Выбрать главу

Дзесьці на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзіра Баркоўскага.

«Абавязкова пра шапік спытае, ці яшчэ пра якую халеру», — падумаў Іван і праз імгненьне, не разьвітаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбітай бутэлькі.

Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркі гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкінуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Іван выцер далоньню тлустыя вусны, зірнуў у столь.

— Гэта ж трэба. І трусы, і майку запляміў. Паскудствам гэтам. І з парашком не адмыеш, — стоячы ля печы, маці выцягвала з валізы брудныя сынавы мэтлахі і кідала ў выварку.

— Налі яшчэ, — папрасіў Іван, адчуўшы перамену ў матчыным настроі.

Маці ўзяла талерку, выліла з чыгунка рэшткі капусты.

— Схуднеў як. У западнікаў. Адныя вочы бліскаюць, — выдыхнула маці, усьпіраючы выварку на гарачую чарэнь.

Жыхароў Баранавічаў Ларыса Пятроўна недалюблівала і называла не іначай як «западнікамі». І хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусі, а тым больш у Баранавічах, не даводзілася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзіхі, якая езьдзіла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялі на крупы, у яе склалася наконт «западнікаў» пэўная думка.

— Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцілі, — прамовіла маці, памешваючы палкай у выварцы. — Па амністыі. Страшны стаў — з нажом ходзіць.

Іван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на ліпучку, што вісела пад стольлю. Ліпучка была чорная ад мух і вагалася ад гарачага паветра, якое струменіла ад печы.

— Ты ж глядзі, зь ім не вадзіся.

— З кім? — не зразумеў Іван.

— «З кім, з кім...» Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, — маці так імпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралілася вада і хата напоўнілася злавесным сыканьнем.

— І Мандрычыха не адстае. Кожны дзень п'яная, — маці выцерла рукі, падхапіла зь цьвіка цыратавы хвартух і, мармычучы яшчэ нешта пра Мандрычыху, пайшла даіць карову.

Іван даеў трэцюю талерку і зноў утаропіўся на ліпучку. Вось ужо цэлую гадзіну ён спрабаваў узнавіць у памяці аблічча бялявай дзяўчыны, зь якою ехаў у аўтобусе, але ўяўленьне не спрацоўвала.

— Маша! — прамовіў ён нарэшце, заплюшчыў вочы і замест мілага дзявочага тварыка ўявіў перапэцканую крывёю фізіяномію Лёшкі Мандрыка.

— Эх, Маша, Маша, — ужо з адчаем у голасе прашаптаў Іван, устаў з—за стала і пасунуўся ў прысенак шараваць гуталінам выхадныя «коры».

Да пачатку кінасэансу заставаліся лічаныя хвіліны, а глядзельная заля была амаль пустая. Толькі на першых радах тырчэла некалькі хлапечых галоў ды колькі дзяўчынёшак сядзелі ля ўваходу, слухаючы бязглуздыя Мандрычышыны аповеды. Мандрычыха, як заўсёды, была на падпітку. На ёй быў той самы пакамечаны пільчак, на пільчаку вісела тая самая мэдалька, і вярзла яна ўсё тую ж самую нісянеціцу.

— Таварышы! Не паверыце! Такі быльнік! Такі быльнік! Вышэй галавы! — прамаўляла загадчыца клюбу, зьвяртаючыся да дзяўчынёшак. Летась Мандрычысе, як работніку культуры, давялі плян — выбраць тры соткі палеглага льну. Выбрала яна яго ці не — невядома, але пра свае пакуты і пра быльнік, які рос з ільном, яна распавядала кожнаму стрэчнаму.

Адвёўшы вочы ад амбразуры, Іван ускудлаціў непаслухмяную чупрыну, ізноў зірнуў у залю. Апрача яго ў кінабудцы былі яшчэ трое: кінамэханік Лябёдка, які спаў на перамотачным стале, і браты Бадуновы — Пецька і Юрка. Старэйшы, Пецька, наладжваў кінапраектар, а маладзейшы, Юрка, той самы, што некалі ледзь не ўтапіўся ў сажалцы, перамотваў стужку.

— Дзе гэта ён? — запытаўся Іван, мяльком кіўнуўшы на Лябёдку.

— Карпачысе ячмень малацілі. Траян на камбайне, а ён снапы кідаў, — растлумачыў Пецька, запраўляючы стужку ў праектар. — Траян п'яны з камбайну зваліўся...

— І жняярку пагнуў, — уставіў слова Юрка, але брат незадаволена махнуў на яго рукою:

— Круці хутчэй! Яшчэ тры часткі перамотваць!

Юрка налёг на корбу, барабан загуў на высокай ноце, але нечакана гудзеньне абарвалася і стужка зь вясёлым шапаценьнем зазьмяілася па падлозе: гэта кінамэханік Лябёдка закінуў спрасоньня нагу на барабан і абарваў стужку.

— Колькі разоў казаць — адразу спыняй! — крыкнуў Пецька, а Іван, адарваўшыся ад амбразуры, параіў:

— Вы яго стрыножце, каб ня брыкаўся.

Заля між тым напаўнялася людам. Мандрычыха, адной рукой адрываючы ад пачка білеты, а другою трымаючы загаслую папяроску, віталася з кожным і п'янаватым голасам прамаўляла:

— Таварышы! Такі быльнік!

Іван пацёр намуляны аб цагліны лоб, уздыхнуў і з горыччу падумаў: «Ня прыйдзе!» Ён зірнуў на Пецьку Бадунова, і Пецька, па—свойму зразумеўшы такі позірк, завёў кінапраектар.