Яму згадаўся прачытаны некалі аповед. Герой твору плыў па шырокай сібірскай рацэ і гэтак жа, як і ён, Сьцяпан, апантана глядзеў на агні. Чый гэта быў аповед? Буніна? А можа, Чэхава? Узьбіўшыся на нешта цьвёрдае, ён скочыў на купіну леташняй травы, потым на нейкі грудок і нечакана для сябе праваліўся па самыя грудзі ў мокры, крупчасты сьнег. «Караленка!» – згадаў ён прозьвішча пісьменьніка і, праклінаючы дзедаву гарэлку, папластаваў па сьнезе, цягнучы за сабою цяжкую рэпартэрскую сумку.
Да тралейбуснага прыпынку Сьцяпан дабраўся праз паўгадзіны. Змучаны і мокры, ён улез у тралейбус, выбіў сьнег з ботаў, пашкамутаў канцы калашын, зьбіваючы зь іх ледзяную скарынку, і нейкі пасажыр, зь якім яны разам лезьлі ў салён і якога ён бязьлітасна піхаў азадкам, незадаволена выдыхнуў:
— Ну чё ты?!
Пасажыр, мяркуючы па гаворцы, паходзіў з паўночнай Расеі.
— Панаехала тут... розных, — буркнуў Сьцяпан, выпрастаў сьпіну і, сабраўшыся чхнуць, сьлёзна паглядзеў угору. Пахі «Агдаму» і вэнджанай кілбасы казыталі ў носе, ён прыглушана чхнуў, выцер нос рукавом. «Агдамам» несла аднекуль з—за сьпіны, а вось вэнджанай кілбасой... Сьцяпан прынюхаўся, з шумам увабраў паветра і, не стрымаўшыся, зноўку чхнуў, гэтым разам звонка і галасісіта. Кілбасою пахла куртка «чокалы».
— Ну, чё ты?! — ужо з пагрозаю выдыхнуў расеец, згледзеўшы на рукаве сваёй курткі празрыстыя смаркачы. — Выцірай, паскуда!
— Карцела сказаць «чокалу» пару ласкавых словаў, але сытуацыя прымушала змаўчаць, і Сьцяпан, перакрывіўшыся, выцягнуў насоўку.
— Аўтабаза. Ёсьць на выхад? — праскрыгатала з дынамікаў. Пасажыры заварушыліся, і нейкая дзябёлая кабета, наваліўшыся на Сьцяпанаву сьпіну, крыкнула:
— Ёсьць!
Ён паспрабаваў быў выцерці сам, але «чокала» вырваў з рук насоўку, рашуча пацёр рукаво. Тралейбус гайданула, цётка адхінулася ад ягонай сьпіны і спалохана ўсклікнула:
— Ай!
Сьцяпан нахіліўся, выглядаючы — што так уразіла жанчыну, — і ўбачыў, як між ног у суседа матлялася, выбіўшыся з—пад курткі, тоўстая сардэлька. Тралейбусныя дзьверы разнасьцежыліся, дзябёлая цётка рванулася да выхаду і, зьбіўшы зь нечай галавы капялюш і задзершы сумкаю нечае паліто, выкулілася з тралейбуса. Ля ўваходу загаманілі, замацюкаліся, а «чокала», прыхаваўшы сардэльку пад куртку, склаў рукі на жываце, як гэта робяць каталіцкія сьвятары, і адсунуўся ад Сьцяпана.
Тралейбус з натужлівым гудам праехаўся па вуліцы Валадарскага, збочыў на Ўрыцкага і, пераехаўшы мост, грукнуў усім сваім жалезным начыньнем. Пасажыры заварушыліся, праклінаючы выбоіны, і з канца ў канец салёну пракаціўся запытальны вокліч:
— Выходзіце?
На прыпынку каля ГУМа звычайна выходзіла шмат народу – «чокала» таксама закруціў галавою, і Сьцяпан, заўважыўшы гэта, павярнуўся тварам да дзьвярэй.
З тралейбуса вылазілі гамузам, піхаючы адно аднаго ў сьпіны. Ля дзьвярэй ён затрымаўся, прапускаючы жанчыну зь дзіцём, а калі ступіў на зямлю і агледзеўся, «чокала» ўжо бег па пераходу на другі бок вуліцы.
Прабегчыся трухам было зусім ня шкодна, а ў мокрых штанах і пагатоў. Ён у два скокі перасек вуліцу, пабег, натыкаючыся на мінакоў, па ходніку і дагнаў «чокалу» каля самага ГУМу.
— Эй, таварыш, можна вас на хвілінку? — крыкнуў Сьцяпан, і той, да каго ён зьвяртаўся, спалохана азірнуўся.
— Ну чё тебе?
— Пару словаў дзеля рэспубліканскага радыё, — голас Сьцяпанаў зьлёгку дрыжэў ад холаду.
— Дзеля радыё, кажаш? — «чокала» прымружыў вока, мелькам зірнуў навокал, а ўбачыўшы ля ГУМу міліцыянта з гумовым дручком, тузануў галавой.
— Скажыце, ці здараюцца на вашым прадпрыемстве факты крадзяжу гатовай прадукцыі? — задаўшы гэтае пытаньне, Сьцяпан хітравата пасьміхнуўся, падсунуў суразмоўніку мікрафон, і той, ні хвілі не раздумваючы, выдаў:
— На вялікі жаль, факты такія яшчэ маюць месца.
— Ну а канкрэтна вы маглі б што—небудзь сказаць?
Суразмоўнік пасуравеў, зьвёў да пераносься густыя «брэжнеўскія» бровы.
— У цэлым калектыў у нас здаровы, — прамовіў суразмоўнік пасьля лёгкай замінкі, — дзённы плян выконваем у сярэдзіне на сто і дзьве дзясятых адсотка. Але ж нездарма кажуць: адзін паганы бычок увесь статак псуе. Вось так і ў нас: не перавяліся яшчэ людзі, гатовыя з—за кавалка кілбасы запляміць свой рабочы гонар. Цягнуць яны па сваіх злачынных сьцяжынах нашае з вамі дабро. Але адміністрацыя і камісія рабочага кантролю, якую я ўзначальваю, паставілі на шляху гэтых, з дазволу сказаць, работнікаў надзейны заслон...