Адразу па вайне гатаўцы ў зямлянках жылі, якія яшчэ партызаны павыкопвалі. Ладныя былі зямлянкі: сухія, двухнакатныя і, галоўнае, непадалёк ад роднага папялішча. Жанкі на папялішча кожны дзень хадзілі — ежу ў печах гатавалі ды на гародчыках поркаліся. Тамака ж, на месцы партызанскай базы, і адбудоўвацца пачалі. Сёньня ў Гатаве дваццаць пяць гаспадароў засталося. Астатнія разьбегліся па белым сьвеце. Хто ў Ленінград зьехаў, хто на лесапавал завэрбаваўся, а большасьць на цаліну падалася, абложную зямлю асвойваць.
І зарасьлі гатаўскія пагоркі палыном ды алешнікам.
А пару месяцаў таму, перад майскімі сьвятамі, над гэтымі мясьцінамі генэрал Карзо пралятаў. Той самы Карзо, які ў вайну «Няўмольнымі» камандаваў. Генэрала перад тым у Вярхоўны Савет абралі, вось ён і паляцеў на вайсковым вэрталёце сваю акругу агледзець. Пабачыў былы партызан, што зямліца, за якую ён кроў праліваў, пустазельлем пазарастала, і нават мацюкнуўся ад абурэньня. А неўзабаве ў небе над Гатавым самалёт зьявіўся. Кукурузьнік сельгасавіяцыі. Цэлы дзень лётаў ды нейкую халеру сыпаў. Ад той халеры зь яблынь квецень асыпалася, камары ды мухі зьвяліся, а ў бухгальтаркі Крыштаповіч сабака акалеў, дохлымі мышамі аб'еўшыся. Але затое і алешнік ляснуўся. Ссох увесь дарэшты — аніводнага зялёнага лісьціка не засталося.
У гэтыя ссохлыя нетры і занурыўся Іван і добрую хвіліну стаяў там у нерухомасьці, скіраваўшы напорлівы струмок на куст перасохлай брызгліны. Высока ў небе сьпявалі птушкі, выў пад гарою аўтобус, шапацела пад напорлівым струмком сухое лісьце, а душа поўнілася спакоем і развагаю. Але новыя зыкі, што нарадзіліся за сьпінаю, прымусілі схамянуцца і таропка зашпіліць нагавіцы. Там, за сьпінаю, затрашчала ламачча, пачуўся дзявочы голас:
— Куды ты пабег, нягоднік? — і Йван, якому зусім не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такім нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.
Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, і, відаць, так і не заўважыла б Івана, калі б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбіваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.
— А—а... гэта вы... — пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Іванаву постаць, сарамліва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спадніцай за альховыя галіны, а Іван, вылезшы з мурашніку, шчыра пашкадаваў, што ня можа праваліцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.
Ён выцягнуў з кустоў валізу, страсянуў, спраўджваючы, ці не пабіліся купленыя ў Віцебску чатыры пляшкі віна, і ў той самы міг адчуў, як штосьці цёплае і мяккае кранулася пяткі. Гэта кот Маркіз, наставіўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравік, прымусіўшы Івана спачатку пудліва падскочыць, потым аддзьмуцца і, нарэшце, падхапіць ката пад пахі і зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.
Дзіўныя рэчы чыніліся з Іванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кілямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калі прыгажуня выйдзе з кустоў, і, не зьміргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлівага ўлюбёнца.
Дзяўчына ўзяла ката, кіўком галавы падзякавала Івану, а хлопец, якому праглася новых подзьвігаў, скіраваў хаду да таўшчэзнай сумкі, што стаяла пры дарозе.
— Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамі на вёску пайшла... — пралепятала дзяўчына, але Іван быў няўмольным.
Ён падышоў да сумкі, ухапіўся за ручкі і, адарваўшы сумку ад зямлі, пашкадаваў аб сваім учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьці, важыла ня меней, як два пуды.
— А вы што... у Гатаве жывяце? — запыталася дзяўчына, калі Іван, хістаючыся і керхаючы, зрабіў колькі крокаў.
Крыўднейшае пытаньне цяжка было і прыдумаць. Іван панурыў вочы, выпусьціў з рук сваю пашарпаную валізу, потым сумку і з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:
— У Баранавічах, Берасьцейскай вобласьці. — Пасьля чаго абабіў нагавіцы і акрыялым голасам дадаў: — Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блізка.
Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавічах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула і паказала пальцам на валізу. У паветры запахла сьпіртным, а жоўты пясок пад валізаю набрыняў чырвоным віном.
— Усё з—за мяне, — прамовіла дзяўчына, азірнулася і голас ейны набыў адценьне адчаю: — Зьбег, зьбег, нягоднік.
Іван схамянуўся, кінуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, і доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклікала яго радасным воклічам:
— Вярнуўся!
— Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, — паведаміла спадарожніца, калі Іван вылез з альховых нетраў, — вераб'ёў толькі праз акно бачыў, а тут... — ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася і, кіўнуўшы ў бок Гатава, прамовіла: — Дзядзька Коля едзе.