Выбрать главу

Пасьля Станіслававых аповедаў Іван доўга ня мог заснуць, і адно пытаньне вярэдзіла душу: ці бяруць у мараходку двоечнікаў? Не запытаўся ён пра гэта і наступным ранкам, бо наступным ранкам была нядзеля і Станіслаў адразу пасьля сьняданку некуды зьнік, а калі вярнуўся, дык у палаце ўжо спалі, і толькі бяссонны Адстаўнік, ды ён, Іван, бачылі, як «кароль мараходкі» лез у адчыненае вакно і вокраччу дабіраўся да ложка. А ў панядзелак у палату ўвайшоў галоўурач і загадаў Станіславу зьбіраць рэчы.

— Учора ў чарзе па віно разам стаялі, — патлумачыў «кароль мараходкі», калі за ўрачом зачыніліся дзьверы, і, накінуўшы на плечы марскі бушлат, які прыхоўваў у тумбачцы, працягнуў Івану шырокую пяцярню.

— Трымай краба, дэсантнік, — прамовіў Станіслаў зь ледзь прыкметнай усьмешкай, якая яшчэ раз пераканала Івана, што дэсантура — занятак непаважны, і што толькі надзеўшы марскі бушлат, можна адчуць сябе сапраўдным чалавекам.

Праз два месяцы, апошнім днём жніўня, Ваня Бянькоў шкандыбаў па пыльнай бычкоўскай вуліцы, і ўся вясковая дзятва бегла за ім ад самага аўтобусу. Ваня прыпадаў на левую нагу, але пры гэтым ня траціў годнасьці і штохвілі адмахваўся ад матчыных спробаў падтрымаць яго за рукаво.

— Ну чаго ты адмахваешся, — пакрыўджана ўздыхала Ларыса Пятроўна, выцірала няпрошаную сьлязіну і, усхапіўшыся, дадавала: — Можа хоць цяпер за розум возьмесься?

Пераступіўшы парог роднае хаты, Іван выпіў паўлітры адтопленага малака, узяў з паліцы сшытак, сеў пры стале і запісаў у яго прозьвішчы дзевяці падшыванцаў, што гаманкой чарадою тоўпіліся ў прысенку. Такім чынам у Бычках быў створаны Клюб юных маракоў (скарочана КЮМ), і першай акцыяй клюбу была пабудова плыта на Церахоўскай сажалцы.

Два дні на сажалцы — балазе месьцілася яна непадалёку ад школы — бухалі малаткі, зумкалі пілы, і бычкоўскім настаўніцам даводзілася пасьля кожнай перамены выбягаць на двор і заганяць сваіх вучняў у клясы. А пазьней, гэта ўжо як здарылася непапраўнае і плыт перакуліўся на сярэдзіне вадаёму, давялося настаўніцам і ў ваду лезьці, ратуючы жыцьцё першаклясьніка Бадунова.

Пасьля таго выпадку бацька пацярпелага, мэханізатар Бадуноў, пад'ехаў да сажалкі на трактары, на плыт вядро саляры выліў і, паабяцаўшы адлупцаваць сына, як той ачуняе, чыркнуў запалкай. Прыгожае было відовішча: сінія прыцемкі, цёмная вада — і полымя сярод вады шугала. Іван, праўда, усяго гэтага ня бачыў: стаяў у настаўніцкай, натацыі слухаў, сучкі на падлозе разглядаў ды носам шморгаў. І маці за сьпінаю стаяла, таксама носам шморгала ды сына па патыліцы біла.

Івана потым штомесяц на настаўніцкія прачуханкі выклікалі. Ушчувалі ды дзіцячай калёніяй пужалі, а аднойчы, калі ён на школьным двары самаробную «бомбу» рвануў, і вушы накруцілі. Але затое пасьведчаньне за васьмігодку выдалі зь вялікай радасьцю. Іван нават іспытаў не здаваў. Завуч Марковіч, праўда, абуралася, патрабавала Івана на другі год пакінуць. Ды настаўніцы адно рукамі замахалі. Гэтак ім Ванька Бянькоў надакучыў.

Першыя дні маці кожнага вечару пасьведчаньне з шуфляды даставала, шэптам перачытвала, а прачытаўшы, прамаўляла:

— Можа, у рамеснае якое ўваб'ецца?

Ведала Ларыса Пятроўна, што сын яе пра нейкую мараходку трызьніць, вось і хацела выпытаць, як там, ды што, ды дзе тая мараходка знаходзіцца. Але сын маўчаў і толькі, як тая маці атэстат, штовечару з кішэні нататнік даставаў і на старонцы зь літарай «М» адрас талінскай мараходкі перачытваў. А аднойчы, акурат пад вечар, пачуў Іван, як штосьці загуло знадворку. І надта ж гэты гул яго ўсхваляваў. Надзеў ён зрэбныя штаны, прыхапіў у кішэню скібу хлеба з маслам і на вуліцу падаўся.

— Вярніся! — крыкнула маці праз фортку. — Куды ты супроць ночы пасунуў?