Крама напоўнілася бунтарнымі воклікамі, а дзядок у вушанцы, які дагэтуль цэлую хвіліну тросься ад жаху, нечакана падскочыў і, схапіўшы шыракаплечага вэтэрана за кляпу палітону, віскліва загарлаў:
— Раскажы лепей, як ты ў майго Мішу страляў, гадзіна!
І цяпер ужо дзядок трос шыракаплечага вэтэрана, а той адбіваўся і хрыпла мармытаў:
— Адчапіся, халера!
Лёгкі халадок нарадзіўся ў грудзіне і паволі падпоўз да сэрца. «Страляў у Мішу... А Міша хто? Брат? А можа баявы сябар? Ахвяра і злачынца – у адной чарзе! Можа атрымацца цікавы матэрыял!» — падумаў Сьцяпан і, выходзячы з крамы, азірнуўся і пашукаў вачыма аблезлую вушанку.
Цягам двух гадзінаў ён запісаў на плёнку тузін інтэрвію, перачытаў аб’явы, якімі былі абклееныя стаўбуры навакольных дрэваў, выпаліў, седзячы ў машыне, пяць цыгарэт, а ўбачыўшы дзеда, пасьпешна апусьціў шкло:
— Гэй, дзеду, сядай, дадому падкіну!
Дзядок шморгнуў носам, падышоў на нягнуткіх нагах да машыны, і ніжняя, устаўная сківіца ў ягоным роце дробна застукала па верхніх зубах.
— Сядай, падвязу, — паўтарыў карэспандэнт, і дзед з вохканьнем залез на задняе сядзеньне.
— Што ж ты, стары... апошнія дні даціраеш, а ўсё калоцісься? — Сьцяпан насунуў на голаў шапку, з усьмешкаю на вуснах завёў легкавік.
— Даціраю... – прашаптаў дзядок. – Але ўсё адно жыць хочацца.
— Жыць хочацца... — мусіў пагадзіцца Сьцяпан і голасам сталічнага таксіста запытаў: — Куды везьці?
— Вуліца генэрала Мандрыкіна, сто пяцьдзесят, — быў адказ.
І Сьцяпан, прашаптаўшы з уздыхам: «У Мандрыкаўку...» – выруліў на дарогу.
Ехаць трэба было на другі канец горада, у раён мясакамбінату. Часу бракавала, бэнзыну ў баку амаль не было, але рукі надзейна сьціскалі руль, а вочы з упэўненасьцю глядзелі на дарогу. Надта ж цікавы матэрыял вымалёўваўся – злачынца і ахвяра... ціскаюцца па крупы... Ды і на мясакамбінат зазірнуць трэба: пра «несуноў» інтэрвію згламэздаць ды пры выпадку кавалкам якой кілбасы разжыцца.
«Масквіч» едзе па вуліцы Валадарскага, зварочвае на Ўрыцкага, мінае будынак КГБ, і дзядок, адарваўшы нос ад шыбы, з палёгкаю аддзімаецца.
— Што, дзеду, супакоіўся? — рагатнуў Сьцяпан, злавіўшы ў люстэрку пажвавелы дзедавы твар. – А то і сківіцы трэсьліся. Маеш, відаць, грахі перад савецкай уладай?
— Э—эх, добры чалавек! Торбы не цурайся, ад турмы не заракайся. Сядзяць у ёй і грэшныя, і праведныя.
— Яно так, — кіўнуў, пасьля хвілі роздуму, карэспандэнт і, кашлянуўшы, трагічным барытонам запытаў: — Як там... Міша... жывым застаўся?
— Жывы. Толькі вуха прастрэленае.
Далей ехалі моўчкі. Сьцяпан глядзеў на дарогу, зьбіраўся з думкамі, а калі, нарэшце, сабраўся і хацеў спытаць — у які годзе гэта ўсё надарылася? — дзядок яго апярэдзіў і з разважнасьцю ў голасе прамармытаў:
— А калі ж гэта ён стрэліў?.. Ці то мінулым панядзелкам, ці то аўторкам?
— А хто ён такі, гэты Міша? — рыкнуў карэспандэнт рэспубліканскагга радыё, крутнуўшы галавою.
— Як хто... сабака мой... на двары жыве.
Ад сутыкненьня з бэнзавозкай, якая ехала насустрач, радыёкамітэцкі «Масквіч» уратавала няйначай як Божая сіла. Сьцяпан ашалела крутнуў руль, войкнуў, а выехаўшы на сваю паласу, скрозь зубы працадзіў:
— Набіўся ты мне на галаву...
Болей, аж да самай Мандрыкаўкі, ён не прамовіў ні слова.
Бэнзын скончыўся ў самы нязручны момант – на павароце, і Сьцяпан нават не пасьпеў выехаць на ўзбочыну. Разам зь дзедам, упіраючыся плечукамі ў багажнік, яны выпіхнулі радыёкамітэцкую ламачыну на край дарогі, і Сьцяпан, абабіўшы далоні, агледзеў навакольле.
Да мясакамбінату, калі ісьці напрасткі, агародамі, было як рукой дастаць. Карэспандэнт прыслухаўся да немага каровінага рыканьня, перакрывіўся ад смуроду, якім было прасякнута паветра, і палез у кішэню па ключы ад багажніка.
— Можа, да мяне б зайшлі... паабедалі? — нясьмела прамовіў дзядок, камечачы ў руках папяровы мяшэчак з крупамі. — Вунь мой дом, за павароткай.
— Другім разам, дзеду, — буркнуў Сьцяпан, адчыняючы багажнік, а адчыніўшы, раскаціста прысьвіснуў. Вядро, якое заўсёды ляжала ў багажніку, некуды зьнікла, машын на дарозе не было відаць, а гадзіньнік між тым паказваў палову пятае.
«Праз паўгадзіны нікога ня знойдзеш», — падумаў Сьцяпан і ляснуў вечкам багажніка. Павагаўшыся хвіліну, ён ускінуў на плячук рэпартэрскую сумку, запытальна кіўнуў у бок мясакамбіната.
— Як я, агародамі прайду?
— А як жа! На маім агародзе сьцежка ёсьць. Адразу да прахадной і выйдзеце, — растлумачыў дзядок і, павярнуўшыся, затупаў ускрайкам дарогі.