Выбрать главу

«Візыт савецкай партыйна—ўрадавай дэлегацыі ў Народную Рэспубліку Баўгарыю», — ударылі ў вочы зыркія тытры, Іван заплюшчыў вочы, а калі зноў расплюшчыў і ўбачыў, як Брэжнеў цалуецца зь нейкім лысым, гідліва скрывіўся і выйшаў з кінабудкі.

Надвор'е было што трэба. Павяваў цёплы ветрык, у гародах натхнёна цвыркалі конікі, а паветра поўнілася духмяным пахам скошанай канюшыны. Надвор'е шаптала: пакінь свае турботы, упадзі ў капу маладой саломы, закінь за голаў рукі і глядзі, глядзі, не адрываючы вачэй, на сьветлую вохру захаду, на зыркую Мілавіцу, на сярпок зялёнага маладзіка, каб праз шмат гадоў згадаць гэты вечар і дрыготкай рукою расьцерці па шчацэ старэчую сьлязіну.

Але Іван ня ўпаў у капу. Ды і куды было падаць, калі адзіная капешка, што стаяла наўзбоч Карпачысінага агароду, была занятая камбайнэрам Траянам. Раскінуўшы рукі, Траян скаланаў навакольле магутным храпам, і навакольныя конікі трашчалі напаўсілы, а то й зусім заміралі, калі камбайнэр чухаў нос і ўсчынаў храпці ўжо на зусім жудлівых абэртонах. «Ну і храпе», — падумаў Іван, пералез цераз тын і, прайшоўшыся па жорсткім іржышчы, выйшаў на гатаўскую дарогу. Ён і сам ня мог уцяміць, што яго прывяло сюды, на гэтую затканую туманом праселіцу, і толькі прыслухаўшыся да біцьця ўласнага сэрца, якое трапятала ў прадчуваньні сустрэчы зь дзяўчынай, зразумеў, што гэта яно, сэрца, не давала нагам спакою.

— Сьпіць з дарогі, — прамовіў ён уголас, згадаўшы, што Люську Халімонаву прывёз на матацыкле Сашка Собалеў, а другая гатаўка, Манька Цыкіна, прыехала ў клюб на вэласыпедзе.

Пасьміхнуўшыся сваім думкам, Іван пастаяў з паўгадзіны, паўздыхаў, прагна ўглядаючыся ў канец дарогі, дый пацёгся назад у клюб, апусьціўшы голаў і з дакорам мармычучы сабе пад нос імя ленінградзкай прыгажуні.

Ён ішоў па Карпачышыным агародзе, калі суладзьдзе вечаровых зыкаў парушыў гучны строкат. Намагаючыся ўгледзець, хто гэта там едзе па прасёлку, Іван узьлез на сьцірту саломы, потым, наступіўшы на соннага Траяна, пабег да камбайну і ўжо адтуль, зь верхавіны сьлізкага ад вечаровай расы бункера, убачыў, як матацыкл скаціўся з гары, як падкаціў да клюбу, і ў кволым сьвятле адзінага на ўсю вёску вулічнага ліхтара, угледзеў знаёмую постаць.

... Пецька Бадуноў устаўляў у кінапраектар чацьвертую частку, калі дарэшты закаханы Іван уляцеў у кінабудку.

— Як назва? — запытаўся ён задыханым голасам, і Пецька, не адрываючы вачэй ад стужкі, адказаў:

— «Анёл у цюбецейцы».

У промні праектара плыў тытунёвы туман, а на экране тузін усходніх кабет бегалі адна за адной пад музыку папулярнай песьні «Ты куда, Одиссей?»

— Таварышы! Пакіньце паліць! — крыкнула зь першых радоў Мандрычыха, і новая порцыя дыму турбулентна замітусілася ў промні.

Адчуваньне таго, што Маша недзе тут, у залі, прыемным сьвербам адбівалася пад сэрцам. Іван пачухаў грудзіну, зірнуў на Юрку, які па—ранейшаму круціў корбу, рашуча падышоў да стала. Рукі Іванавы прагнулі работы. Ён адціснуў Юрку ўбок, паклаў руку на корбу і, пераможна крэкнуўшы, з шалёным натхненьнем стаў перамотваць стужку.

З адчыненых дзьвярэй вырываўся на начны прастор голас Валерыя Абадзінскага. Песьня, якую сьпяваў Валеры, называлася «Что—то случилось». Пасярэдзіне залі кружыліся пары: бібліятэкарка Забаронька з настаўніцай Кніповіч ды дзьве малалеткі з Зарэчанскай вуліцы. Астатнія дзяўчаты сядзелі ўздоўж сьцен, зачаравана глядзелі на модныя туфлі настаўніцы і, таемна бліскаючы бялкамі вачэй, аб нечым горача шапталіся. Юрка Бадуноў быў адзіным хлопцам, які сядзеў у залі. Кружэлкі з запісамі Абадзінскага зайгралі настолькі, што сьпявак у двух месцах пачынаў заікацца, і Юрка, седзячы ля радыёлы, мусіў няўлоўным рухам перасоўваць іголку.

Хлопцы гуртаваліся на ганку. Усе яны — ад малога Толіка Манькіна да боўдзілы Ваські Бохана — зацята палілі папяросы, жартам валтузіліся і казелілі вочы на дзевак, што сядзелі з залі. Васька Бохан, двухмэтровы дурыла, які прыйшоў на танцы ў пацёхканым камбінэзоне, стаяў у дзьвярной пройме і не выпускаў дзяўчат з клюбу нават па пільнай патрэбе.

— Нінка, хто гэта табе нос падзер? — крыкнуў Васька Бохан бібліятэкарцы Забароньцы, калі Валеры Абадзінскі чарговым разам заікнуўся.

— Хто трэба, той і падзер, — азвалася бібліятэкарка і, прыкрыўшы нос рукою, пасунулася разам з настаўніцай да выхаду.

— «Ты куда—а, Алексей?» — засьпяваў Васька Бохан, блытаючы Адысея з Аляксеем, паспрабаваў ухапіць Забароньку за кофту, але тая, вырваўшыся, стукнула Бохана кулаком па хрыбціне.

Ад таго кухталя ўнутры ў Ваські штосьці бразнула, з вуснаў выпала папяросіна, і ўсе, хто стаяў на ганку, спалохана паглядзелі на небараку. Той вінавата вылаяўся, падняў з—пад ног недакурак і ў наступнае імгненьне ўжо запіхваў у залю дзьвюх малалетак з Зарэчанскай вуліцы, якія таксама хацелі выйсьці на падворак.