Выбрать главу

— Люся, ты жывая?

— Жывая, толькі нагу парэпала.

Зашамацела лісьце, трэснула галіна, і Люська Халімонава спачатку аддзьмулася, а потым натужліва крэкнула. Мяркуючы па ўсім, дзяўчыны выкочвалі матацыкл на дарогу.

— Хто гэта быў? — запыталася Маша, на хаду абабіваючы спадніцу.

— Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.

Матацыкл чхнуў... раз... другі, потым завёўся, і сярод перарывістага матацыклетнага рокату Іван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:

— Ідыёт. Ледзь пад колы не патрапіў.

Дахаты ён цягнуўся, не разьбіраючы дарогі, і вочы ягоныя засьцілі сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халімонаву, на сябе самога віхлястымі раўчукамі зьбягалі па твары, бліскучымі пацеркамі дрыжэлі на падбародзьдзі; і жоўты маладзік калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акіяну, і Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялізнай пачварай, якая выплыла на імгненьне з акіянскіх глыбіняў.

Ідучы паўз камбайн, Іван выцер рукавом вочы, усхліпнуў на астачу, і ўсхліп гэты супаў з глухім бразганьнем пад нагамі. Траян вось ужо другі дзень рамантаваў зламанае матавіла, і навакольле было закіданае рознымі жалязякамі. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод іржышча тырчэла, цьмяна бліскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манціроўка. Іван зладзеявата шморгнуў носам, пужліва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнуліся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, і падуладныя ёй дрыготкія рукі спачатку прылашчылі валасы, а потым падхапілі пакарабачаную манціроўку.

Бычкоўскую краму — струхлелую, перабудаваную некалі з кулацкай хаты будыніну, — рабавалі ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкні пальцам у той жа дах — і праб'еш навылёт: дранка на даху зусім збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Ваські Бохана, менавіта праз дах і ўлез. Сто рублёў тады ўзяў і дзесяць пляшак мятнага лікёру. Тры дні піў, у лазьні схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкі здаваць — тут яго і злапалі. На судзе прасіўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалі, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьціны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзіны, хто грошы ўзяў. Усе астатнія рабаўнікі — тыя як людзі... Скрыню віна якога выносілі ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалі, а раніцай, працьверазеўшы, грошы прыносілі. Вунь электралінейшчыкі, дык тых і ў турму грэх было садзіць. Жылі, небаракі, у кузьні — у хату ніхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалілі па неасьцярожнасьці. Вось і давялося электралінейшчыкам у сярэдзіне лістападу ў кузьні жыць, зубамі ад холаду ляскаць. А на кастрычніцкія сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлі. Усю ноч гарэлкаю грэліся ды на гармоніку гралі, а раніцай да Пракопаўны прыйшлі... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далі і крамныя дзьверы бляхаю абабілі. Але ўсё адно брыгадзір іхны на «хімію» паехаў — як высьветліліся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. І вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабіў і Іванавы час лезьці ў краму.

«Чарніла», па словах вартаўніка бычкоўскай крамы Гарашчэні, стаяла ў прыбудове. «Вазьму пару пляшак, пакладу дзе—небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньні міліцыя абудзіць...» — з гэтымі думкамі Іван і падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты ліпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьці ў прысенку і гэта сьведчыла за тое, што вартаўнік мог зьявіцца на аб'екце ў любую хвіліну.

Дзіўна, але ён зусім не хваляваўся, і толькі даткнуўшыся плечуком да плоту, адчуў, як да холаду манціроўкі, якую хаваў у рукаве, дадаўся непрыемна—казытлівы халадок у пахвіне.

... Плот быў гэткі ж, як сама крама: дошкі шмат дзе падгнілі, трымаліся на адным цьвіку, і Йван, адсунуўшы адну зь іх, спрытна ўлез у дзірку. Трэснула пад нагою кара, прашапацела над галавою начніца, і халадок, які нарадзіўся ў пахвіне, вомігаў разьліўся па ўсім целе. Тут, у закутку, які ўтваралі збуцьвелы плот і крамная сьцяна, захоўвалі некалі лазовую кару. Яшчэ і Іван памятаў, як маці разам зь іншымі жанчынамі хадзіла ў зарэчныя кусты, дзерла там лазовую кару і потым, высушыўшы на сонцы, несла здаваць у краму. Лазу ўжо даўно ніхто ня дзер, а вось плот ды прысьценак, дзе яе захоўвалі, засталіся і паволі буцьвелі на дажджы і сонцы.

Намацаўшы дрыготкімі пальцамі прабой на дзьвярах прыбудовы, Іван выцягнуў з рукава манціроўку і прыслухаўся. Яму падалося раптам, што дзесьці зусім побач трэснула кара і нехта здушана кашлянуў. Анямелымі рукамі ён упіхнуў манціроўку ў прабой, пацягнуў мэталёвае дзяржальна, і амбарны замок з грукатам зваліўся пад ногі. Ён ступіў у прысьценак, памацаў нагою ў цемры, наткнуўшыся спачатку на пустое вядро, потым на нейкае жалезьзе, і нарэшце да вуха ягонага даляцеў такі лагодны і такі жаданы бразгат напоўненых бутэлек. Сунімаючы дрыготку, Іван разапхаў бутэлькі па кішэнях, піхнуў адну бутэльку за пояс штаноў і, наступіўшы ў поцемках на вядро, пакінуў месца злачынства. Прабіраючыся ўздоўж сьцяны, ён паспрабаваў разгледзець этыкетку на бутэльцы, а прачытаўшы дзіўнае слова «ацэтон», спалохана войкнуў. Нейкая шалёная сіла вывернула руку, прыціснула да зямлі; зямля кульнулася дагары нагамі, і разам са звонам разьбітай бутэлькі пачуў Іван злавесны голас: