Выбрать главу

— Гарантаваная аплата ў калгасах крута зьмяніла жыцьцё сяльчан, — урачыста барытоніў мужчына.

— Сяльчане ідуць у магазіны, каб набыць тавары працяглага карыстаньня, — падтакваў мужчынскаму голасу жаночы.

— Во, курва, толькі тры штукі дала, — гукаў за Іванавай сьпінай мэханізатар Траян, які таксама выйшаў з крамы. — Скончыўся, кажа... А сама дзьве ўпакоўкі ў падсобцы хавае, — мэханізатар расьпіхаў па кішэнях «Трайны» і, зірнуўшы на Йвана, запытаўся: — Ты, Ванька, дзе зараз?

— У Баранавічах, — адказаў Іван, пазіраючы ў бок гатаўскай праселіцы.

— А—а... Баранавічы... Ведаю. У войску на губе там сядзеў, — згадаўшы пра войска, Траян неяк адразу абмяк, пасуравеў і, памацаўшы ў кішэнях справунак, пасунуўся да камбайну, што стаяў на Карпачышыным агародзе.

Цёткі адна за адной выкульваліся з крамы, ціснучы да друзлых грудзей буханкі хлеба і торбы з драблёнай груцай.

— Во як! Летась па пяць кілё давалі, а сёлета толькі тры, — уголас бедавалі жанкі. — І што ўжо будзем курам сыпаць?

Іван сядзеў на скрыні з—пад гаспадарчага мыла, слухаў жаночыя жальбы, і на вуснах ягоных ліпела гіранічная ўсьмешка. «Ну і жывуць людзі. Круп і тых няма. У Баранавічах гэтай груцы хоць заваліся, а тут...» — перапыняючы ўласныя думкі, ён падхапіўся на ногі, зрабіў пару крокаў да крамы і зьнерухомеў на месцы.

На ганку стаяла яна... На ёй былі чорныя шорты, квяцістая кашулька, і ў руцэ яна трымала торбачку з крупамі.

«Як жа я ее не прыкмеціў?» — пасьпеў падумаць Іван перад тым, як мазгі ягоныя канчаткова расплавіліся.

Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкінула з твару кудзеркі, з гульлівым дакорам прамовіла:

— Што ж вы... Я прыехала, думала з вамі пагаманіць, а вы і ў клюб не зайшлі...

«Я заходзіў», — хацеў сказаць Іван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, і замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.

— Дзіўны вы нейкі... — прамовіла ленінградка і, перакідваючы з адной рукі на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.

— Ну што ты стаіш, скажы хоць што—небудзь! — прашаптаў нутраны голас, і Іван, прытрымліваючы рукой дрыготкую сківіцу, ікліва працадзіў:

— А дзе вы... йік... навучыліся...йік... на матацыкле езьдзіць?

Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулі і яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.

— Мікола ж захварэў, дык мяне пляменьніца прывезла. Гойсае на матацыкле — аійо!

Голас брыгадзіравай жонкі, цёткі Грыпіны, прымушаў да дзеі. Іван глынуў паветра, спалохана выдыхнуў:

— Вы сёньня на танцы прыедзеце?

— На танцы? — дзяўчына прыўзьняла брыво, крутнула ключ запальваньня. — Я б прыехала, ды ў вас сябры хамаватыя... Шмат сабе дазваляюць.

— Больш не дазволяць! А дазволяць — павырубаю! — выпаліў Іван і, ратуючыся ад суворага позірку цёткі Грыпіны, кінуўся ў крамы.

Загарэлая Лёшкава рука кладзецца на дзявочае калена, паўзе ўгору, дапаўзае да чорных шортаў. Дзяўчына адбіваецца, малітоўна глядзіць на Івана. Ён ідзе да Лёшкі, хапае таго за руку, няўлоўным рухам выкручвае запясьце і, калі Лёшка падае на калені, б'е яго рабром далоні па патыліцы — дакладна так, як рабіў гэта польскі выведнік у пабачаным нядаўна кінафільме. Дзяўчына ўскрыквае, кідаецца яму на шыю, прыціскаецца гарачымі вуснамі, а ў вуха яму, разганяючы шчасьлівыя крозы, тыцкаецца сьцябло канюшыны. Іван пераварочваецца, глядзіць на дзірку ў вільчаку, і галава ягоная ізноў поўніцца невясёлымі думкамі. «Як яго вырубіш, гэтага Лёшку, калі ён на два гады старэйшы і ножык у кішэні носіць? — думаў Іван, неадрыўна пазіраючы на дзірку. — Пырне пад бок — зьбірай тады кішкі з падлогі». Іван уявіў, як ён упадзе з распоратым чэравам, і адбіткі сьвятлявай дзіркі ліхаманкава заскакалі ўваччу. Вочы памутнелі, напоўніліся сьлязамі, але празь імгненьне зноўку бліснулі, і Іван з такою рашучасьцю падхапіўся на ногі, што на момант згубіў арыенціроўку і ляснуўся галавою аб крокву. Гарышча здрыганулася, увушшу бухнулі званы, і матчын голас, які прагучаў знадворку, дарэшты патануў у замарачным звоне.

— Ванька, чуеш? Пасячы крапіву сьвіньням! — крыкнула маці, а Іван, перакрывіўшыся ад болю і памацаўшы пабітую макаўку, пачаў шнарыць па кішэнях у пошуку грошай.

Ня сёньня сказана: усё геніяльнае надзіва проста. І сапраўды, ці варта лезьці ў бойку, падбіраць вантробы з падлогі, калі можна папросту падпаіць «караля зоны» і пакласьці дзе—небудзь пад плотам. Ды і віна шмат ня трэба — ад пляшкі валіцца. Толькі ж дзе яе ўзяць, гэтую пляшку? У Бычках ні віна, ні гарэлкі ўжо другі месяц ня бачылі. Адно каньяк «КВ» прадаюць. Пятнаццаць рублёў бутэлька. Летась Гарашчэня браў пляшку, ад пахмельля ратуючыся, дык казаў — піць няможна, поскудзь такая і сьмярдзіць клапамі. Адзінае, дзе можна было разжыцца пляшкай, гэта ў магазыншчыцы. У Пракопаўны — а жыла яна ў Гатаве — у хаце заўсёды віно было. І Іван, пастукаўшы секачом у карыце, падаўся са двара.