— І калі ўжо разваліцца?
«Масквіч» торгаецца, страляе выхлапнымі газамі.
З—пад колаў хлебавозкі, што ідзе наперадзе, струменіцца белая віхурка. Яна віецца па асфальце, губляецца ў прыдарожных кустах, і калі глядзець на яе, здаецца, што легкавік едзе неяк бокам. Мерачыся абагнаць хлебавозку, Сьцяпан цісьне на сыгнал, вырульвае на сярэдзіну праспэкту і скідвае хуткасьць. Абганяць хлебавозку няма сэнсу: праспэкт наперадзе забіты машынамі, а па сьценах навакольных будынкаў паўзе сінеча міліцэйскай мігалкі. Спыніўшы легкавік, Сьцяпан апускае шкло, глядзіць па баках.
— Што там такое? — крычыць ён гарбатаму дзеду, які сунецца па ходніку.
— Бэнээфаўцы мітынг ладзяць! — гукае дзед, матлянуўшы сеткай з двума батонамі. Адкашляўшыся, стары крычыць яшчэ нешта, але слоў не разабраць – непадалёку надрыўна гудзе легкавушка.
Чырвоны «жыгуль» з надпісам «Тэлебачаньне» на дзьверцы пралятае міма, узьняўшы ў паветра сьнежную замець. Сьнег іскрыцца на сонцы, халадзіць шчаку. Сьцяпан лаецца, падымае шкло і, не чакаючы, пакуль асядзе зіхоткі пыл, разварочвае машыну.
У чырвоных «жыгулях» паехаў Толік Стральчук з апэратарам. Стральчук – маёр КГБ. Езьдзіць па мітынгах, бярэ інтэрвію ў актыўных мітынгоўчыкаў. Тое—сёе, праўда, і на тэлебачаньне дае, у праграму «Відэарама», але гэта так – дзеля камуфляжу.
— Выжла, — мармыча Сьцяпан і заварочвае з вуліцы Ўрыцкага на вуліцу Валадарскага.
Да крамы дарога ня блізкая. Пакуль даедзеш – увесь бэнзын спаліш. Але ехаць трэба: кожны матэрыял, што ідзе на Маскву, Нінэль Міхайлаўна праслухоўвае і ўласнаручна падпісвае ў этэр. Тут мантаж з накладзеным фонам ня пройдзе. Жывая гаворка патрэбная. І каб усе ў адзін голас Саюз падтрымлівалі. Вось і даводзіцца ў вэтэранскую краму езьдзіць, адстаўнікоў запісваць.
Нейкая бабуля бяжыць на чырвонае сьвятло, Сьцяпан спалохана круціць руль, лаецца, а яшчэ празь імгненьне зноўку варушыць вуснамі, рэпеціруючы інтэрвію з адстаўнікамі.
Ля крамных дзьвярэй – цэлая вайна. Адны выходзяць, другія заходзяць, трэція проста стаяць на ганку, і ў краму не прапхнуцца. Сьцяпан прыўзьнімаецца на дыбачках, аглядае натоўп, а згледзеўшы знаёмцаў, кісла пасьміхаецца. Ды і як не пасьміхнуцца, зірнуўшы на таго ж Усьціна Капітонавіча Дуба, былога ваенкама. Змакрэлы, дарэшты разьюшаны, Усьцін Капітонавіч нешта крычыць, трасе пад галавою чырвоным пасьведчаньнем, і па ягоных крыках можна зразумець, што гандляры прыхавалі на складзе нейкі тавар. Побач зь ім махае поліэтыленавай торбаю былая загадчыца парткабінэту Кароткая, а паміж імі, заціснуты з усіх бакоў, торгае лысай галавой былы інструктар ДТСААФ Варывончык. Варывончык трымае над галавой падраны мяшэчак з грэчкаю, і крупы ценькім цурком сыплюцца яму на лысіну.
Позірк Сьцяпанавы адразу ж засяродзіўся на шыракаплечым вэтэране ў бобрыкавым палітоне. Вэтэран, з выгляду вайсковец у адстаўцы, стаяў у самым цэнтры натоўпу і, наставіўшы ўгору палец, штосьці даводзіў свайму суседу па чарзе – лядашчаму дзядку ў аблезлай вушанцы. Рэпартэрскі нюх падказваў: гэты! — і Сьцяпан, насунуўшы мікрафон на дзяржак, уплішчыўся ў натоўп.
У сярэдзіну крамы ён пралез сама што: шыракаплечы вэтэран ужо трос дзядка за плячук, дзядок вырываўся, і ўсё гэта магло скончыцца бойкаю.
— Карэспандэнт рэспубліканскага радыё Жук, — адрэкамэндаваўся Сьцяпан, на хаду нагаворваючы на плёнку пранікнёны аповед пра вэтэранаў. Згадаўшы рэвалюцыю, першыя пяцігодкі, Айчынную вайну і пасьляваеннае будаўніцтва, ён скончыў пранікнёны аповед ня меней пранікнёным пытаньнем:
— Дык што ж яны, гэтыя ўмудроныя жыцьцёвым вопытам людзі, думаюць пра тых, хто прагне развалу Саюза?
— Страляць іх трэба! — бязь ценю сумневу выдыхнуў шыракаплечы вэтэран і, адпусьціўшы дзедавы плячук, дадаў: — Я іх у сорак сёмым, пад Панявежысам, цэлую кучу паклаў.
Крыху зьбянтэжаны Сьцяпан падсунуў мікрафон дзеду ў аблезлай вушанцы:
— Ну а вы, што скажаце?
Дзядок спалохана ўздрыгнуў, выцер кулаком вочы і, зьвёўшы іх да пераносься, зь невыказным жахам паглядзеў на мікрафон.
— Правільна! Страляць іх трэба, гэтых гандляроў, — крыкнула, ня цямячы, пра што размова, нейкая кабета, і Сьцяпан пазнаў па тым крыку пэнсіянэрку Кароткую.