— Бабы, што скажу!
Лямантавала Карпачыха. Іван скінуў з галавы падушку, прыслухаўся.
— Ляжыць у амбуляторыі... і морда ў крыві, — гукала з суседняга агароду Карпачыха. — Карпачыха бегла па гародзе і пад нагамі ейнымі спалохана шамацела капуснае лісьце.
— Уся морда? — перапытала Міронаўна, а маці, пляснуўшы ў далоні, улякнута выдыхнула:
— У каго?
— У Гарашчэні! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: «Чаму Лёшку Мандрыку віно прадаяце, а мне не?» — і Пракопаўну за руку схапіў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб і расьсекла.
Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, і цяпер ужо Міронаўна дала волю сваім лёгкім:
— Ці чула ты? Гарашчэню забілі—і! — крыкнула Міронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзісе, і на доле зноў зашамацела капуснае лісьце.
... Сонца адбірала вочы. Іван прымружыўся, паглядзеў з—пад рукі ў бок Авадзішанага агароду, на якім тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, і, прыпаліўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбінаў.
На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахаваліся, і толькі певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазіраючы на Івана круглявым вокам.
«Вунь і певень глядзіць, — падумаў Іван, зацягваючыся пяршывай папяросай. — Відаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?» — І, ня ведаючы, чым заняць сьвярблівыя рукі, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.
Певень падскочыў, залапатаў крыламі, выставіў наперад грудзіну і празь імгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславіў сябе на ўчарашніх танцах.
Пасьля абеду маці папрасіла схадзіць па хлеб. Ісьці, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробіш... Давялося ўсё ж узяць сетку і рушыць у краму.
Ля крамы гаманіў натоўп. Вясковыя цёткі, павесіўшы на рулі сваіх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалі падзеі сёньняшняга ранку, пад час якіх магазыншчыца Пракопаўна разьбіла пысу вартаўніку Гарашчэню.
Іван азірнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступіў на сельмагаўскі ганак і пачуў, як недзе непадалёку сіплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.
Лёшка стаяў сьпінаю да Івана, праваруч ад уваходу, і, махаючы рукамі, распавядаў Міронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.
— Гарашчэня да Пракопаўны падышоў і кажа: «У цябе ў прысенку «вэрмут» схаваны. Дзьве скрыні. Не прадаш — ноччу сам вазьму», — і заграбкі Пракопаўну хапануў. — Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу «заграбкі», Лёшка схапіў Міронаўну за рукаў, Міронаўна адкаснулася, плюнула, а Іван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.
Крама ў Бычках — самае люднае месца. Калі не прыйдзеш — увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткі сюды ня столькі па справункі прыходзілі, колькі дзеля таго, каб апранахі перамацаць, якія на паліцах віселі. Прыйдзе якая, грудзямі на прылавак наваліцца і давай носам па баках вадзіць:
— А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... — І Пракопаўна давала, хаця і ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вісіць.
Лаючы ў душы цётак і штохвілі ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку — крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, — Іван болей як гадзіну прастаяў у чарзе, а калі, нарэшце, узваліў на карак сетку зь цёплымі буханкамі і выйшаў з крамы, дарогу яму заступіў Лёшка Мандрык.
— Ваня! Куды хіляем? — рыкнуў Лёшка голасам чалавека, які прагнуў пахмяліцца.
Лёшка зазірнуў Івану за сьпіну, адламаў ад буханкі храбусткі акраец. «Кароль зоны» з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Іван, апусьціўшы вочы, падумаў: «І як ад яго адчапіцца?» І не пасьпеў Іван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз і з кабінкі вытыркнулася галава Юркі Гуля.
— Лёха, давай сюды!
— Навошта? — азваўся «кароль», глынуўшы недажаваную скарынку.
— У Азярышча едзем, па піва! — Юрка выцягнуў з—пад сядзеньня поліэтыленавую каністру, а Лёха, адламаўшы ад бохана ладны кавалак, пабег да машыны.
Маці дома не было: на дзьвярах вісеў замок, а за дзьвярною клямкаю тырчэла раённая газэта «Зара камунізму» і аркушык паперы. «Схадзі па камбікорм», — прачытаў Іван на паперцы і пачухаў патыліцу.
Па камбікорм трэба было ісьці да цёткі Авадзіхі. Зяць цётчын рабіў на млынкамбінаце галоўным бухгальтарам. Ну і, вядома, тое—сёе сьпісваў на цешчу. Авадзіха ў горад ледзь не штодня наведвалася — туды бітоны з «дамагай» везла, а назад мяхі з камбікормам перла. «Дамагу» цётка зь яблычнага соку вырабляла — хмельнае віно атрымлівалася. Мінулай восені Іван сьцягнуў у сваячкі тры літры — трэба было Ваську Бохана падпаіць, каб не чапляўся. Авадзіха пасьля той прапажы доўга супакоіцца не магла, нават брата свайго, міліцыянта Міхнова, выклікала. Міхноў тры дні з рулеткай важдаўся, мераў штосьці каля пограбу; выпіў болей, чым укралі, а злодзея так і не знайшоў.