Выбрать главу

Седзячы на прыступках, Іван паліў папяросу, скоса зазіраў у залю і сьцішаным голасам распавядаў вясковай дзятве зьмест кінафільму «Фантамас супраць Скотлянд—ярду». Пачуўшы бразгат у боханаўскім нутры, ён перарваў аповед, паглядзеў на Бохана, і дзятва зь нецярплівасьцю тузанула яго за рукаво:

— Ну, што далей?

Іван пачухаў патыліцу, згадваючы, што там было далей, але ў гэты момант ля могілак чхнуў матацыкл і ўсе гамузам усхапіліся на ногі. Бледнае сьвятло фары кранулася навакольных дрэваў, высьветліла бібліятэкарку Забароньку, якая, здушана войкнуўшы, зьбегла з дарогі, і неўзабаве да клюбных прыступак падкацілі на прапыленым «Каўроўцы» Юрка Гуль з Лёшкам Мандрыкам.

Юрка зь Лёшкам толькі месяц таму вярнуліся з калёніі і цяпер «абмывалі» свабоду, езьдзячы штовечару ў азярышчанскі рэстаран. У адрозьненьне ад Лёшкі, які рабаваў шапікі, Юрка патрапіў за краты, пабіўшыся на танцах з двума віцебскімі студэнтамі.

Заглушыўшы «Каўровец», Юрка першым зьлез з матацыкла, зьняў з галавы танкісцкі шлем і, выхапіўшы з рота ў Толіка Манькіна папяросу і ўпіхнуўшы ў свой, накіраваўся ў клюб.

— Ну, хто тут сёньня ёсьць? — запытаўся Юрка Гуль, стукаючы кулаком па далоні, а Лёшка Мандрык, які ішоў сьледам, спатыкнуўся на прыступках і паваліўся на ганак.

Лёшку паднялі, абабілі ад пылу нагавіцы.Увайшоўшы ў залю, Лёшка з ікаўкай у голасе запытаў:

— Гэта што там за чувіха?

У залі зноў зайграла музыка. Гэтым разам Юрка Бадуноў завёў «Ладу» — улюбёную песьню Юркі Гуля. Падпяваючы сьпеваку Мулярману, Юрка немым голасам гаркнуў: — Л—лада! — і клюбныя шыбы дробна зазьвінелі ад грукату ягоных чаравікаў.

...Усе, хто стаяў на ганку, даўно ўжо былі ў клюбе, і толькі Іван дагэтуль не рашаўся ўвайсьці, а калі нарэшце ступіў на парог, да вушэй ягоных даляцеў адчайны вокліч ленінградкі:

— Адчапіцеся, вы п'яны!

Музыка абарвалася, пачуўся зычны пляскач, і Маша, зачырванелая і ўсхваляваная, зьявілася ля дзьвярэй. На міг яна спыніла свой пагляд на Іване, пагардліва хмыкнула і ўжо нясьпешным крокам пайшла да матацыкла.

Усё гэта доўжылася імгненьне, Іван не адразу і ўцяміў, што, уласна кажучы, адбылося, добрую хвіліну глядзеў усьлед дзяўчыне, аж пакуль яго не піхнулі ў сьпіну. Штуршок быў ніштаваты, але ён устаяў на нагах, затое той, хто штурхаў, чарговым разам зачапіўся за прыступкі і ляснуўся вобзем. Матацыкл чхнуў, Лёшка Мандрык гучна вылаяўся, а Іван зачаравана паглядзеў у цемру.

— Я кароль зоны... — прамармытаў Лёшка Мандрык, калі матацыкл суціх за паваротам.

«Кароль зоны» падняўся на ногі, лізнуў садраную далонь, а ўбачыўшы перад сабой былога кампаньёна, узрадавана выгукнуў:

— Ваня, кораш!

Лёшкавыя скрываўленыя пальцы ўхапіліся за штрыфель пінжака, прабегліся па Іванавай шчацэ, і Йван, піхнуўшы былога кампаньёна ў грудзіну, са злосьцю вылаяўся.

Такое абыходжаньне засмуціла Мандрыка.

— Ты што, казёл, не пазнаеш? А можа западло лічыш, га? — правая, непараненая рука кампаньёна палезла ў кішэню шырокіх штаноў, а Іван, адчуўшы, што Лёшка палез па нож, прыязным голасам вымавіў:

— Я тут віна прывёз... прынясу зараз...

Цьмянае месячнае сьвятло высьвечвала няроўны, напалову сьцёрты надпіс: «Посторонним лицам вход воспрещён!» Надпіс гэты зрабіў некалькі гадоў таму кінамэханік Лябёдка, падкрэсьліваючы тым самым, што заходзіць у кінабудку мелі права толькі абраныя асобы. Асобы тыя цэлымі днямі сядзелі ў кінабудцы, гуляючы ў карты, п'ючы гарэлку, а Юрка Гуль зь бібліятэкаркай Забаронькай там і ночы бавілі, выкарыстоўваючы пры гэтым падзерты матрац, што ляжаў у куце.

Перакінуўшы з рукі на руку сетку з «чарнілам», Іван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.

— Чувіха — я маўчу... — прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвілі чыркаючы запалкамі.

Памаўчаўшы, Лёшка з глухім прысьвістам выпусьціў дым з роту і, мацюкнуўшыся, працягваў:

— Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...

Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, і кінамэханік Лябёдка сіпла і недаверліва выдыхнуў:

— Ідзі ты!

— Бля буду... — азваўся Лёшка і зноўку чыркнуў запалкай. — Вяду, значыцца, вышэй і раптам чую — у яе панчохі на падвязках.

— Гы—гы—гы, — гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: — А яна?