Але Іван матчыных слоў і не пачуў нават, бо іншымі зыкамі поўніліся ягоныя вушы, і пошум сушылкі, які далятаў з супрацьлеглага канца вёскі, здаўся яму пошумам марскога прыбою.
Цэлы месяц адрабіў Іван на зернесушылцы: разгружаў машыны са збожжам, падкідваў збожжа да шнэкаў, а таксама пілаваў з напарнікам дровы для сушыльнай печы. Працаваў звычайна ўночы, а ўдзень адсыпаўся. Даводзілася, праўда, і ўдзень працаваць, па дзьве зьмены запар. Гэта ўжо як зьменшчык на працу не выходзіў.
Зьменшчыкам у Івана быў Лёшка Мандрык. Лёшкава маці бычкоўскім клюбам загадвала ды квіткі ў кіно прадавала. Лёшка яе часьцяком падмяняў, пускаў Івана ў кіно безь білета. Вось і даводзілася Івану за тое па дзьве зьмены адпрацоўваць.
Лёшка Мандрык, да таго як на сушылку патрапіць, цэлы год у Гомелі на кінамэханіка вучыўся. Ужо зьбіраўся нібыта і «корачкі» атрымліваць, але тут неспадзеўка выйшла. Нехта там на гомельскім вакзале латок абрабаваў, а міліцыя, не разабраўшыся, Лёшку прыблытала. Ну і выгналі з вучэльні. Прынамсі, так пра гэта распавядала Лёшкава маці.
Мандрык і да Гомлі быў хлопцам фанабэрыстым, а ўжо як у горадзе пажыў ды на гарадзкіх танцах пакруціўся, дык і ўвогуле нос у неба ўваткнуў. Нават на сушылку ў белых клёшах заяўляўся. Іван на клёшы (трыццаць сантымэтраў на доле, пояс чорным аксамітам аблямаваны) глядзеў з робленай абыякавасьцю. «Нічога, — думаў ён, краем вока на аксамітны пояс пазіраючы, — уладкуюся ў Таліне, пашыю сабе яшчэ шырэйшыя». І калі Лёшка не бяз гонару ў голасе паведаміў аднойчы, што пашыўка мадняцкіх штаноў трыццаць рублёў каштуе, Іван як бы між іншым зазначыў:
— У мараходцы клёшы дармавыя выдаюць.
Пад час размовы яны якраз дровы пілавалі. Лёшка як пра мараходку пачуў, дык нават з твару зьмяніўся і палец пілою параніў. Пабег дадому палец перабінтоўваць, а вярнуўся толькі пад вечар, з пляшкай «Араматызаванага» ў кішэні. Выпілі яны, закусілі кіслымі яблыкамі і па руках ударылі. Вырашылі разам у мараходку паступаць.
І вось прысьпеў дзень, калі Іван, у калгаснай касе пяцьдзесят рублёў атрымаўшы, прыйшоў дахаты, залез пад ложак і выцягнуў адтуль запыленую валізу — тую, што дзядзька Коля пакінуў.
— У Талін еду. У мараходную вучэльню. Разам зь Лёшкам Мандрыкам, — адказаў Іван на запытальны матчын позірк. І Ларыса Пятроўна, якая ня надта добра ўяўляла, дзе той Талін, але затое добра ведала, хто такі Лёшка Мандрык, з усхліпам прамовіла:
— У Латвію... да літоўцаў... з фулюганам гэтым...
Нездарма ўсхліпвала Ларыса Пятроўна, нядобра пра Лёшку Мандрыка згадваючы. Адчувала матчына сэрца, што ўсё гэта дрэнна скончыцца. Так яно, урэшце рэшт, і сталася. Толькі да Віцебску і даехалі Іван зь Лёшкам. У Віцебску трэба было на рыскі цягнік перасаджвацца, а хадзіў цягнік раз на содні. Цэлую ноч сябрукі на вакзале кантаваліся, мулкія лавы праклінаючы, а на золку прапанаваў Лёшка Івану на вулку выйсьці. Выйшлі яны на вулку, дыхнулі начной прахалоды, Лёшка грошы свае пералічыў і ці—іха так прамовіў:
— Я тут адзін шапік прыгледзеў. Пайшлі, пастаіш на шухеры.
У Івана ад такіх слоў калені затрэсьліся і сэрца ў лядзяк ператварылася, але выгляду не падаў — пасунуўся на кісельных нагах за кампаньёнам, перапужанымі вачыма на Лёшкаву сьпіну пазіраючы.
Кампаньён між тым выйшаў на справу не з пустымі рукамі. Былі ў яго адпаведныя прычандалы: ліпучкі гумовыя, што да шыбаў ліплі, і шкларэз з алмазам. З дапамогай тых прычандалаў Лёшка і ўлез у шапік. Выцягнуў адтуль жмутак пажоўклых газэт, трыццаць капеек грошай і тузін наліўных аўтаручак, пры гэтым шыю парэзаўшы і кашулю ў кроў перапэцкаўшы.
Вылаяліся кампаньёны з такога прыбытку, разапхалі самапіскі па кішэнях і ў пачакальню вярнуліся. Праспалі да раніцы, а раніцою Лёшка на пэрон выйшаў, узяўся асадкі прадаваць — бракавала яму грошай да Таліну даехаць. Тут да яго міліцыя і прыгледзелася. Ды і як было не прыгледзецца: на дварэ сёмая гадзіна раніцы, а па пэроне скрываўлены хлопец ходзіць, самапіскі з рук прадае. Давялося Лёшку ў міліцэйскі пакой прайсьці, а неўзабаве туды і Йвана даставілі.
Цэлы тыдзень ў каталажцы адседзелі. Лёшка на допыце ўсю віну на Івана зваліў, маўляў, гэта ён, Іван Бянькоў, у шапік залез. Толькі дзядзька ў цывільным, які дазнаньне праводзіў, таму веры ня даў. Нагадаў Лёшку ягоныя гомельскія штукі і справу пракурору накіраваў. Увосень Лёшку судзілі, а Івана, як саўдзельніка, міліцыя ў Баранавічы накіравала — на фрэзэроўшчыка вучыцца. І вось цёплым летнім адвячоркам, адвучыўшыся год у ПТВ, Іван Бянькоў ехаў дахаты і ў прадчуваньні блізкай сустрэчы з домам шчасна пасьміхаўся спрасонку.