Выбрать главу

— Не варушыцца! — гаркнуў апавядальнік. І Йван, усутыч наблізіўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: «Пра каго гэта ён?» Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьціўшы дым, прамовіў:

— Калі ўжо гэты фраер прыйдзе?

Кроў хваляй прыліла да твару. Іван пастаяў хвілю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прыліку, нясьмела ўвайшоў у кінабудку.

Пілі ўтрох — Іван, Лёшка і кінамэханік Лябёдка, які тым часам ужо праспаўся і прагнуў пахмяліцца. Чакалі яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў — цягаўся, відаць, недзе зь Нінкай Забаронькай.

Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкі — балазе ён ужо быў добра падпіты. Вочы Лёшкавы ашклянелі, зь ніжняй губы зьвісла празрыстая нітка сьліны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакі. Такі несамавіты Лёшкаў выгляд надаў Івану сьмеласьці, і ён, як бы між іншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Івана ашклянелыя вочы, з працяглымі паўзамі выдыхнуў:

— Ты што... мяне... за казла лічыш?

Жылаватая Лёшкава рука балюча сьціснула запясьце, і Івану не заставалася нічога іншага, як схапіцца за пляшку. Булькаценьне віна як быццам ацьвярэзіла кампаньёна. Ён утаропіўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьці, і прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.

«Кароль зоны» ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калі ў дзьверы загрукалі і знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхі:

— Лёша, ты тут?

— Ту—ут ён, — азваўся Лябёдка, дапіў «чарніла» і пад роспачны грукат і лямант знадворку пайшоў адчыняць.

— Гэта ты, паразіціна, яго напаіў? — рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Івана, зьмяніла тон і злавесна прасіпела: — Прыехаў! Ізноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?! — ускінуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагі сынавай зваліўся чаравік, а з кішэні штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, бліскучы ножык.

— З нажом ходзіць, — буркнуў Лябёдка, калі маці з сынам выкуліліся на падворак.

Гаспадар кінабудкі падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапіў згублены Лёшкам чаравік і, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.

— Лорка! Твая карова за быком пабегла! — крыкнулі на другім канцы вуліцы, і Йван абудзіўся.

Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухім плёскатам палілася вада, а маці, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравіны, голасна запытала:

— Міронаўна, ці ёсьць што ў краме?

— Крупы даюць! Па тры кілё на рукі, — адгукнулася суседка Міронаўна, і Йван салодка пацягнуўся.

Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьніліся не такія, як у інтэрнаце. Сьнілася штосьці прыемнае, да болю шчымлівае... Іван напружыў памяць, сьцяў павекі, але згадаць мінулы сон яму так і не давялося: на доле бразнула вядро і пачуўся ўсхваляваны матчын голас:

— Ванька, сьпіш?

Сплю! — адказаў Іван і незадаволена кульнуўся на бок.

— Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кілё. А я пабегла карову пераймаць.

Іван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (маці ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.

«Колькі гэта часу?» — падумаў Іван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўніку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блізіўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзіў дахаты разам з кароваю, каб выпіць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Іван зайшоў за хлеў, потым доўга і бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. «Крупы!» — згадаў ён нарэшце і, закінуўшы сумку за сьпіну, рушыў у краму.

Бычкоўская крама ламілася ад народу. Апрача круп давалі яшчэ і «Трайны» адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькі алькаш Гарашчэня, на якога глядзелі як на вар'ята, але, пачынаючы ад мінулага году, сьпіртное пад час уборкі ў краму не завозілі, і мясцовыя п'янчугі пераключыліся на адэкалён.

— Траян! Куды точысься?! — грымелі ля прылаўка жаночыя галасы. — У мяне штучны тавар! — адказваў Траян і Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу і выкуліўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьці ў кінабудку, паслухаць кружэлкі, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзіраўся гучнагаварыльнік — адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.

Па радыё перадавалі нейкую гутарку. Мужчынскія і жаночыя галасы захоплена распавядалі аб росквіце калгаснага жыцьця, і Іван міжволі прыслухаўся.