Выбрать главу

— Ну куды?! Куды... вашу маць! — крыкнуў кіроўца, і Йван канчаткова абудзіўся. Шафёр дадаў рухавіку абаротаў, аўтобус скрануўся зь месца, праехаў мэтраў пяць і зноў супыніўся.

— Што, шэф, баісься, каб скаты не згарэлі? — грымнулі ад задніх дзьвярэй мужчыны, і Авадзіха, гідліва павёўшы носам, прашаптала:

— Апівуды няшчасныя!

Пасажыры адзін за адным пачалі выходзіць з аўтобуса, і Йван, якому таксама карцела выйсьці, з прагнасьцю паглядзеў на прыдарожныя кусты.

— Што, Ванька, выспаўся? — запыталася ў Івана цётка Авадзіха.

— Выспаўся, — азваўся той і глыбока ўздыхнуў.

— Саступіў бы месца дзяўчыне, а то зусім гаротніцу заціснулі, — прамовіла Авадзіха і, счакаўшы, дадала: — П'яніцы гэтыя.

Бялявая дзяўчына, якую Іван бачыў на аўтобусным прыпынку, стаяла ўсутыч да цёткі, трымаючы на сваіх плячах дарэшты ахмялелыя галовы.

— Чуеш, Ванька? — цётчын локаць тыцнуў пляменьніка пад бок.

— Ды чую, чую, — незадаволена буркнуў пляменьнік, пералез цераз мяхі з камбікормам і, разьмінаючыся зь дзяўчынай, дакрануўся носам да яе пахкіх кудзерак.

Ад парфумнага паху ў Івана закружылася галава. Ён замружыўся, увабраў у сябе паветра і нечакана з агідаю вякнуў. Гэта мэханізатар Бадуноў, паклаўшы на Іванаў плячук сваю сівую галаву, дыхнуў у твар густым смуродам часныку, гарэлкі і гаруча—змазачных матэрыялаў. Іван тузануў плечуком, галава мэханізатара хітнулася, папаўзла долу і празь імгненьне знайшла сабе прытулак, заклініўшыся між пульхнатых грудзей калгаснай бухгальтаркі Крыштаповіч.

Аўтобус натужна загуў на пад'ёме. Правёўшы сумным позіркам кілямэтровы слуп, які павольна праплыў за вакном, Іван яшчэ больш скурчыўся, і абражаны нюх ягоны зноў адчуў п'янкі парфумны пах: дзявочыя валасы, бязважкія, нібыта аблачынка, панадна сьвяціліся на сонцы. Адна валасінка нават казытнула яму ў носе, і, каб ня чхнуць у такі нязручны момант, ён адвёў нос убок і зь цікаўнасьцю скасіўся на дзявочыя калені. Дзяўчына, відаць, адчула гэты позірк, бо ў наступнае імгненьне калені дзявочыя стуліліся і таропкія пальчыкі пацягнулі долу паркалёвую сукенку.

— Дапаможаш мяхі несьці, — гукнула, як заўсёды ня ў час, цётка Авадзіха, і Йван пасьля такіх слоў густа пачырванеў. Адсунуўшыся на колькі магчама ад бялявай дзяўчыны, ён пацёр твар далоньню і ўжо без ранейшай апантанасьці стаў глядзець у вакно. Аўтобус зьбягаў з гары, за вакном зацятай чарадой ляцелі кусты і дрэвы, а па шкле паўзла, час ад часу шаруючы лапкамі празрыстыя крылцы, маленькая шэрая мушка. Каб не глядзець на дзявочыя калені, Іван зачапіўся вачыма за мушку, але тая, паблукаўшы па шкле, зьнікла зь відавоку.

Аўтобус між тым пад'яжджаў да гатаўскай павароткі. Гатаўцы, жыхары суседняй з Бычкамі вёскі, паўскоквалі зь месцаў, уголас загаманілі, і над Іванавай галавой праплылі да дзьвярэй ганарысты гусак у кашы і вісклівы парсюк у торбе.

— Маша, выходзім! — прагучала сярод людзкой гаманы, і па тым, зь якой заклапочанасьцю бялявая дзяўчына страсянула кудзеркамі, Іван зразумеў, што паклікалі яе. Гатаўскія цёткі, узьняўшы над галовамі хатулі і пакункі, рушылі да выхаду. Прапусьціўшы наперад дзяўчыну, Іван выхапіў з—пад ног сваю пашарпаную валізу, выпрастаўся на поўны рост, і цётка схапіла яго за руку.

— Ванька, куды ты? Дапаможаш мяхі несьці! — рэкнула Авадзіха, ды нябож высьлізнуў зь цётчыных шчымётаў, налёг на сьпіну бухгальтаркі Крыштаповіч, і тая пацягнула яго па салёне, кленучы цісканіну, п'янюгу Бадунова, які засьлініў ёй выхадную кофту, і ўсё сваё непрыгляднае ўдовінае жыцьцё.

Уздоўж бальшака шчытнай сьцяною стаяў перасохлы алешнік. Ён суха трашчаў пад нагамі, шамрэў каляным лісьцем, а патрапіўшы за каршэнь, непрыемна казытаў узмакрэлую шыю. Адсюль, з пагорку, зарасьнікі ссохлай вольхі здаваліся адным бязьмежным морам, сярод якога пукатымі выспамі паўставалі чорныя плямы выжарын.

Калісьці тут, на гэтым пагорку, стаяла вёска Гатава. Яшчэ й дасюль можна было ўбачыць сярод дзікатраўя ланцугі заімшэлых валуноў і аскепкі зьзелянелай цэглы. Вёску немцы спалілі за два тыдні да падыходу Чырвонай Арміі. Ужо і савецкія самалёты над галовамі лёталі, і кананада чуваць была, ды не ўратаваліся гатаўцы. Партызаны з брыгады «Няўмольныя» ля пераезду дывэрсію ўчынілі: пусьцілі пад адхон дрызіну з капою саломы. Немцы пасьля таго і вызьверыліся. Уварваліся ў вёску на матацыклах, людзей у кучу пазганялі, а хаты падпалілі. Добра яшчэ, што хоць не стралялі. Адно патрымалі з паўгадзіны, карабіны на баб наставіўшы, пагергеталі па—свойму дый паехалі ўпрочкі. Не было ў немцаў часу стралянінай займацца.