Выбрать главу

... Народу на прыпынку паменела. Дзядзькі, што грызьлі семкі і лаялі Саладуху, некуды зьніклі – пайшлі, відаць, пехатою. Замест іх за Люсьчынай сьпінай мітусяцца хлопцы ў чыгуначнай форме; скачуць на адной назе, штурхаюць адно другога ў плячук і з рогатам бягуць за фуражкамі, калі тыя валяцца з галоў ды коцяцца па ходніку.

Люська зусім скарчанела, нават нос сьсінеў ад холаду.

— Пагрэйся, — выдыхае Маша, і Люсьчыны рукі абхопліваюць гарачы чайнік.

Напорлівы струмень з цурчэньнем ліецца долу. Укленчыўшы на абедзьве нагі, Маша паглядае з—пад ілба на лямцовыя буркі, на бліскучыя жаночыя боты, на зьбітыя мужчынскія чаравікі, якія шчыльным кальцом атачаюць яе з усіх бакоў.

— Што яны там робяць? — пытаецца дзядзька ў лямцовых бурках, і звонкі жаночы голас паведамляе:

— Ня бачыце — дзеўкі грошы знайшлі. Згубіў нейкі п’янюга.

— Зусім ужо звар’яцела. У кожным нармальным чалавеку п’янюгу бачыш, — адзываецца сіплы мужчынскі голас, і кабета, счакаўшы хвілю, злавесна сыкае: — Маўчы, алкаш няшчасны!

Вада ліецца на лёд, пальцы сьлізгаюць па гладкай паверхні і неўзабаве натыкаюцца на ражок змакрэлай дзясяткі.

— Мандарынаў купяць, — гукае хтосьці з каўкаскім акцэнтам, а ўладальнік лямцовых буркаў тупае на лёдзе і незадаволена крахтае:

— Ніякіх мандарынаў! Знайшлі на вуліцы – трэба здаць у Фонд міру.

Дзесьці за пераездам натужліва завывае аўтобус, і шчыльнае кола з чувякоў, чаравікоў і аблямаваных скуранымі паскамі буркаў рассыпаецца.

— Едзь! — крычыць Маша сястры, — я пазьней прыеду, — і плюхае на лёд рэшткі гарачай вады.

Дома Маша высушыла на прасе мокры чырвонец, потым пабегла да тэлефоннай будкі – дзеду зрабілася блага і цётка Тацяна загадала выклікаць «хуткую», — і ў школу пасьпела толькі на трэці ўрок.

Зазірнуўшы па дарозе ў І «В», дзе вучыцца Люська, дзяўчына ўзьбягае на свой паверх і супыняецца перад прачыненымі дзьвярыма. У клясе стаіць гамана. Надзея Іванаўна – немаладая ўжо, глухаватая на адно вуха настаўніца, гугнявіць штосьці, павярнуўшыся да мапы, і Маша, незаўважаная нікім, апроч сяброўкі Леры, прасьлізвае ў клясу й займае сваё месца за першай партай. Лера тыцкае яе локцем, маўляў – распавядай, дзе была, але Маша адмахваецца і зморана выпроствае ногі.

Нудны голас Надзеі Іванаўны абрываецца, настаўніца акідвае вучняў суворым позіркам, патрабуючы цішыні, але гамана не сьціхае, і Надзея Іванаўна, пачухаўшы пальцам пераносьсе, працягвае:

— ... Але па—сапраўднаму вывучаць нетры пачалі толькі пры Савецкай уладзе...

— Дзе ты была? — шапоча Лера і, не дачакаўшыся адказу, пакрыўджана адварочваецца.

Хвіліну сяброўка сядзіць нерухома, потым дастае з партфэля сшытак бяз вокладкі, адгортвае старонкі, занурваецца ў чытаньне. Сшытак той вядомы ўсёй клясе: Лерка запісвае ў яго розныя «любошчы», — і Лёшка Тозік, які сядзіць за Лерчынай сьпінай, вось ужо другі тыдзень спрабуе тым сшыткам завалодаць. Лёшка і зараз цягне голаў, і Лера, убачыўшы гэта, б’е Тозіка сшыткам па галаве.

— Суседу «хуткую» выклікала, — шапоча Маша, — таму і спазьнілася.

— Каму? Таму дзеду? — перапытвае сяброўка і, азірнуўшыся, стоена дадае: — Такую рэч перапісала!

— Дасталі сшыткі! Усе дасталі сшыткі! — гукае настаўніца, але ніхто нічога не дастае, і толькі Лерка, яшчэ раз азірнуўшыся, кладзе перад сабою «любоўны» сшытак.

— Хочаш пачытаць? — пытаецца Лерка, і геаграфічка, падвысіўшы голас, гукае:

— Алехнік! Колькі можна балбатаць?!

Лерка аціхае, утульвае голаў у плечы, уважліва глядзіць на настаўніцу і тая, узяўшы са стала ўказку, ідзе да мапы.

— Запішыце асноўныя каменнавугальныя басэйны, — указка сьлізгае па мапе і спыняецца на Далёкім Усходзе. Маша мружыць вочы, разглядаючы чорны квадрацік у раёне Ўладзівастока, і адно пытаньне не дае спакою: ці варта казаць Лерцы пра знойдзеныя грошы? Маша падсоўвае да сябе «любоўны» сшытак, скоса глядзіць на завушніцы, якія цьмяным золатам бліскаюць у Лерчыных вушах, і ўздыхае. «Што ёй дзясятка... У яе гэтых дзясятак у кожнай кішэні панапіхана», — думае Маша і ўнурвае позірк ў сшытак. На старонцы, упрыгожанай партрэтам нейкага замежнага сьпевака і малюнкам прыгажуні ў сінім купальніку, няроўнымі літарамі напісана: «Каханьне дзесяціклясьніка і сяміклясьніцы».

«Куплю, відаць, торт. Люська даўно прасіла», — мітусяцца ў галаве бязладныя думкі, І Маша, чытаючы аповед, аніяк ня можа дапяць да ягонага сэнсу.

... Нейкі дзесяціклясьнік... убачыў на пляжы сяміклясьніцу, якая выкручвала ў кустах мокры купальнік...