжволі сьціскаў кулакі, раз—пораз заплюшчваў вочы, і яму здавалася, што гэта не Станіслаў, а ён, курсант Бянькоў, б'ецца на танцах у клюбе маракоў, што гэта ён раздае аплявухі салагам і гэта на ягоных, Іванавых, грудзях засынаюць зьняможаныя талінскія прыгажуні.